Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму няма салідарных у Дзень салідарнасьці?


Дзень салідарнасьці. Сьнежань 2010
Дзень салідарнасьці. Сьнежань 2010

Сем гадоў таму, 16 кастрычніка 2005 году, у Беларусі запачаткавалася традыцыя: у 16-ты дзень кожнага месяца ладзіць акцыі салідарнасьці са зьніклымі і палітвязьнямі.

Спачатку гэта былі вулічныя акцыі, потым арганізатары заклікалі ўсіх неабыякавых людзей увечары на некалькі хвілін выключаць у доме сьвятло і запальваць у вакне сьвечкі. Мяняўся фармат, пашыралася геаграфія акцыяў, але паступова яны сьцішыліся.

7 гадоў таму адным з арганізатараў акцыяў салідарнасьці выступіла журналістка Ірына Халіп, якая і дагэтуль лічыць гэтую ініцыятыву вельмі патрэбнай:

Ірына Халіп
Ірына Халіп
«Яна стала абсалютна незалежнай ад тых, хто яе некалі абвяшчаў. А гэта, акрамя мяне, Ірына Красоўская і актывіст «Зубра» Мікіта Сасім, які ўзьняў сваю джынсавую кашулю, калі яго зьбівалі на Кастрычніцкай плошчы і адабралі ў яго сьцяг. Адтуль пайшоў гэты сымбаль «рэвалюцыі джынсавага супраціву».

Потым далучыўся да акцыяў салідарнасьці «Малады фронт» — ён ладзіў вулічныя пратэсты, якія разганяліся ўладай, удзельнікаў арыштоўвалі. На адной з такіх акцыяў у ліпені 2005 году амапавец ударыў у твар Сьвятлану Завадзкую і зьмяў партрэт яе мужа Зьмітра Завадзкага.

Дэмакратычныя актывісты прыдумлялі разнастайныя фарматы. У 2006 годзе акцыі ладзіліся каля расейскай амбасады, у 2007 годзе — каля касьцёла Сьвятога Язэпа. Пашыралася геаграфія: ад Беларусі да Нью-Ёрку, Брусэлю, Лёндану, Прагі... Але паступова акцыі салідарнасьці пачалі згасаць. Многія актывісты, якія ладзілі іх, пасьля выбараў 2010 году вымушаныя былі зьехаць за мяжу.

Наста Палажанка
Наста Палажанка
Але, на думку намесьніцы старшыні «Маладога фронту» Насты Палажанкі, тэма салідарнасьці не зьнікае:

«Можа, яна не такая, якую мы хочам, не такая, якой мы яе для сябе ўяўляем. Ёсьць зараз і „Маратон салідарнасьці“ з палітвязьнямі, у кожнай арганізацыі ёсьць інфармаваньне пра наяўнасьць у краіне палітвязьняў. Яна па-свойму была выкарыстаная і падчас выбарчай кампаніі. Зьнік хіба такі актыўны фармат вулічных акцыяў, выхадаў на Кастрычніцкую плошчу, чым запомніліся гэтыя акцыі салідарнасьці».

Лідэр кампаніі «Гавары праўду», экс-кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў выказаў сваю заклапочанасьць станам унутры дэмакратычнай апазыцыі. Ён кажа, што і зьніклыя ёсьць, і палітвязьні ёсьць, але акцыі салідарнасьці паціху зьнікаюць менавіта з-за непаразуменьня і нават адкрытай барацьбы ўнутры дэмакратычнай апазыцыі:

Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў
«На тле гэтага заціханьня ці барацьбы з прычынамі — гэта значыць, з рэжымам, з уладай, якая сваімі дзеяньнямі загнала ня толькі саму сябе ў тупік — адбываецца нарастаньне ўнутрывідавай барацьбы. Не барацьбы з рэжымам, не барацьбы з уладай, а адна частка апазыцыі змагаецца зь іншай, шукаюцца ворагі ў стане змагароў. Дык вось, каб не было затуханьня, напэўна, найперш павінны дасягнуць згоды, салідарнасьці паміж сабой. Бяз гэтага ў нас нічога ня будзе. Менавіта гэтым я апошнім часам найбольш заклапочаны і ў гэтым кірунку шукаю нейкіх захадаў для выпраўленьня сытуацыі».

Адна зь ініцыятараў акцыяў салідарнасьці, журналістка Ірына Халіп лічыць, што прычыны згасаньня акцыяў салідарнасьці — у самім беларускім грамадзтве, у абыякавасьці бальшыні беларусаў:

«А што ўвогуле стала з грамадзтвам? Мне здаецца, людзі сталі настолькі маральна, псыхалягічна стомленымі, што я нават ня ведаю, што павінна адбыцца ў краіне, каб зноў яны адчулі нейкую ўзрушанасьць, нейкі духоўны уздым... Я ня ведаю, што павінна адбыцца, хто і што павінен зрабіць...»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG