Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Полацку і Наваполацку зьявіліся ўлёткі «Свабоду Гайдукову!»


Андрэй Гайдцукоў
Андрэй Гайдцукоў

Ва ўлётках — ня толькі заклік, але і гісторыя затрыманьня намесьніка старшыні незарэгістраванай наваполацкай суполкі «Саюз маладых інтэлектуалаў», які каля 20 дзён знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

23-гадовага апэратара наваполацкага прадпрыемства «Нафтан» Андрэя Гайдукова 8 лістапада ў Віцебску затрымалі супрацоўнікі КДБ. Паводле афіцыйнай інфармацыі, хлопца затрымалі «падчас закладкі тайніка са зьвесткамі, якія цікавяць замежныя спэцслужбы». Супраць Гайдукова распачата крымінальная справа паводле артыкула «Здрада дзяржаве ў форме агентурнай дзейнасьці».

Бацькі і сябры ня вераць, што Андрэй Гайдукоў — «шпіён» замежных спэцслужбаў. Гэтае абвінавачаньне лічыць бязглуздым і шмат хто з тых, хто ня знаў затрыманага.

Наваполацкія актывісты не выключаюць, што затрыманьне Гайдукова тлумачыцца яго грамадзкай актыўнасьцю і нежаданьнем «супакоіцца» пасьля шматлікіх прафіляктычных гутарак зь «людзьмі ў цывільным», якія прыходзілі і на працу, і на месца вучобы хлопца.

Таму апошні сказ улёткі з заклікам вызваліць Андрэя Гайдукова — «Гэта можа здарыцца з кожным!»

Падрабязнасьцяў крымінальнай справы, распачатай супраць наваполацкага «шпіёна», КДБ не паведамляе. Вядома толькі, што справу вядзе сьледчы зь Віцебску Алег Барысевіч і што чарговыя допыты Гайдукова маюць адбыцца на гэтым тыдні.

Маці арыштаванага, Вольга Гайдукова, за мінулыя амаль што тры тыдні не атрымала ад сына ніводнага ліста, хоць ведае, што Андрэй іх адпраўляў. Лісты з дому да затрыманага Гайдукова не даходзяць таксама. За ўвесь гэты час ён атрымаў толькі адну паштоўку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG