Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як купіць чэхаў на дранікі?


Эмблема праекту Rodina odvedle / Next Door family / Суседзкая сям’я
Эмблема праекту Rodina odvedle / Next Door family / Суседзкая сям’я
У краінах Эўразьвязу пасьпяхова пашыраецца праект, што нарадзіўся ў Чэскай рэспубліцы – супольнага сямейнага абеду прадстаўнікоў тытульнай нацыі і імігрантаў. Сёньня на пытаньні Радыё Свабода адказвае Любоў Грункоўская – беларуска, каардынатар праекту Rodina odvedle / Next Door family / Суседзкая сям’я.

– Люба, цяпер вы ў працэсе падрыхтоўкі лістападаўскага мультыкультурнага абеду. На якой тэрыторыі ён сёлета адбудзецца?

– Акрамя Чэскай рэспублікі, у Славаччыне, Бэльгіі, Вугоршчыне, Італіі, Гішпаніі, Партугаліі і на Мальце. Цалкам адбудуцца 210 спатканьняў-абедаў, гэта значыць, што сустрэнуцца 420 сем'яў.
Любоў Грункоўская
Любоў Грункоўская

– Як спатканьне рыхтуецца, якое правіла: хто прымае гасьцей, а хто ідзе ў госьці?

– Мы, атрымаўшы заяўкі сем'яў, пачынаем каардынаваць спатканьні: пытаемся пра кола інтарэсаў, узрост, дзяцей, што яны ядуць-не ядуць, хочуць пайсьці ў госьці ці быць гаспадарамі... Спрабуем злучыць гэтыя сем'і так, каб у іх было шмат супольнага, каб іх нешта зьвязвала, каб было пра што паразмаўляць за тым абедам. Дадам, што праект разьлічаны на чужынцаў зь легальным статусам, якія паходзяць з краінаў па-за межамі Эўразьвязу. Праект таксама не ахоплівае ўцекачоў, асоб, якія атрымалі прытулак або чакаюць яго, гэта спэцыяльная катэгорыя.

– Здагадваюся, што да такога праекту магло падштурхнуць: чужынцы, імігранты ў Чэхіі нярэдка гавораць пра тое, што застаюцца тут доўгія гады ў межах сваёй вузкай супольнасьці, што шлях да сяброўства з чэхамі не такі просты, што нефармальныя кантакты тут завязваюцца ня з кожным суседам...

– У многім так, гэта праблема для значнай колькасьці людзей тут. Я сама, напрыклад, жыву тут 8 гадоў, перад гэтым уся мая камунікацыя зводзілася да наведваньня крамаў ці дзяржаўных устаноў. З чэхамі пазнаёмілася пэрсанальна і бліжэй, калі пачала працаваць у адной арганізацыі. Думка наконт самога праекту нарадзілася ў дырэктаркі нашай арганізацыі Елэны Сілайджыч, яна сама з Босьніі. Праект спрабуе даць магчымасьць нефармальнага знаёмства на ўзроўні сем'яў, што б магло перарасьці ў далейшае знаёмства. І такія выпадкі – не выключэньне.

– Мне здаецца, што ваш праект стартаваў якраз у даволі спэцыфічнай краіне, бо самі чэхі большасьць сваіх сяброўскіх спатканьняў праводзяць па-за домам, як правіла, у піўных. Да сябе дахаты, за стол, яны запрашаюць рэдка і сапраўды вельмі блізкіх людзей.

– Ведаючы гэта, мы былі нават зьдзіўленыя, што кожны год усё больш і больш чэхаў хочуць паўдзельнічаць у праекце – бо яны ведаюць пра яго з тэлебачаньня, радыё. Нам нашмат цяжэй знайсьці кандыдатаў-іншаземцаў, бо многія зь іх ня могуць даведацца пра гэта. Часта яны так крыху пабойваюцца пайсьці да чэхаў: а што пра іх падумаюць, што пра іх скажуць, ці ня будуць на іх успрыняцьце ўплываць нейкія стэрэатыпы. Але дзякуючы таму, што ў нас ёсьць асыстэнты, якія сем'і ўважліва падбіраюць, у абсалютнай большасьці выпадкаў такія засьцярогі ня спраўджваюцца.

– Ну, а што беларусы, карыстаюцца попытам?

– Беларусы ў нашым праекце таксама ўдзельнічалі – і як асыстэнты праекту, і як сем'і. Але Беларусь не настолькі папулярная ці мэдыялізаваная тут. Пра Беларусь ведаюць у кантэксьце інфармацыі пра рэжым, пра выбары, пра палітыку, але як пра народ яны пра нас нічога ня ведаюць. Проста для іх гэта адзін з народаў былога Савецкага Саюзу, як расейцы ці ўкраінцы.

– А ці мяняецца ўвогуле ў Чэхіі стаўленьне да так званых рускамоўных? Ці істотна для чэхаў, што яны могуць мець рознае нацыянальнае паходжаньне?

– Я б сказала, што сытуацыя ў Чэхіі мяняецца значна, чужынец – тут ужо не навінка. Хаця і застаюцца вось такія стэрэатыпы, што калі ўкраінец, то гэта працоўны мігрант, што калі расеец, то ён нешта купіў у Карлавых Варах, што калі беларус, дык ён палітычны ўцякач. Калі мы гаворым, што прыйдзе, напрыклад, беларуская сям'я, то чэхі абавязкова заходзяць у інтэрнэт, паглядзяць, што такое Менск, Беларусь, яны бываюць падрыхтаваныя.

– Люба, а як вы вырашаеце сучасную сытуацыю, што ня ўсе сем’і ідэальныя, поўныя ці нават афіцыйна зарэгістраваныя?

– У нашым праекце вызначана, што яго ўдзельнікамі ў якасьці сям’і могуць быць мінімальна два чалавекі, якія сябе лічаць сям’ёй (сужэнцы або партнэры, муж з жонкай і дзецьмі, бацька або маці з дзіцем, бабуля з унукам, брат зь сястрой ), але не адзінокія. Але і адзінокі жадаючы, можа паўдзельнічаць у праекце ў якасьці асыстэнта.

– Ці патрэбна для ўдзелу ў вашым праекце дасканалая чэская мова?

– Неабавязкова. Многія чужынцы больш-менш па-чэску гавораць, чэхі таксама бываюць шматмоўныя, дапамагае таксама і наш асыстэнт.

– Ці так важна, што падаецца на абед, ці абмяркоўваецца, што б госьці хацелі паспрабаваць?

– Да абеду сем'і ня бачацца. Уся камунікацыя адбываецца праз асыстэнта. Мы заўсёды просім гатаваць сваю традыцыйную ежу, не рабіць націск на багатым, надзвычайным пачастунку, пытаемся толькі, ці няма ў іх нейкіх алергіяў, ці чаго яны не ядуць. Напрыклад, некаторыя мусульманскія сем'і ядуць халаль, гэта нешта як кашэр у габрэяў. Мы ўлічваем гэтыя акалічнасьці, арганізоўваем так, каб усе маглі ўсё есьці.

– А ці падаецца да такіх абедаў алькаголь?

– Як дзе. Тыя, што кажуць, што яны ня п'юць, дык ім і не наліваюць. Хаця піва тут і не ўспрымаецца як сьпіртное. Піва і віно мы талеруем. У астатнім усё вырашаецца індывідуальна. Сок ці вада на стале бываюць заўсёды.

– Тая сям'я, што рыхтуе абед, аплачвае ўсё са свайго бюджэту, або атрымлівае ад вас нейкую кампэнсацыю?

– Мы можам прапанаваць суму да 800 крон, гэта 40 даляраў, на набыцьцё прадуктаў. Калі сем'і вялікія або патрабуюць даражэйшых спэцыяльных прадуктаў, стараемся таксама іх фінансава падтрымаць. Але некаторыя сем'і і ня хочуць гэтых грошай.

– Люба, а чаму гэты праект стаў папулярны і пашырыўся за межы Чэхіі, у іншыя краіны Эўразьвязу?

– Мяркую, у першую чаргу таму, што тут была вельмі добрая мэдыяльная падтрымка. Колькасьць заявак ад чэхаў з кожным годам расьце. Мы робім гэта ўжо восем гадоў. Наш вынік натхняе і партнэрскія арганізацыі за мяжой.

– Калі дакладна наступны мультыкультурны абед адбудзецца?

– Усе сустрэчы за абедзенным сталом адбудуцца 18 лістапада ў 13 гадзін па чэскім ці цэнтральнаэўрапейскім часе. У Чэхіі адбудзецца 55 сустрэчаў і ня толькі ў Празе. Заяўкі яшчэ прымаюцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG