Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Артысты працуюць — не з палітычных, а з матэрыяльных меркаваньняў»


Украінскае інтэрнэт-выданьне volynpost.com паведамляе пра ўдзел «гурту „Верасы“ — народных артыстаў Беларусі Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча ў выбарчай кампаніі праўладнага кандыдата ў дэпутаты Вярхоўнай Рады Ўкраіны Сьцяпана Івахава.

Аднак украінскае заканадаўства забараняе замежным грамадзянам праводзіць такую агітацыю. Пры адсутнасьці тэлефоннай сувязі зь беларускім дуэтам сытуацыю камэнтуе Ірына Цьвяткова — загадчыца музычнай часткі гурту «Верасы», у склад якога раней уваходзілі Ядвіга Паплаўская і Аляксандар Ціхановіч:

Цьвяткова: «Не, „Верасы“ ня ўдзельнічалі ў гэтай кампаніі. Яны называюць сябе „Верасамі“, але даўно ўжо імі не зьяўляюцца. Магчыма, па старой памяці іх так называюць. У 93-м годзе мы ўдзельнічалі ў падобнай кампаніі ў Беларусі, здаецца, гэта парлямэнцкая была. Мы ўдзельнічалі як артысты Тэатру эстрады, а канцэртная кампанія называлася „Красуй, Беларусь“. Сёлета ніхто не запрашаў, і, па-мойму, гэтая кампанія ўвогуле прайшла без артыстаў. Калі артыстаў запрашаюць, то ім трэба плаціць, а калі не запрашаюць, то, значыць, няма грошай. А артысты працуюць, калі іх запрашаюць і ім плацяць. Толькі з гэтых меркаваньняў артысты працуюць — не з палітычных, а з матэрыяльных меркаваньняў».

Музычны прадусар Віталь Супрановіч лічыць: «Мне падаецца, што гэта нармальная сытуацыя, бо музыкі — таксама грамадзяне краіны, яны маюць свае палітычныя погляды і свой выбар. І мне падаецца нармальным, калі яны падтрымліваюць таго ці іншага кандыдата. Адносна ўдзелу ў палітычных кампаніях за мяжой — то гэта таксама права музыкаў, калі гэтага не забараняе заканадаўства. Тут могуць быць і матэрыяльныя інтарэсы, але калі інтарэсы гурту супадаюць з інтарэсамі нейкай палітычнай сілы, то гэта, мне падаецца, цалкам нармальна. І мне крыху дзіўная тая сытуацыя ў нашай краіне, калі пасьля ўдзелу ў такой палітычнай кампаніі некаторыя гурты становяцца забароненымі і ім чыняцца перашкоды».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG