Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мяса з радыяцыяй? А мы прывыклі»


У чарнобыльскіх раёнах, моцна заражаных радыяцыяй, працягваюць займацца жывёлагадоўляй. Частка атрыманага там мяса ідзе на экспарт у Расею, але большасьць спажываецца на ўнутраным рынку. Жыхары рэгіёну збольшага прызвычаіліся да тутэйшай малочнай і мясной прадукцыі і на наяўнасьць у ёй радыенуклідаў асаблівай увагі не зьвяртаюць. Праблему дасьледаваў наш карэспандэнт.

Спадарыня Натальля зь Веткаўскага раёну ўвогуле сумняецца ў наяўнасьці радыяцыі: «Палі засяваюць, кароў пасуць на гэтых палях. Ніякай радыяцыі! Вы што, ня ў курсе?»

Пэнсіянэрка Алена дадае: «І каўбасу робяць — усё робяць. Усюды радыяцыя, па ўсім сьвеце. Згодзіцца нам і так».

Тым часам беларускія мясныя й малочныя прадукты пэрыядычна трапляюць у Расеі пад санкцыі Фэдэральнай службы вэтэрынарнага й фітасанітарнага нагляду (Рассельгаснагляду) — то з прычыны радыяцыі, то з-за наяўнасьці рэшткаў антыбіётыкаў.

Дапушчальныя ўзроўні па цэзіі-137 на мясную прадукцыю ў Расеі больш жорсткія, чымсьці ў Беларусі.

Апавядае галоўны вэтэрынарны лекар Гомельскага мясакамбінату Ніна Купрыенка:

«У нас яны розныя. У нас нарматыў — да 500 бекерэляў на кіляграм, у Расеі — 200 бэкерэляў. Гэта для ялавічыны. Але ў нас больш за 200 ніколі не бывае, не дасягаем нават расейскага. Для сьвініны — 180 бэкерэляў. І ўсе астатнія прадукты, як і сьвініна, — 180. Ялавічына і дзічына — 500, а ўсё астатняе — 180 бэкерэляў».



Міністэрства аховы здароўя Беларусі й ягоная санітарная служба не сьпяшаюцца зраўняць з суседзямі дапушчальныя ўзроўні радыенуклідаў у мясных вырабах, тым самым пакідаючы вытворцам шырокае поле для манэўру: ня пойдзе мяса на экспарт у Расею — прыдасца на ўнутраным рынку.

Наяўнасьць у мясной прадукцыі радыеактыўнага стронцыю-90 у разьлік наагул не бярэцца. На мясакамбінатах стронцый толькі манітораць.

Вэтэрынарны лекар Купрыенка:

«На стронцый таксама раней існаваў у Расеі нарматыў — дапушчальны ўзровень 200 бэкерэляў на кіляграм у касьцях. Такі быў нарматыў, і ён не павінен быў перавышацца. Але калі ў нас утварыўся Мытны зьвяз, то Расея перагледзела свае санітарныя нормы. І зараз, як і ў Беларусі, у іх стронцый у касьцях мяса ня ўлічваецца».

Спэцыялісты абласной вэтэрынарнай службы на першае месца ставяць зараз ня столькі радыяцыю, колькі рэшткі антыбіётыкаў, якія таксама трапляюць у мяса:

«Гэта, вядома, антыбіётыкі, рэшткавая колькасьць антыбіётыкаў. Гэта можа быць з-за чаго заўгодна — кармоў, прэміксаў, вэтэрынарных прэпаратаў. Бывае, што тэрміны вывядзеньня прэпаратаў ня вытрыманыя, якія трэба вытрымліваць перад забоем жывёлы».

Каб не нарывацца на санкцыі з боку той жа Расеі, гамельчукі мусяць сэртыфікаваць сваю прадукцыю ў суседзяў. Пра гэта кажа начальнік вытворча-тэхнічнай лябараторыі мясакамбінату Ўладзімер Гараеў:

«Працуем з Бранскам — у іх прадукцыю правяраем, дэкляруем, сэртыфікуем — і ў нас, і ў Расейскай Фэдэрацыі».

Аднак наяўнасьць радыяцыі ў прадуктах, нават калі яна ў межах дапушчальных узроўняў, чалавеку здароўя не дадае. Няхай гэта будзе нават 50, 100 ці 200 бэкерэляў на кіляграм харчу.

Меркаваньне на гэты конт доктара мэдыцыны, прафэсара Юрыя Бандажэўскага, які зараз працуе ў Кіеве, а ў свой час быў першым рэктарам Гомельскага мэдінстытуту й займаўся дасьледаваньнем узьдзеяньня малых дозаў радыяцыі на арганізм чалавека:

«Любая колькасьць радыяцыйнага цэзію ў прадуктах харчаваньня, якія трапляюць у арганізм, небясьпечная — з улікам стану здароўя, узросту, актыўнасьці, прыманьня іншых прэпаратаў, якія могуць узмацняць шкоднае ўзьдзеяньне радыеактыўнага цэзію. І 200, а тым больш 500 бэкерэляў у прадуктах харчаваньня — гэта надзвычай вялікія дозы».

Прафэсар заўважае, што незалежныя навукоўцы крытыкуюць нават меншыя дозы: «Мы крытыкуем нават меншыя дозы — 50, 40 бэкерэляў, якія ў некаторых прадуктах яшчэ дазволеныя. І яны наносяць шкоду арганізму ў пэўным стане — пры цяжарнасьці, напрыклад, калі чалавечы зародак разьвіваецца і як губка ўсмоктвае радыеактыўныя й любыя іншыя хімічныя элемэнты. І стронцый стаў апошнім часам усё часьцей сустракацца ў прадуктах харчаваньня. Не зьвяртаць на яго ўвагі вельмі небясьпечна».

Спадар Бандажэўскі лічыць, што беларускія ўлады й Міністэрства аховы здароўя не пераглядаюць дапушчальныя ўзроўні радыяцыі з прагматычнай прычыны:

«Калі зрабіць больш жорсткія нормы, то атрымаецца, што трэба будзе шукаць дадатковыя крыніцы харчаваньня. А іх няма. Нарматыўныя ўзроўні яны вызначалі не ў залежнасьці ад таго, наколькі шкодныя радыеактыўныя элемэнты ў такой колькасьці, а ад таго, у якой колькасьці яны сустракаюцца ў прадуктах харчаваньня».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG