Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Булгакаў: «Спадзяюся, гэта застанецца ў памяці як прыкры эпізод»


Валеры Булгакаў
Валеры Булгакаў

18 кастрычніка публіцыст, рэдактар часопіса «Arche» Валер Булгакаў павінен зьявіцца ў Гарадзенскі абласны гаспадарчы суд. Тут будзе разглядацца справа аб сканфіскаваных у яго кнігах і часопісах.

14 верасьня Валер Булгакаў прыехаў у Горадню, каб прадставіць новую кнігу з сэрыі часопісу «Arche» «Саветызацыя Заходняй Беларусі» аўтарства гісторыка Яна Шумскага. Чытачы змаглі набыць кнігу і папярэднія нумары часопіса.

Як выявілася, на сустрэчу прыйшлі супрацоўнікі падатковай інспэкцыі. Яны зрабілі кантрольны закуп. Былі сканфіскаваныя каля двухсот асобнікаў часопіса і кніг, на якія не было накладных. Валера Булгакава даставілі ў падатковую, адкуль адпусьцілі позна ўвечары.

Сёньня «Свабода» задала спадару Булгакаву некалькі пытаньняў:

«Які юрыдычны статус выдавецтва «Arche»?

«Пытаньне гэтае не зусім правільнае, бо такога выдавецтва не існуе ў прыродзе. Ёсьць часопіс „Arche“, які зарэгістраваны ва ўстаноўленым законам парадку. Ёсьць кніжкі, якія мы паказваем нашым чытачам падчас сустрэчаў. Яны могуць быць выдадзеныя рознымі выдавецтвамі.

Таму, з аднаго боку, ёсьць пэрыядычная, штомесячная публікацыя часопіса „Arche“. І з другога боку — кніжкі розных выдаўцоў, як беларускіх, так і замежных».

«Ці ёсьць у вас ліцэнзія на права гандлю?»

«Ліцэнзіі на права гандлю ў нас не было. І з гэтым зьвязанае тое затрыманьне, якое адбылося 14 верасьня. Але я хачу сказаць, што дэ-факта ў эўрапейскіх краінах склалася такая традыцыя, калі дробная колькасьць нейкай друкаванай прадукцыі падчас публічных імпрэзаў прадаецца, як кажуць, з рук. Калі, напрыклад, вы зойдзеце ў Франкфурце-на-Майне на вядомую міжнародную кніжную выставу, то пабачыце — такая практыка там і паўсюль прынятая.

Уласна кажучы, 14 верасьня сытуацыя была трошкі ненармальная, бо адбывалася прэзэнтацыя ня ў Менску, а ў Гародні. І, натуральна, везьці з сабою касавы апарат дзеля 25 штук кніжак і часопісаў было ня вельмі зручна. Хоць мы плянавалі гэта зрабіць.

З чыста юрыдычнага пункту гледжаньня падатковая інспэкцыя ў Гародні мела права зрабіць тое, што яна зрабіла. Але няма сумневу, што гэта не звычайная, руцінная рэч. Гэта быў пачатак кампаніі супраць нашага часопіса».

«Чаго вы чакаеце ад заўтрашняга суду? Як будуць дзейнічаць улады? Як будзеце дзейнічаць вы? Ці будзеце працягваць сваю дзейнасьць?»

«Я не чакаю нейкіх зьверскіх рашэньняў. Думаю, што ўсё адбудзецца ў плоскасьці скарацечнага разгляду і прысуджэньня нейкага штрафу. Спадзяюся, гэта застанецца ў памяці як прыкры эпізод».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG