Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Бердаўкі быў хуткі ўзьлёт, цяпер — яшчэ хутчэйшае падзеньне…»


Старажытная Бердаўка, назва якой упершыню згаданая ў прывілеях гаспадара Вялікага Княства Літоўскага Жыгімонта I Старога 28 траўня 1527 году, да нядаўняга часу была на вышыні.

Літаральна геаграфічна — паводле адной з вэрсіяў, назва паходзіць ад старажытнаславянскага «берда», ці «гара, пагорак». Зрэшты, у краязнаўцаў ёсьць і іншыя варыянты.

«Гісторык Валерый Сьліўкін лічыць, што паходзіць ад бярозавага гаю. Я — па-другому. Ёсьць разнавіднасьць вязу, зь якой вырабляюць дугі — бярдзіна. У нас растуць гэтыя дрэвы. Зь летувіскай мовы „berti“ — насыпаць. За два кілямэтры ад вёскі знаходзяцца балцкія курганы…»

Гэта спадар Анатоль Крупа, дырэктар тутэйшай сярэдняй школы і стваральнік знанага далёка за межамі Лідчыны краязнаўчага музэю, які мае мноства міжнародных прэмій і ў мінулым годзе другі раз афіцыйна пацьвердзіў статус народнага.

Крупа: «Экспанатаў 2780. Працу па стварэньні музэю распачаў у сярэдзіне 80-х гадоў. Калгас „Бердаўка“ выдзеліў сродкі, рабочых, мастака-афармляльніка, настаўнікі з вучнямі зьбіралі экспанаты, і ў 1989 годзе адчыніў дзьверы. У год наведвае звыш тысячы чалавек. Праводзілі археалягічныя раскопы, этнаграфічныя вандроўкі. Тры пакоі ў нас — інтэр’ер сялянскай хаты, прыстасавалі будынак старой школы, былы ж дом асадніка. У запасьніках — фатаздымкі, дакумэнты…»

Прашу Анатоля Леанідавіча расказаць пра найбольш важкія імёны і набыткі. Найперш ён падводзіць да стэнда, прысьвечанага Аляксандру Дамбавецкаму, якога прафэсар Адам Мальдзіс лічыць пазашлюбным сынам расейскага імпэратара Аляксандра II.

Крупа: «Гэта расейскі сэнатар, губэрнатар Магілёўскай вобласьці, беларускі краязнаўца. Пабудаваў палац у нэагатычным стылі, сьпіртзавод. Сам увайшоў у гісторыю як рэдактар фундамэнтальнай кнігі — бытаапісаньня Магілёўскай губэрні. У нас першы аркуш гэтай кнігі з аўтографам аўтара…

Іван Сухойда
Іван Сухойда
Давялося даведацца пра драматычную гісторыю выхадца зь Бердаўкі Сухойды Івана Сямёнавіча. У 1939-м быў прызваны ў Войска Польскае, трапіў у савецкі палон, уступіў у армію Андэрса, удзельнічаў у штурме Монтэ-Касіна, дэмабілізаваўся і застаўся ў Італіі. А ў 1973-м прыехаў на Радзіму — там засталася жонка і двое дзяцей, і тут чакала жонка і трое дзяцей. Пэнсію яму не далі, адпіска ад органаў сацзабесьпячэньня была — „няхай вам плаціць дзяржава, за якую вы ваявалі“. Тры гады чалавек пажыў і памёр…»

У 70–80-я гады мінулага стагодзьдзя ў паселішчы адбыўся калгасны бум — дзякуючы намаганьням, сувязям ды гаспадарчаму таленту тагачаснага кіраўніка. Мой суразмоўца прысутнічаў пры гэтым.

Крупа: «Бердаўка адбудавалася дзякуючы старшыні Аляксандру Каранюку. Тут усё створана для чалавека — і гатэль, і лазьнева-пральны камбінат, і школа, і дзіцячы садок з басэйнам, асфальтаваныя вуліцы, прыйшоў прыродны газ, было пабудавана 85 кватэр з усімі выгодамі — а ў Бердаўцы 670 чалавек…»

А яшчэ 6 год таму, калі вандраваў па вёсцы першым разам, на ўсю шырыню аднаго з музэйных пакояў вісеў бел-чырвона-белы сьцяг. Спадар Анатоль кажа, што трапіў неяк на вочы раённых «вэртыкальшчыкаў».

Крупа: «А што ў вас „Пагоня“ тут робіць? Кажу, гэта не „Пагоня“, а бел-чырвона-белы сьцяг наш нацыянальны. А вы ж сьцяг КПСС не павесілі?! А вунь у куце стаіць „Да барацьбы за справу Камуністычнай партыі“. Праходзіць два тыдні, тэлефануюць — „Зьняць!“ Кучынскі загадаў, намесьнік старшыні райвыканкаму. Тады ўжо зьнялі — такі дурдом…»

І гэта была далёка не адзіная зьмена, якая напаткала мяне ў сёньняшняй Бердаўцы. 6 год таму гаспадарка стала піянэрам экспэрымэнту ў аграпрамысловым комплексе, дзе былі фінансава ўвязаныя колькасьць прададзенай сельгаспрадукцыі і заробкі перапрацоўшчыкаў з малочнакансэрвавага заводу і мясакамбінату. Дзеля гэтага стварылі ўнітарнае прадпрыемства з Радай заснавальнікаў з прадстаўнікоў былой калгаснай намэнклятуры. У іхнія, ужо прыватныя рукі былі перададзеныя тры малочна-таварныя фэрмы з 2700 галовамі, нямецкія камбайны, балтыйскія лініі даеньня кароў, пасяўныя плошчы ды шмат іншага. Пра тое, што адбылося пасьля, мне расказаў кіраўнік аб’яднанай лідзкай суполкі Партыі БНФ Уладзімір Круцікаў:

«Быў спачатку ЧУП, у ім раскралі ўсю тэхніку, якую набылі пры канцы Савецкага Саюзу. Потым пачалі ствараць новае СВК. Мы бачылі як дэградуе структура — не змаглі зрабіць аграгарадок, нізкай якасьці будоўлі, скараціліся заробкі. І цяпер ізноў пашыраюць ім плошчы — толку з гэтага ня будзе. І да слупа „Бердаўка“ за некалькі кілямэтраў з каровінай галавой вёска так і не дарасьце…»

Чым скончыўся экспэрымэнт, правалены з-за крадзяжоў, кадравай чахарды ды дрэннай арганізацыі, пабачыў на свае вочы наступнымі гадзінамі. Ля машынна-трактарнага парку сустракаю двух мужчын у сьпяцоўках — пажылога ды маладога.

Спадарства: «Можна я слова скажу? Юрый Аўгенавіч Арэхва, працую яшчэ трактарыстам — мільёна не выходзіць…І ў мяне — Хведар завуць…»

Карэспандэнт: «Вы разумееце, што гэта парушэньне заканадаўства — менш за мільён нельга плаціць?»

Арэхва: «Так! У мяне 2 мільёны пэнсія, я вайсковец былы, 46 год. Кажу — а за 200 рублёў я вам працаваць ня буду! І на гной паставілі — з кароўнікаў выштурхоўваць, 240 тысяч першы раз атрымаў! Дык у канторы болей людзей, чым нас, мэханізатараў! Я расьпісваўся ў ведамасьці за 419. А я і электрамэханік, і тынкоўшчык, трактарыст, бульдазэрыст, экскаватаршчык. Я працаваў у Ваўкавыску — з бацькамі дрэнна стала, трэба глядзець…»

Падскоквае да мікрафона пэнсіянэрка, спадарыня Адэля.

Адэля: «Калі Каранюк рабіў, я была ў школе поварам. Жылося лепей, чым цяпер — муж рабіў мэханізатарам, перадавік. А ў нас такая благая кватэра — ніхто яе не глядзіць. Калі аграгарадок будавалі, асфальт па асфальце залівалі. Не прадалі нам нават хату. Спачатку, як старшыня новы стаў, сказалі, аддадуць за 10% — Пеця 20 год прарабіў і трактарыстам, і на камбайне. Кватэру цяпер калі купіць, падатак вялікі — 19 мільёнаў, а сама кватэра — 4–5. Адкуль яны ў пэнсіянэра?! Старшыні мяняліся — у іх грошай няма, а кантору адбудавалі сабе. Слухайце, сфатаграфуйце вы нашы дамы ля пральні — там абваліўшыся плітка!»

Ад цэнтру збочвае вуліца Савецкая, дзе двух-трохпавярховыя дамы са збуцьвелымі сьценамі ды дзіркамі на дахах. З другога паверха мяне кліча спадарыня Валянціна Русіновіч.

Карэспандэнт: «Можаце проста з балькона казаць…»

Русіновіч: «Цагліны на галаву валяцца, дах цячэ — вуліца Савецкая, і жывём па-савецку…»

Спыняю спадарыню Валянціну Новік.

Новік: «Аграгарадок быў — пабілі кувалдай бальконы, не зрабілі нічога, хоць хацелі пафарбаваць, патынкаваць. Маці, ідзі сюды, карэспандэнт прыехаў!»

Маці: «Я і да Лукашэнкі пісала — у мяне цякло! Прынесьлі 3 рулёны, заклеілі, а як цячэ, так і цячэ — яны ж хіба накрылі? Усё пазьбівалі-паламалі, і сырасьць у хаце. А коміны наверсе парабілі шырокія — як дождж, фантан прэ ў хату!»

Карэспандэнт: «А ў вас, лічыцца, адна з найлепшых гаспадарак Лідчыны…»

Спадарыні: «Дзе там — яна на лапатках ляжыць…»

Заходжу ў будынак былога камбінату бытавых паслуг, дзе працуе толькі швачнае атэлье. Падыходжу да прыёмшчыцы-касіра, мажнай спадарыні Тацяны Акрыш.

Карэспандэнт: «А раней у вас і гатэль быў…»

Акрыш: «Так, на 3 паверсе — зараз няма. А заробку і раней не было. Зараз палепшала…»

Карэспандэнт: «Ну, больш за 500 даляраў?»

Акрыш: «Што?!! (Усе крычаць і сьмяюцца.) Вы такі жартаўнік! Я тут 20 год працую — ніколі не шыкавала. Хоць, паглядзеўшы на мяне, грэх скардзіцца! (Сьмяецца.) Мінулы заробак у мяне — 280 тысяч. Мы атрымліваем 500–700 і менш, працуючы паўнакроўны дзень. І рамонт самі ў траўні рабілі: я атрымала за яго 90 тысяч, мая швачка — 60. Мо калі заробім на пэнсію 500 даляраў. А на гроб — дзяржава памагае, на гэтым сьвеце нікога не пакінулі…»

* * *
Ля аўтапрыпынку ў Бердаўцы месьціцца невялікі кірмашык. Перабіраем няхітрыя тавары разам зь дзьвюма прадавачкамі. Але гаварыць «на мікрафон» насьмельваецца адна.

Карэспандэнт: «А што штурхаеш — не 37-мы год, не заграбуць…»

Спадарыня: «А Захаранку? Што ж, мы ў вёсцы жывём, дык тупыя, перадач не глядзім?!.. А ў мяне два каналы — Беларусь і АНТ…»

Побач у прыватнай краме — адна прадавачка на дзьве залі з прамысловымі ды прадуктовымі таварамі.

Прадавачка: «Я працавала ў дзяржаўнай краме і вяртацца туды не хачу — там хамскія адносіны дырэктарату да прадавачак і прыбіральшчыц…»

У школе знаходжу даўнюю ўжо знаёмую — настаўніцу беларускай мовы, спадарыню Галіну Альшэўскую. Яна карэнная, вучылася ў школе, дзе і працуе чвэрць веку — разам з мужам Эдуардам, настаўнікам фізкультуры. Яшчэ 6 год таму ацаніў яе ясны розум і палкую любоў да малой Радзімы, боль за яе жыхароў.

Карэспандэнт: «Эдуард тады казаў мне, што дзеці бягуць крос і не дабягаюць. Бо акрамя бульбы не было чаго есьці. Было такое?»

Галіна: «І цяпер усялякае бывае. Я лічу, што жыву добра. Праўду сказаць? У нас 7 кароў…»

Карэспандэнт: «Вы маці — карова-гераіня!»

Галіна: «Гэта муж пасьля працы працуе. А зранку ўсталі а палове шостай. З выганам сёлета праблема — побач не далі. А так чатыры дойныя — здаём 250 літраў на дзень. Улетку выходзіць 2 мільёны за 10 дзён. Не магу жаліцца ў параўнаньні зь іншымі…»

Карэспандэнт: «Вы былі назіральніцай на выбарах — ад каго?»

Галіна: «Я была і ад „Вясны“, ад „Сапегі“. Гэтым разам сядзела ў камісіі як старшыня прафкаму ў школе. Тыдзень пасядзела — думала, траплю ў рэанімацыю, як атрымала афіцыйныя зьвесткі. Гэта ня выбары, а фарс! У мяне на працы ёсьць выбар — яе кінуць. Але гэта мая школа, я ў ёй з 75-га. Хачу сысьці — пачынаю гаварыць сябе, што Леры абяцала прыйсьці, з Сашай пазаймацца. І — не магу іх кінуць. У мяне дзеці заўжды гавораць па-беларуску. Старэйшы сын — „ідэйны“, муж — на „трасянцы“, прывучыла. А малодшы сын у 7 клясе браў удзел у конкурсе Згуртаваньня беларусаў сьвету і стаў ляўрэатам за малюнак да юбілею Касьцюшкі. І яго прэміравалі паездкай у Гданьск. Едзем у Менск, і раптам стаў сумны — „мама, ты хоць там на сваёй беларускай мове не гавары!“ Прыяжджаем, а там усе дзеці па-беларуску. І ў майго дзіцяці вочы пачынаюць гарэць! Ён глядзеў БТ, а там жа ўсе па-руску. І праз два тыдні прыехаў з Польшчы — „Мама, нас вучылі быць беларусамі!“»

Карэспандэнт: «А беларуская мова дапамагае жыць?»

Галіна: «Мне вельмі цяжка было б безь яе. Я вельмі моцны чалавек у гэтым пляне…»

Карэспандэнт: «Моладзь бяжыць зь Бердаўкі зараз?»

Галіна: «Цяпер стан здароўя вельмі дрэнны ў вучняў — некалі дзіця ў акулярах выключэньнем было, а цяпер усе ў іх ходзяць. У мінулым годзе выпусьціла 11 кляс — толькі адзін хлопец працуе трактарыстам у СВК „Бердаўка-агра“. Я хацела б атрымліваць больш за сваю працу. Але я ня ўсе паперы запаўняю. А каб усе — дзеці б мяне так не сустракалі!»

Карэспандэнт: «Бердаўка падымецца?»
У нас жа жанчыны пасьпіваліся! Як я магу дзіцяці тлумачыць, што піць няможна, калі ў хаце бачыць іншае?!


Галіна: «У нас жа жанчыны пасьпіваліся! Як я магу дзіцяці тлумачыць, што піць няможна, калі ў хаце бачыць іншае?! Калі самагонку можна купіць на кожным рагу! Я прыходжу да старшыні і кажу — дайце гэтай сям’і кватэру, бо ў іх газу і сьвятла няма. Ён глядзіць і разумее, што ўсё роўна яе дасьць — „вы ж пойдзеце жаліцца…“ Ён і кажа — чорт з вамі, засяляйцеся! Я выбіла кватэру, а яны як жылі пабітымі зьвярамі, так і жывуць. Дык гэта хто вінаваты? Адсутнасьць „яго“ ня выратуе, пакуль самі сябе ня возьмуць у рукі…»

У Бердаўцы за 6 год пасьля майго апошняга прыезду ўзьняўся касьцёл Сьвятой Тройцы, вышыня якога разам з крыжам склала 27 мэтраў. Архітэктарам стаў вугорац, брат Бэла. У плябаніі засьпеў ужо ў цывільным двух сьвятароў — ксяндзоў Ежы ды Івана. Апошні — маладога веку, тутэйшы.

Карэспандэнт: «Вы добра гаворыце па-беларуску. Ксёндз Рычард зь Белагруды казаў мне, што мова ў касьцёлах стане пераважаць праз 3–4 гады, калі большасьць вернікаў стане маладых…»

Іван: «Напэўна, не праз 3–4, а праз 10 так яно і будзе — у нас не рэвалюцыя, а эвалюцыя…»

Ежы: «Набажэнствы ў новым касьцёле з 2009 году, асьвечаны ў кастрычніку — запачаткоўваў першыя службы. Вера ў людзей захоўваецца — да Бога цягнуцца…»

Іван: «Чалавек 2000 год таму быў той самы, і 2000 год пасьля нас касьцёл будзе знаходзіць адказы на фундамэнтальныя пытаньні, якія хвалююць чалавека — хто я такі, што значыць быць сапраўдным чалавекам? Калі ў касьцёле ёсьць праўда, будзе і бласлаўленьне для Бердаўкі і ўсёй Беларусі…»

А пры канцы вандроўкі ўжо на вуліцы ізноў сустрэў спадара Анатоля Крупу. Ня змог не запытаць:

Карэспандэнт: «А ўсё-ткі, Анатоль Леанідавіч, верыце, што бел-чырвона-белы сьцяг ізноў будзе ў вашым музэі?»

Крупа: «Веру-веру…» (Сьмяецца.)

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG