Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нішто не замінала дзяржаве працаваць у акцыянэрных таварыствах»


Аляксандар Лукашэнка адмыслова патлумачыў расейскім журналістам прычыны адхіленьня ад пасадаў кіраўнікоў адкрытых акцыянэрных таварыстваў «Камунарка» і «Спартак» Натальлі Кот і Алесі Самсонавай, а таксама расфармаваньня назіральных радаў гэтых калектываў.

Лукашэнка зазначыў, што ня супраць прыватнай уласнасьці, але не зьбіраецца мірыцца з захопам былога ці цяперашняга дзяржаўнага багацьця. Ён заявіў, што «рэйдэрскі захоп» кандытарскіх фабрык быў учынены амэрыканскім бізнэсоўцам Маратам Новікавым, вядомым, словамі Лукашэнкі, яшчэ як «Ізя Сігізмундавіч». Стратэгічны акцыянэр нібыта плаціў «прыкормленым» кіраўнікам, каб урэшце скупіць 100% акцый прадпрыемстваў. «Габрэі — разумныя людзі, дык хоць бы якую хітрэйшую схему прыдумаў», — паіранізаваў Лукашэнка.

Дырэктар Агенцтва дзелавых сувязяў Валянцін Лопан у гэтай сувязі зазначае: нішто не перашкаджала дзяржаве, якая мела значныя долі акцый у абодвух акцыянэрных таварыствах, дыктаваць свае ўмовы гульні:

Валянцін Лопан
Валянцін Лопан
«Я чытаў публікацыі таго, што сказаў кіраўнік краіны яшчэ на „Камунарцы“. Ён ня тое што патрабаваў вярнуцца ў 1990-я і ўсё забраць, ён казаў, што трэба прызнаць памылковасьць таго, што рабілася ў 1990-я па прыватызацыі. Нягледзячы на тое, што гэта толькі ягоная думка, наступствы таго, што сказаў кіраўнік дзяржавы, могуць быць самыя розныя. Што тут можна прагназаваць? У прынцыпе, такая ягоная думка і ён пэўныя рашэньні прымае ў рамках нейкіх сваіх паўнамоцтваў. Вядома, пасьля гэтага ўзьнікае пэўны пярэпалах, таму што адкрытыя акцыянэрныя таварыствы працуюць у адпаведнасьці з нарматывамі, існуе вялікае заканадаўства аб гаспадарчых таварыствах, працэдуры расьпісаныя.

Шчыра кажучы, я ня ведаю, што перашкаджала прадстаўнікам дзяржавы ў гэтых акцыянэрных таварыствах неяк фармаваць парадак дня таго ж сходу, галасаваць пэўным чынам. Перад гэтым трэба было б якіх-небудзь граматных юрыстаў пазапытваць, бо цікава, як усе гэтыя рашэньні будуць афармляцца. Для мяне асабіста гэтае пытаньне адкрытае — з пункту гледжаньня легітымнасьці, юрыдычнай асновы, правамернасьці і г.д. Вось гэта цікава. Бо калі ў рамках закону — так таму і быць, але пакуль ёсьць пытаньні».

12 кастрычніка Лукашэнка фактычна нацыяналізаваў «Камунарку» і «Спартак», ануляваўшы іх статус адкрытых акцыянэрных таварыстваў. Паводле Лукашэнкі, надышоў час прызнаць памылковасьць таго, што было зроблена ў 1990-я. Ён загадаў цягам кастрычніка закрыць праблему па ўсіх прадпрыемствах, якія былі калісьці прыватызаваныя і раздадзеныя: «Усе яны павінны быць дзяржаўнымі», — заявіў ён.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG