Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму жанчыны аддаюць перавагу Абаму?


На кожных прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША, пачынаючы з 1980 году, назіраўся гендэрны дысбалянс у галасаваньні – жанчыны часьцей аддавалі перавагу Дэмакратычнай партыі, а мужчыны – Рэспубліканскай. Чаму кандыдат ад Рэспубліканцаў Міт Ромні, як і яго папярэднікі, мае праблемы з прыцягненьнем выбарцаў-жанчын, высьвятляла Гэдэр Мар, вашынгтонская карэспандэнтка нашага радыё.

Якія праблемы самыя важныя для амэрыканскіх жанчын? Адказу на гэтае пытаньне шукаюць Барак Абама і Міт Ромні, каб змагацца за галасы жанчын-выбарцаў.

У 2008 годзе сярод тых, хто галасаваў на прэзыдэнцкіх выбарах ў ЗША было на 10 мільёнаў больш жанчын, чым мужчын. Большасьць зь іх – з розьніцай 13 працэнтных пунктаў – прагаласавалі за Абаму.

Цяперашнія апытаньні паказваюць, што ў штатах, дзе два кандыдаты маюць прыблізна роўную падтрымку, Абама карыстаецца значна большай папулярнасьцю сярод жанчын. Палітычны псыхоляг Марта Бэрк тлумачыць гэта тым, што партыя Дэмакратаў у сваёй праграме традыцыйна зьвяртае ўвагу на праблемы, якія хвалююць жанчын – адпачынак для догляду дзяцей, роўнасьць у аплаце працы, адукацыю.

Бэрк: «Жанчыны, таму што яны зарабляюць меней, маргіналізаваныя ў значнай частцы грамадзтва і больш залежаць ад сеткі сацыяльнай падтрымкі. А Рэспубліканцы не падтрымліваюць сацыяльныя праграмы ў той ступені, як Дэмакраты, таму жанчыны гістарычна больш галасавалі за Дэмакратаў, бо ім трэба тая сацыяльная дапамога, якую падтрымлівае гэтая партыя».

Тыя жанчыны, якія падтрымліваюць Ромні, кажуць, што ягоны плян эканамічнай рэформы дапаможа жанчынам больш, чым любая ўрадавая праграма. Дыяна Фэрчгат-Рот, эканаміст з Мангэтэнскага дасьледчага інстытуту, кажа, што рэформа падатковай сыстэмы, на якой грунтуецца праграма Ромні, паспрыяе эканамічнаму росту і створыць новыя працоўныя месцы, а скарачэньне выдаткаў зьменшыць дзяржаўны доўг.

Фэрчгат-Рот: «Наш дэфіцыт занадта вялікі. Дэфіцыт нацыянальнага бюджэту – 16 трыльёнаў [даляраў]. Мы пакідаем гэтыя выдаткі ў спадчыну нашым дзецям і ўнукам. Нешта трэба скарачаць. Усе разумныя жанчыны гэта разумеюць».

Але калі гэта праўда, дык чаму, на яе думку, Ромні непапулярны сярод выбарцаў-жанчын?

Фэрчгат-Рот: «Ён недастаткова добра спраўляецца з тым, каб патлумачыць, як менавіта скарачэньне падаткаў прывядзе да эканамічнага росту».

З такой думкай пагаджаецца палітычная блогерка Джаана Бамбэргер, якая дадае, што тыя сацыяльныя пытаньні, па якіх пазыцыі Ромні непапулярныя сярод жанчын, для саміх жанчын таксама зьяўляюцца пытаньнямі эканамічнымі.

Бамбэргер: «Калі няма аплачанага адпачынку для дагляду за дзецьмі, дык жанчыны – а звычайна менавіта яны глядзяць за дзецьмі, калі нехта захварэе – губляюць магчымасьці працы, і гэта робіцца эканамічным пытаньнем. Калі ў жанчынаў няма доступу да супрацьзачаткавых сродкаў, ці яны ня могуць сабе дазволіць супрацьзачаткавыя сродкі і ў выніку зацяжарваюць, гэта робіцца эканамічнай праблемай. Ці давядзецца ім кінуць працу, бо яны ня могуць заплаціць за догляд за дзецьмі? Гэта шмат у чым вызначыць галасаваньне ў той ці іншы бок».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG