Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы фільм «Плошча. Жанчыны» зьявіўся ў інтэрнэце


Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

На відэапартале YouTube зьявіўся дакумэнтальны фільм «Плошча. Жанчыны». Ідэя праекту належыць пісьменьніцы Сьвятлане Алексіевіч. Сьвятлана Алексіевіч адказала на пытаньні «Свабоды».

Алексіевіч: Зразумела, вельмі хацелася б, каб гэтае відэа паглядзела як мага болей людзей. Каб не прайшлі паўз нас тыя пакуты, якія перажылі гэтыя жанчыны ды іх дзеці. Каб час ад часу ўзгадвалася пра тое, што ня ўва ўсіх маці вытрымала сэрца ад таго, што здарылася зь іхнімі хлопчыкамі. У нашым фільме распавядаецца, што маці двух палітвязьняў памерлі. Вось такімі гісторыямі можна пабудзіць свой народ, а ня нейкімі палітычнымі лёзунгамі...Трэба гаварыць пра чалавечыя рэчы і такім чынам прабівацца да іншых. Бо кожны з нас можа апынуцца на месцы гераінь гэтага фільму.

Свабода: Фільм зьняты мабільным тэлефонам з убудаванай відэакамэрай. Гэта звычайныя чалавечыя размовы пра тое, што ў жыцьці далёкіх калісьці ад палітыкі жанчын зьмянілася пасьля падзеяў 19 сьнежня. Падставай для праекту стала сустрэча ў вас дома з вашымі сяброўкамі — мастацтвазнаўцай, журналісткамі. Размова ішла пра тое (гэта ваша тэма), што гісторыя народу, краіны жыве ў кожным маленькім чалавеку, што гэта трэба фіксаваць на любы даступны носьбіт. І тады адна зь іх — мастацтвазнаўца Тацяна Цюрына — сказала: «Ага, у мяне ёсьць мабільнік...»

Алексіевіч: Так, мы гаварылі пра тое, што кожны чалавек носіць гісторыю ў сябе ды зносіць, сыходзячы, з сабой. Толькі ў аднаго гэта дзьве старонкі, а ў другога — дзесяць, і г.д... Літаратура ўжо не пасьпявае адлюстраваць усё гэта. Пісьменьнік спрабуе шукаць нейкія новыя словы, аднак энэргія зь іх сышла. Каму давярае цяпер наш сучасьнік? Гэта, зразумела, сьведкі, сьведчаньні... І гэтыя сьведчаньні важна сёньня захаваць на любым носьбіце — дыктафоне, камэры, тэлефоне...Ня важна як. Галоўнае — убачыць, пачуць. І зафіксаваць. Зафіксаваць гэты момант можа мастак, журналіст... У гэтым праекце такое ўдалося. Мы, дарэчы, хочам зрабіць і працяг, які будзе называцца «Плошча. Мужчыны». Будуць два такія погляды... Мне самой цікава, што з гэтага выйдзе.



Свабода: «Плошча. Жанчыны», «Плошча. Мужчыны». У гэтых назвах акцэнт робіцца на падзеі амаль двухгадовай даўніны. Хоць у тым жа відэафільме пра падзеі 19 сьнежня гаворыцца ня так ужо і шмат...

Алексіевіч: Лічу, што Плошча, тыя падзеі, якія адбыліся 19 сьнежня 2010 году, — вельмі знакавыя. Гэта яшчэ раз пацьвярджае здагадку, што мы, з аднаго боку, ператварыліся ў гета, дзе наверсе жыцьцё робіцца, гэтак мовіць, «па паняцьцях», аднак усярэдзіне адбываюцца нейкія нязвыклыя і цікавыя працэсы, якія сёньня ня кожны разумее ды ўсьведамляе...

Мы ўбачылі, што народ — гэта зусім ня тое, што пра яго прынята думаць: што гэта людзі, якіх апанаваў страх, рабы. Так, гэта прысутнічае, аднак, тым ня менш, пры гэтым наверх могуць выйсьці зусім іншыя сілы... Як адбываецца часта ў экстрэмальных умовах, у тым ліку на вайне (гэта і мая тэма таксама) — кажуць пра пакуты герояў, аднак ніхто ня кажа пра пакуты жанчын. У нашым такім крыху патрыярхальным грамадзтве традыцыйна лічылася і лічыцца, што жанчына нібыта звонку, а жыцьцё — як старое, так і сучаснае — робяць мужчыны. Насамрэч вядомыя падзеі паказалі зусім іншае.

Я лічу, што калі абставіны зьменяцца, а яны зьменяцца, у палітыку ды грамадзкае жыцьцё прыйдзе шмат жанчын. Бо яны ёсьць, і іх рост як асобаў вельмі адчувальны. Яны растуць на тле гэтых падзеяў, на тле страху, нават асабістых стратаў, на той зьнявазе, якую мы перажываем як нацыя. Жанчыны «праб’юцца». Бо трымаць іх далей на другасных ролях проста немагчыма. Пра гэта наш расказ... Для мяне вельмі важная канцоўка фільму, калі на сустрэчы блізкіх сваякоў палітвязьняў старэйшая жанчына, у сям’і якой ніхто не пацярпеў, ніхто не сядзеў, кажа: «Я пражыла ўсё жыцьцё ў СССР, а прыходжу сюды, каб адчуваць сябе свабоднай».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG