І ўсё ж трэба зь нечага пачынаць: як для кожнага пісьменьніка важнае яго першае выданьне, так і для ўсёй нацыянальнай літаратуры важныя яе дэбюты. Цікава назіраць за тэндэнцыямі, якія ўласна гэтымі дэбютамі і задаюцца, і прагназаваць, якой будзе беларуская літаратура празь дзесяць, дваццаць, трыццаць гадоў. Ганна Янкута — пра літаратурныя дэбюты 2012 году.
Калі ў мінулыя гады самымі цікавымі дэбютамі былі паэтычныя зборнікі (А. Ф. Брыль, В. Рыжкоў, І. Кулікоў), то ў гэтым годзе перавага відавочна на баку прозы. Гэтую думку пацьвярджае сэрыя Саюзу беларускіх пісьменьнікаў «Пункт адліку», дзе на сёньняшні момант на чатыры кнігі празаічныя прыйшлася толькі адна паэтычная («Объяснительная» Кацярыны Зыкавай). Калі прыгледзецца да дэбютных кніг яшчэ бліжэй, бачна, што ўсе яны — зборнікі кароткай прозы, незалежна ад таго, якой моваю напісаныя, беларускай (як у Анкі Ўпалы, Насты Манцэвіч ці Андрэя Пакроўскага) ці расейскай (як у Кірыла Дубоўскага). І хаця год яшчэ ня скончыўся і балянс можа трохі памяняцца, ужо цяпер няма сумневу, што 2012 год — гэта год дэбютаў малой прозы.
«Дрэва Энталіпт» Анкі Ўпалы — зборнік у ва ўсіх сэнсах. Тут ёсьць і казка пра Балахона Балахонавіча, і драматычны трылер «Курукіца» (а хіба курукіца — гэта ня Хармс, можа падумаць не зусім уважлівы чытач і з прыемнасьцю для сябе зрабіць выснову, што не, усё ж такі ня Хармс, а Анка Ўпала), і альтэрнатыўныя показкі з жыцьця ўклясыкаў, якія раскрываюць таямніцу назвы Караткевічавага рамана «Каласы пад сярпом тваім» і ўсе тонкасьці стасункаў паміж мэтрамі беларускай літаратуры, і амаль клясычны ў сваёй сутнасьці абсурд. Усе гэтыя экзатычныя рэчы аб’яднаныя адчуваньнем немагчымасьці даць адназначную інтэрпрэтацыю любой зьяве, адчуваньнем хаатычнасьці сьвету, якое выяўляецца як на ўзроўні сюжэту, так і на ўзроўні самой мовы, а таму ў творах Анкі Ўпалы можна сустрэць і Ылка, і шашу Пінкс-Менкс-Смаленкс. І трасянка, якой напісаныя вершы аўтаркі, што таксама ўвайшлі ў зборнік, — гэта яшчэ адна праява такой хаатычнасьці, якая ставіць пад сумнеў магчымасьць адзінага вытлумачэньня і навязваньня адзінага дыскурсу.
Цень Хармса (а часам нават і ня толькі цень) зьяўляецца яшчэ ў адным выданьні гэтага году — у кнізе Андрэя Пакроўскага «Як я перастаў верыць у Дзеда Мароза». І гэта не адзінае, што яднае дзьве гэтыя кнігі. Абсурд, які ў Анкі Ўпалы праяўляецца перадусім на ўзроўні мовы, а ў Пакроўскага — на ўзроўні сюжэту і вобразаў, дае падставу гаварыць пра яшчэ адну тэндэнцыю, што час ад часу нагадвае пра сябе і ў зборніках расейскамоўных Кірыла Дубоўскага («Хороший роман», 2012), і Паўла Анціпава («Дипломная работа», 2011), у якіх, здавалася б на першы погляд, справа вядзецца зусім пра іншае. Зрэшты, сёньня мова ў літаратуры — ня тое, што ўчора, з мовай літаратары абыходзяцца надзвычай вольна, прыстасоўваючы яе для сваіх патрэбаў: так, героі апавяданьня Андрэя Пакроўскага «Значак» размаўляюць па-расейску, калі іх ніхто ня чуе, а Кірыл Дубоўскі, асэнсоўваючы ўплыў на сваю творчасьць беларускай мовы, раптам піша на ёй апавяданьне, якое і называецца «Беларуская мова». Цікава, ці паўплываў на абсурдызацыю мастацкага сьвету сёньняшняй літаратуры той абсурд, які дзеецца навокал (які, зрэшты, абсурдам заўсёды быў і застанецца) — і адказ на гэтае пытаньне можна пашукаць у кнізе «Як я перастаў верыць у Дзеда Мароза» сярод апавяданьняў пра птушыны грып, кантралёраў і Дзень перамогі. Усе мы можам аднойчы выйсьці з дому без галавы, а значыць, газэты пішуць чыстую праўду і мастацкія ўмоўнасьці Андрэя Пакроўскага — гэта трошкі больш, чым проста навакольны сьвет, трансфармаваны, амаль паводле Бэнэдыкта Ліўшыца, абэрацыяй другой ступені.
Прайшоўшыся па намінацыі «Проза», пераходзім да намінацыі «Паэзія», і тут выяўляецца, што прапанаваць на гэтую намінацыю штосьці канкрэтнае цяжка — калі, безумоўна, да канца году ня выйдзе што-небудзь яшчэ. Згаданая вышэй «Объяснительная» Кацярыны Зыкавай напісаная па-расейску, а таму прэтэндаваць на прэмію «Дэбют» для беларускамоўных кніг ня можа. Што да зборніка Насты Манцэвіч «Птушкі», то тут сытуацыя яшчэ больш складаная: кніга зьмяшчае як паэзію, так і прозу (дарэчы, зноў жа кароткую), прычым паэзія гэтая месцамі нагадвае прозу, а проза — паэзію. Кніга «Птушкі» такім чынам робіцца жывым сьведчаньнем таго, наколькі ўмоўная мяжа паміж родамі літаратуры. І ўсё ж, выбіраючы ў дадзеным выпадку паміж дзьвюма намінацыямі, перавагу я б аддала паэзіі. Кароткая проза Насты Манцэвіч — гэта, у адрозьненьне ад іншых дэбютантаў гэтага году, заяўка на прозу «доўгую», гісторыі яе герояў нагадваюць сюжэтныя лініі асобнага рамана, які аднойчы можа зьявіцца ў нейкім з паралельных сусьветаў, у садзе, дзе разгаліноўваюцца сьцяжынкі. У гэтым рамане пэрсанажы будуць шукаць сваё «я» ў каханьні, у дзіўных паранаідальных падарожжах, ды і проста ў сабе саміх. І пакуль мы марым пра гэты раман, нам застаецца чытаць паэзію Насты Манцэвіч, у якой усё таксама трызьніць гэтай доўгай і пакутлівай прозай.
У намінацыі «Пераклад» сёлета назіраецца тая самая сытуацыя, што і ў дзьвюх папярэдніх намінацыях: перакладной прозы выйшла непараўнальна больш, чым паэзіі. Калі ж гаварыць пра дэбюты перакладчыкаў, то яны і ўвогуле прадстаўленыя адной прозай. Самым перакладаным аўтарам году выявіўся ўкраінец Сяргей Жадан: па-беларуску выйшлі яго раманы «Anarchy in the UKR» (пераклаў Алег Жлутка) і «Дэпеш мод» (пераклала Тацьцяна Ўрублеўская). Самай жа перакладанай літаратурай ужо ня ў першы раз сталася польская, але сярод яе перакладчыкаў дэбютантаў няма. Таму спынімся падрабязьней на Жадане: абое яго перакладчыкі выдалі свае першыя працы, з той толькі розьніцай, што раман «Anarchy in the UKR» зьявіўся ў папяровым, а раман «Дэпеш мод» — у электронным выглядзе.
Цяжка сказаць, з чаго варта пачаць, гаворачы пра беларускае выданьне «Anarchy in the UKR» — з самога рамана ці зь яго перакладу. Мабыць, усё ж з рамана, бо перакладчык у ім амаль не заўважны (калі не лічыць асобных момантаў, напрыклад, упартага ўжываньня слова «уладкоўвалі» у канструкцыях тыпу «гэтая сытуацыя нас не ўладкоўвала»), а значыць, пераклад атрымаўся. Перакладчыку верыш, верыш у вобразы, у стыль, і чыя б гэта ні была заслуга — аўтара, які піша на блізкай мове і падпарадкоўвае сабе перакладчыка, ці перакладчыка, які гэтай блізкай мове не паддаўся і дазволіў падарожжу ў пошуках анархіі па краіне, што анархіяй жыве, зьдзейсьніцца і для беларускага чытача. Аднак падарожжу гэтаму прысьвечаная толькі першая частка кнігі, астатнія ж невялікія аўтабіяграфічныя апавяданьні-эсэ вяртаюць нас у тую эпоху, якая ў беларускай літаратуры свайго скальда і Джэка Керуака не займела. Вобразы Жадана настолькі прадметныя і адчувальныя, што ствараецца поўная ілюзія пагружэньня ў экзатычную краіну, ня ў тую, якая мяжуе з намі дзесьці на поўдні, а тую, якая зьявілася на карце сьвету ў «ліхіх 90-х» і разам зь імі зьнікла.
Дэбютны пераклад лінгвіста Паўла Раагі, аўтара «Кароткай граматыкі славацкай мовы» і аднаго з аўтараў «Беларуска-славацкага размоўніка-даведніка» адпавядае агульнай тэндэнцыі апошніх гадоў, калі большасьць перакладаў, якія выходзяць у Беларусі, зробленыя са славянскіх моваў, найперш польскай, украінскай і чэскай, апошнім часам да іх дадалася і славацкая. Пераклаў ён кнігу Жо Лангеравай, славацкай аўтаркі вугорскага паходжаньня, што напісала ўспаміны пра сваё жыцьцё з мужам-партыйцам (у ангельскім перакладзе кніга так і называецца — «Маё жыцьцё з добрым камуністам»), пра эміграцыю і існаваньне ў камуністычнай Чэхаславакіі пяцідзясятых гадоў. Перад перакладчыкам Лангеравай стаялі ўжо зусім іншыя задачы, чым перад перакладчыкам Жадана, хаця абодва творы сталіся своеасаблівымі хронікамі сваёй эпохі: кожны зь іх па-свойму пагружае чытача ў мінулы час. Кніга «Калісьці ў Браціславе» напісаная нашмат больш па-журналісцку, гэта гісторыя жыцьця, расказаная хай сабе і з асобнымі рэтраспэкцыямі, але ў пэўнай храналягічнай пасьлядоўнасьці (аўтарка зазначае, што вяла дзёньнікі і рабіла паасобныя запісы), гэта амаль дакумэнтальная аповесьць — калі ўспаміны ўвогуле могуць быць дакумэнтальнымі, — гісторыя асобнага чалавека, сям’і на фоне вялікай гісторыі ХХ стагодзьдзя, якая падмінае асобу пад сябе і вызначае яе існаваньне, часам незалежна ад яе ўласнай волі. Успаміны Жо Лангеравай — гэта адна з тых рэчаў, якіх так востра не хапае цяпер у беларускай літаратуры: non-fiction настолькі цікавы, што чытаецца як fiction, і пры гэтым гісторыя, настолькі блізкая нашай уласнай, што чытаючы яе, не заўсёды помніш пра тое, што пісалася яна не па-беларуску, а па-славацку.
Анка Ўпала. Дрэва Энталіпт. Менск: Логвінаў, 2012

Андрэй Пакроўскі. Як я перастаў верыць у Дзеда Мароза. Менск: Логвінаў, 2012

Наста Манцэвіч. Птушкі. Менск: Логвінаў, 2012
Прайшоўшыся па намінацыі «Проза», пераходзім да намінацыі «Паэзія», і тут выяўляецца, што прапанаваць на гэтую намінацыю штосьці канкрэтнае цяжка — калі, безумоўна, да канца году ня выйдзе што-небудзь яшчэ. Згаданая вышэй «Объяснительная» Кацярыны Зыкавай напісаная па-расейску, а таму прэтэндаваць на прэмію «Дэбют» для беларускамоўных кніг ня можа. Што да зборніка Насты Манцэвіч «Птушкі», то тут сытуацыя яшчэ больш складаная: кніга зьмяшчае як паэзію, так і прозу (дарэчы, зноў жа кароткую), прычым паэзія гэтая месцамі нагадвае прозу, а проза — паэзію. Кніга «Птушкі» такім чынам робіцца жывым сьведчаньнем таго, наколькі ўмоўная мяжа паміж родамі літаратуры. І ўсё ж, выбіраючы ў дадзеным выпадку паміж дзьвюма намінацыямі, перавагу я б аддала паэзіі. Кароткая проза Насты Манцэвіч — гэта, у адрозьненьне ад іншых дэбютантаў гэтага году, заяўка на прозу «доўгую», гісторыі яе герояў нагадваюць сюжэтныя лініі асобнага рамана, які аднойчы можа зьявіцца ў нейкім з паралельных сусьветаў, у садзе, дзе разгаліноўваюцца сьцяжынкі. У гэтым рамане пэрсанажы будуць шукаць сваё «я» ў каханьні, у дзіўных паранаідальных падарожжах, ды і проста ў сабе саміх. І пакуль мы марым пра гэты раман, нам застаецца чытаць паэзію Насты Манцэвіч, у якой усё таксама трызьніць гэтай доўгай і пакутлівай прозай.
Сяргей Жадан. Anarchy in the UKR. Пераклад з украінскай мовы Алега Жлуткі. Менск: Логвінаў, 2012
У намінацыі «Пераклад» сёлета назіраецца тая самая сытуацыя, што і ў дзьвюх папярэдніх намінацыях: перакладной прозы выйшла непараўнальна больш, чым паэзіі. Калі ж гаварыць пра дэбюты перакладчыкаў, то яны і ўвогуле прадстаўленыя адной прозай. Самым перакладаным аўтарам году выявіўся ўкраінец Сяргей Жадан: па-беларуску выйшлі яго раманы «Anarchy in the UKR» (пераклаў Алег Жлутка) і «Дэпеш мод» (пераклала Тацьцяна Ўрублеўская). Самай жа перакладанай літаратурай ужо ня ў першы раз сталася польская, але сярод яе перакладчыкаў дэбютантаў няма. Таму спынімся падрабязьней на Жадане: абое яго перакладчыкі выдалі свае першыя працы, з той толькі розьніцай, што раман «Anarchy in the UKR» зьявіўся ў папяровым, а раман «Дэпеш мод» — у электронным выглядзе.
Цяжка сказаць, з чаго варта пачаць, гаворачы пра беларускае выданьне «Anarchy in the UKR» — з самога рамана ці зь яго перакладу. Мабыць, усё ж з рамана, бо перакладчык у ім амаль не заўважны (калі не лічыць асобных момантаў, напрыклад, упартага ўжываньня слова «уладкоўвалі» у канструкцыях тыпу «гэтая сытуацыя нас не ўладкоўвала»), а значыць, пераклад атрымаўся. Перакладчыку верыш, верыш у вобразы, у стыль, і чыя б гэта ні была заслуга — аўтара, які піша на блізкай мове і падпарадкоўвае сабе перакладчыка, ці перакладчыка, які гэтай блізкай мове не паддаўся і дазволіў падарожжу ў пошуках анархіі па краіне, што анархіяй жыве, зьдзейсьніцца і для беларускага чытача. Аднак падарожжу гэтаму прысьвечаная толькі першая частка кнігі, астатнія ж невялікія аўтабіяграфічныя апавяданьні-эсэ вяртаюць нас у тую эпоху, якая ў беларускай літаратуры свайго скальда і Джэка Керуака не займела. Вобразы Жадана настолькі прадметныя і адчувальныя, што ствараецца поўная ілюзія пагружэньня ў экзатычную краіну, ня ў тую, якая мяжуе з намі дзесьці на поўдні, а тую, якая зьявілася на карце сьвету ў «ліхіх 90-х» і разам зь імі зьнікла.
Жо Лангерава. Калісьці ў Браціславе: Маё жыцьцё з Оскарам Л. Пераклад са славацкай мовы Паўла Раагі. Менск: Зьміцер Колас, 2012