Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Альбомы «Прэс-фота Беларусі 2011» пастанавілі зьнішчыць

абноўлена

У менскай галерэі «Ў» адбылася прэзэнтацыя фотаальбома «Прэс-фота Беларусі—2011», архіўнае фота
У менскай галерэі «Ў» адбылася прэзэнтацыя фотаальбома «Прэс-фота Беларусі—2011», архіўнае фота

Альбомы «Прэс-фота Беларусі 2011», канфіскаваныя памежнікамі, будуць зьнішчаныя.

Пра гэта паведаміў фатографу Аляксандру Васюковічу намесьнік начальніка Ашмянскай мытні Данілевіч. Як гаворыцца ў адпаведным лісьце, гэтая друкаваная прадукцыя «на падставе вынікаў праведзенай мытнай экспэртызы прызнаецца незаконнай».

12 лістапада мытнікі на памежным пераходзе «Каменны Лог» канфіскавалі 41 экзэмпляр альбома «Прэс-фота Беларусі 2011».

Фатографка й арганізатарка конкурсу «Прэс-фота Беларусі» Юлія Дарашкевіч сказала «Свабодзе», што гэтыя альбомы былі выдадзеныя цалкам легальна і ўсё мыта на іх даўно сплачана.

Альбомы «Прэс-фота Беларусі» ўжо аднойчы вымаліся для экспэртызы два гады таму. Іх вярнулі празь месяц.

На Ашмянскай мытні сказалі карэспандэнту «Свабоды», што зацікаўленыя асобы могуць зьвярнуцца да іх па тлумачэньні. Ён адзначыў, што выданьні прызнаныя не адпаведнымі дзяржстандарту.

У другой палове дня Юлія Дарашкевіч мела размову з намесьнікам Ашмянскай мытні Данілевічам, які асабіста падпісаў паперу аб канфіскацыі фотаальбомаў. Чыноўнік прызнаўся: ён ня ведае, што такое стандарт РБ СТБ 7.4-2009. Ён таксама ня змог дакладна назваць орган, які праводзіў экспэртызу і прыняў рашэньне аб зьнішчэньні накладу: «Мабыць, аддзел ідэалягічнай працы ў Менску», — ня выключыў Данілевіч. Затое упэўнена паведаміў, што ліквідацыя будзе праводзіцца «шляхам спальваньня».

«Прэс-фота Беларусі» — гэта адкрыты незалежны конкурс прэс-фатаграфіі ў Беларусі. Ён праводзіцца штогод.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG