Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганна Янкута — пра электронныя кнігі


Ганна Янкута
Ганна Янкута
Вось ужо некалькі гадоў у сьвеце не сьціхаюць спрэчкі, ці выжыве папяровая кніга і ці не захопяць электронныя выданьні кніжны рынак. Для Беларусі такая праблема пакуль не стаіць, аднак электронныя кнігі пачалі з’яўляцца і ў нас. Калі ў нашай краіне яны пачнуць рэальна пагражаць традыцыйнаму кнігавыдавецтву, невядома, але што іх будзе ўсё і больш, сумневаў не выклікае.


Віктар Марціновіч. Сьцюдзёны вырай
(PDF, FB2, EPUB, MOBI, LIT, LRF, OPF, TXT), 2011

Першы беларускамоўны раман Віктара Марціновіча «Сьцюдзёны вырай» ня толькі запачаткаваў беларускае электроннае кнігавыданьне, але і зрабіўся самым пасьпяховым на сёньняшні момант выданьнем такога кшталту: сёлета раман атрымаў прэмію «Дэбют» імя Максіма Багдановіча ў намінацыі «Проза» і трапіў у лонг-ліст літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца. Варта адзначыць, што раман у папяровай вэрсіі не выдаваўся і больш за тое, выдавацца ня будзе. Гэта не адзіная электронная кніга, якая зьмешчана на сайце 34mag.net: рэсурс мае ўжо сваю невялікую бібліятэку, дзе выкладаюцца сучасныя творы, у тым ліку расейскамоўных беларускіх пісьменьнікаў.

Самае цікавае ў рамане Віктара Марціновіча — гэта пастаянная гульня з чытачом: кожная новая частка твора, пачынаючы з трэцяй, падманвае яго чаканьні і пераварочвае сюжэт з ног на галаву. У выніку пасьля прачытаньня твору чытач застаецца з наборам вэрсіяў, сярод якіх мэтадам дэдуктыўнага аналізу можа выбраць самую верагодную альбо проста спыніцца на апошняй. Сусьветная літаратура плённасьць такога падыходу выпрабавала ўжо ня раз — варта згадаць хаця б «Мага» Джона Фаўлза альбо «Чорнага прынца» Айрыс Мёрдак. Гульнявы падыход да тэксту, аднак, не абавязкова робіць гэты тэкст высокамастацкім: у кнізе нямала шматслоўных разважаньняў (шматстаронкавых, можна было б сказаць, калі б не розны фармат экранаў, з якіх можа чытацца тэкст, праз што колькасьць старонак у кожнага чытача можа аказацца рознай), якія з сюжэтам і агульнай ідэяй твора наўпрост не зьвязаныя і якія таму падаюцца нагрувашчваньнем і збыткоўнасьцю. У прадмове аўтар апэлюе да 300 інтэлектуалаў як да 300 спартанцаў беларускай культурнай прасторы, якім адным твор і адрасуецца, аднак цяжка скзаць, што менавіта зможа прыцягнуць іх у творы: паранойя (што зрабілася мастацкім сродкам Віктара Марціновіча, як напісала Марыя Мартысевіч), парадыйныя пэрсанажы, кожны з якіх ня больш як носьбіт нейкай ідэі ў найлепшых традыцыях сацрэалізму, ці іх аповеды, якія хаця і множаць інтэрпрэтацыі ўсяго твора, самі па сабе цікавасьці вялікай ня маюць, бо разам з інтэрпрэтацыямі множаць і штампы. Застаецца спадзявацца, што аўтарская прадмова да рамана — гэта працяг, а дакладней пачатак гульні, мэта якой — паказаць абсалютную немагчымасьць гаварыць у сёньняшняй беларускай літаратуры пра палітыку сур’ёзна.


Барыс Пятровіч. Плошча: Гісторыя аднаго каханьня (EPUB), 2011

Кнігу Барыса Пятровіча «Плошча» ў электронным выглядзе можна спампаваць на сайце bybooks.eu, які на сёньняшні дзень прапануе шырокі выбар беларускіх электронных кніг, у тым ліку некалькі перакладных твораў для дзяцей. У адрозьненьне ад «Сьцюдзёнага выраю» кніга «Плошча» ўяўляе сабой клясычны прыклад электроннай кнігі, якая выйшла ў сьвет пасьля зьяўленьня кнігі папяровай. Але калі ў краінах з добра разьвітай кніжнай індустрыяй такі ход дапамагае павысіць продаж кнігі (напрыклад, дае магчымасьць набыць яе замежнікам, якія ня хочуць пераплачваць за дастаўку), то ў нас выданьне электроннай вэрсіі служыць зусім іншым мэтам. Па-першае, улічваючы тое, што большасьць беларускіх кніг выдаецца сьціплымі накладамі і асноўная частка якіх далей за Менск не трапляе, электронны фармат прасоўвае кнігу нашмат шырэй (у тым ліку робіць яе дасяжнай для беларусаў замежжа), а таксама дапамагае знайсьці і прачытаць патрэбнае выданьне ўжо тады, калі наклад скончыўся. Па-другое, пакуль усе беларускія кнігі выкладзеныя ў інтэрнэце бясплатна, а гэта значыць, любы чытач, нават той, які сумняецца, хоча ён гэтую кнігу чытаць ці не, можа ў любы момант яе спампаваць, і калі кніга спадабалася — набыць для хатняй бібліятэкі.

«Плошча» складаецца зь дзьвюх частак (ён+яна), у кожнай з якіх аповед вядзецца з гледзішча аднаго з рамантычных герояў, хаця і ад трэцяй асобы, і перамяжоўваецца ўстаўкамі з дзёньнікаў, дзякуючы чаму дасягаецца эфэкт поўнай інтымнасьці. У другой частцы дзеяньне, у адпаведнасьці з назвай твору, адбываецца на плошчы — і ў турме, аднак нягледзячы на гэта, кніга ня столькі пра палітыку, колькі пра людзей, пра тое, якой бачыцца аўтару моладзь, што выйшла 19 сакавіка 2006 году на плошчу і паставіла там намёты. У творы пазнаюцца многія падзеі таго часу, якія зрабіліся агульнавядомымі і шырока асьвятляліся ў недзяржаўных СМІ, але як і любая іншая інфармацыйная нагода, хутка забыліся на фоне іншых падобнага кшталту інфармацыйных нагодаў. Але «Плошча» — не хроніка, аўтара цікавяць ня столькі тагачасныя падзеі, колькі ўспрыняцьце гэтых падзеяў маладымі людзьмі. А таму твор гэты — зусім не мастацкае дасьледаваньне падзеі, а эмацыйны водгук на яе, падобны да ўзьнёслых вершаў, якім барацьбіты ва ўсім сьвеце вітаюць нядаўнюю рэвалюцыю ці падтрымліваюць свой дух пасьля паразы. Ну і безумоўна, галоўная тэма твора — каханьне, трохі схематычнае, як і патрабуе жанар гераічнай песьні, каханьне, што разварочваецца на фоне барыкадаў і бяз гэтых барыкадаў (як паказвае першая частка кнігі) немагчымае.


Васіль Быкаў. Пасьляжыцьцё
(PDF, FB2, EPUB, MOBI, LIT, LRF, OPF, TXT), 2012

Электронная кніга Васіля Быкава «Пасьляжыцьцё», аўтара, які дадатковых рэкамэндацыяў не патрабуе, улучае пяць твораў, якія пры жыцьці аўтара ніколі не друкаваліся, аднак былі напісаныя ў розны час: аповесьці «Атака», «Аўганец» і «Бліндаж» (незавершаная), а таксама апавяданьні «Жалезны камандзір» і «Бутэльчына». Сярод астатніх згаданых тут кніг гэтая вылучаецца тым, што яе аўтар ужо даўно зрабіўся клясыкам беларускай літаратуры, а электронныя выданьні клясыкі займаюць цяпер у сьвеце вельмі адмысловае месца і часта пампуюцца зь сеціва бясплатна ці за сымбалічны кошт. Так, напрыклад, на сайтах «Амазона», аднаго з буйных рэсурсаў, што прадае як традыцыйныя папяровыя кнігі, так і электронныя выданьні, амаль усе творы Дыкенса можна скачаць проста так ці за 1-2 даляры (калі толькі гэта не выданьне з разгорнутымі сучаснымі камэнтарамі). Выданьне клясыкі ў электронным выглядзе — добра прадуманы ход, які спрыяе яе папулярызацыі, і зьяўленьне ў беларускай інтэрнэт-прасторы ў свабодным доступе поўнага збору Купалы ці Караткевіча было б справай надзвычай карыснай. Тым больш што, як сьведчыць электроннае выданьне Васіля Быкава, электронная кніга кнігай быць не перастае: для яе таксама распрацоўваецца вокладка, а часам нават і ілюстрацыі. Будзем спадзявацца, што іншыя творы і Быкава, і многіх іншых клясыкаў беларускай літаратуры хутка змогуць трапіць ня толькі на паліцы чытачоў, але і на іх бук-рыдэры.


Наста Манцэвіч. Гэта ня лічыцца (EPUB), 2011

Выхад зборніка вершаў Насты Манцэвіч «Гэта ня лічыцца» амаль на год апярэдзіў зьяўленьне яе кнігі «Птушкі» (сэрыя «Пункт адліку»). Тут мы бачым чарговы вялікі плюс электронных кніг: у нашай сытуацыі маладому (ці нават не зусім маладому) пісьменьніку выдаць кнігу часта бывае складана, падрыхтоўка ж электроннага выданьня патрабуе нашмат менш сіл і матэрыяльных сродкаў. Галоўнае ў дадзеным выпадку — гэта наяўнасьць раскручанай пляцоўкі, на якой аўтары змогуць сваю кнігу разьмясьціць, а чытачы — знайсьці нешта цікавае.

Вершы Насты Манцэвіч часта падобныя на гісторыі. Мабыць, менавіта таму ў кнізе «Птушкі» празаічныя і паэтычныя творы аўтаркі зьмешчаныя поруч. Аднак у зборнік «Гэта ня лічыцца» ўвайшлі толькі гісторыі вершаваныя, гісторыі пра каханьне і складанасьці чалавечых стасункаў. Адбываюцца яны ў Вялейцы і Міляне, дома і на вуліцы, вясной і пад Новы год, і лірычны герой, які скача зь месца на месца і з часу ў час, здаецца настолькі шчырым, што ўжо перастаеш адрозьніваць яго ад самой аўтаркі і пачынаеш думаць, што перад табой — дзёньнік, у якім занатаваныя гісторыі з рэальнага жыцьця. І што б там ні казала назва кнігі, калі яна існуе, хай сабе і ў электронным фармаце, не лічыцца яна больш не можа.


Сяргей Прылуцкі. Контурная карта памяці (EPUB), 2011

Зборнік вершаў Сяргея Прылуцкага «Контурная карта памяці» дэманструе яшчэ адзін плюс электронных кніг: яны не бываюць занадта вялікімі ці занадта маленькімі, іх можна выдаваць, нават калі яны налічваюць некалькі вершаў ці зь дзясятак тамоў, і ніхто ня скажа, што такіх тонкіх кніг не бывае альбо што грошай на такую эпапэю няма. Зборнік «Контурная карта памяці» налічвае 10 вершаў, у якіх таксама расказваюцца гісторыі, але гісторыі зусім іншага пляну. Важную ролю ў іх адыгрывае памяць, батыскаф якой «пачынае сваю падсьвядомую экспэдыцыю» ў першым жа вершы «portfolio». Тэма памяці, акрэсьленая ў назьве, ужо першым гэтым вершам і задаецца, а таму няма сумневу, што зборнік атрымаўся цэльны, што гэта менавіта зборнік, а не выпадковая падборка твораў. Часам для таго, каб расказаць пра цэлае жыцьцё, пераказаць усю біяграфію, дастаткова аднаго верша, напрыклад, такога, як «Дэпо радасьці». Часам для таго, каб выдаць кнігу, аб’ём значэньня зусім ня мае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG