Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйск: Лідэр незалежнага прафсаюзу — зноў за прахадной


Міхаіл Кавалькоў
Міхаіл Кавалькоў

У Бабруйску на завод трактарных дэталяў і агрэгатаў зноў не пускаюць лідэра суполкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага Міхаіла Кавалькова.

Шарагоўцы заводзкай суполкі заяўляюць, што адміністрацыя пагражае не падоўжыць зь імі кантракты і пазбавіць даплат, калі яны ня выйдуць зь незалежнага прафсаюзу.

8 і 9 кастрычніка Міхаіл Кавалькоў зноў ня здолеў трапіць на тэрыторыю заводу: пропуск у яго сапраўдны, але заблякаваны. З чым зьвязвае актывіст нядопуск на завод?

«Я прыходжу на завод, і народ мяне бачыць і бачыць, што ёсьць прафсаюз, што ён нікуды не падзеўся. Да мяне зьвяртаюцца работнікі і кажуць, што на іх ідзе ціск. Ёсьць людзі, якія гатовыя да таго, каб іх звольнілі, а потым праз суд аднавіцца. Калі мяне ня будзе, то лягчэй будзе распраўляцца зь людзьмі».

За два дні, якія Міхаіл Кавалькоў правёў на прахадной, а не на самім заводзе, актывіст склаў два акты. Іх ён зьбіраецца занесьці ў суд, які ўжо пастанаўляў, каб адміністрацыя разблякавала яму пропуск, а таксама паказаць старшыні Бабруйскага гарвыканкаму Дзьмітрыю Бонахаву, зь якім будзе сустракацца днямі. Паводле Кавалькова, старшыня гарадзкой вэртыкалі запэўніваў, што праблемаў з допускам на завод больш ня будзе.

У праблемах з пропускам Міхаіл Кавалькоў вінаваціць ідэоляга прадпрыемства Уладзімера Елісеенку.

«Сёньня Кавалькоў мне патэлефанаваў. Я яму адказаў: калі ваш пропуск не працуе, то гэта не азначае, што вінаваты ў гэтым Елісеенка. Я яму прапанаваў, калі мы яму перашкаджаем працаваць і пакуль не адрамантуюць альбо заменяць сталы пропуск, карыстацца разавым пропускам», — заявіў Уладзімер Елісеенка.

Што да выказваньняў Міхаіла Кавалькова пра ўціск на прадпрыемстве шараговых сяброў Свабоднага прафсаюзу Беларускага, то спадар Елісеенка зазначыў:

«Выказваньні Кавалькова я, зразумела, камэнтаваць не зьбіраюся. У мяне ёсьць іншыя спосабы і мэтады абараніць сваё чэснае імя праз праваахоўныя органы і органы нагляду».

Некаторыя з працаўнікоў прадпрыемства не хаваюць, што ім прапаноўвалі выйсьці з Свабоднага прафсаюзу Беларускага.

Працаўнік: «У мяне 31 кастрычніка кантракт сканчаецца. Мне тонка намякнулі, што выходзь з Свабоднага прафсаюзу — і мы табе працягнем кантакт. З прафсаюзу я адмовіўся выходзіць. А кантракт... Пакуль толькі паведамленьне даслалі».

Працаўніца: «Проста прапанавалі сесьці і напісаць заяву аб выхадзе. Інакш мне будуць зьнятыя надбаўкі і даплаты. Было сказана: «Вы падтрымліваеце Кавалькова — гэтага нахлебніка, які тут нікому добрага не зрабіў».

Суполка незалежнага прафсаюзу мела офіс у будынку заводакіраўніцтва. Цяпер яго няма. Адміністрацыя, нягледзячы на пастанову Магілёўскага абласнога суду, скасавала дамову на арэнду і замуравала ўваход у офіс:

«Свабодны прафсаюз адстойвае інтарэсы працоўных і адчувае цяпер на сабе ціск. Пазбаўлены памяшканьня. Прапанавалі новае за тэрыторыяй заводу. Чапляюцца за малое, абы толькі выціснуць сяброў Свабоднага прафсаюзу з арганізацыі», — заяўляе яшчэ адзін працаўнік.

Паводле Міхаіла Кавалькова, адносіны з адміністрацыяй заводу пагоршыліся ад леташняга лістапада, калі былі сабраныя подпісы працаўнікоў за падвышэньне заробкаў. Пасьля гэтага ў Кавалькова зьявіліся праблемы з праходам на прадпрыемства. Залагодзіць канфлікт адміністрацыі Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў з суполкай Свабоднага прафсаюзу Беларускага бралася кіраўніцтва Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. 31 жніўня бакі дамовіліся пра пакрокавы выхад з канфліктнай сытуацыі. Першым крокам стала разблякаваньне 5 верасьня Кавалькову пропуску на завод. Цяпер актывіст зноў за прахадной.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG