Vinsent — беларускі рэпэр і актор. Сыграў у фільме Андрэя Курэйчыка «Вышэй за неба», а таксама быў выканаўцам галоўнай ролі ў фільме «Жыве Беларусь» Кшыштафа Лукашэвіча. На Радыё Свабода Vinsent вядзе аўтарскае шоў «Цырк за дротам».
[Слухаць размову цалкам]
— Ты казаў, што хацеў бы стаць футбольным камэнтатарам і зьмяніць Уладзіміра Навіцкага па пасадзе галоўнага камэнтатара краіны…
— Я думаю, у будучыні, я абавязкова пракамэнтую матч БАТЭ ў пары зь якім-небудзь камэнтатарам. Людзі, якія не цікавяцца футболам, а цікавяцца музыкай, трэба зацікавіць іх футболам, і наадварот.
— Ты, напэўна, сочыш за матчамі БАТЭ…
— Так, я ўвогуле не прапускаю матчаў зборных і матчаў, калі клюбы ўдзельнічаюць у Эўракубках.
— А матчы беларускай зборнай наведваеш?
— Я ў прынцыпе хаджу на 21 сэктар у «Б-12» у Менску калі гуляем, і на выезьдзе я быў адзін раз.
— І што, зь бел-чырвона-белым сьцягам?
— Вядома, сэктар у нас быў цалкам бел-чырвона-белы. Таму што фанаты вельмі адэкватныя людзі. Зеляніны там асабліва няма.
— Ну вось цяпер пасьля перамогі дома чаму б не прыехаць у Мюнхен са сьцягамі і не запоўніць стадыён бел-чырвона-белымі колерамі?
— А там і так і Мюнхене усё бел-чырвона-белае. Гэта колеры Баварыі
— Дык што, стадыён будзе бел-чырвона-белы?
— Ну, мы ўжо папрацавалі, лёбі там папрацавала… (сьмяецца)
— Калі можна будзе сказаць, што футбол стаў беларускім нацыянальным спортам?
— Калі хакей перастане быць нацыянальным спортам. Ня ведаю. Мне здаецца, мы ў футболе паказваем значна лепшыя вынікі, чым у хакеі. Параўнайце самі. У хакейным чэмпіянаце у нас штогод мэта — увайсьці у васьмёрку. Прычым у Міжнароднай хакейнай фэдэрацыі, мне здаецца, каля 40 краінаў. У футбольнай — ФІФА — мне здаецца, некалькі соцень, … У футбол гуляюць усе, канкурэнцыя там большая. І што мы бачым? Нашая маладзёвая зборная амаль штогод (з апошніх чатырох цыкляў тройчы) выходзіць на Чэмпіянат Эўропы. Гэта паказвае, што ў нас больш таленавітыя, здольныя людзі да футболу. Пры большай канкурэнцыі яны ўдзельнічаюць у Алімпіядзе, выходзяць у фінальныя турніры, атрымалі бронзавыя мэдалі на апошнім чэмпіянаце. Гэта значыць, футбол наш спорт, а не хакей. Больш мэтазгодна было б фінансаваць футбол.
— Чаму ж?
— Футбол — гэта калясальны піяр. Дастаткова трапіць адзін раз на чатыры гады на Чэмпіянат сьвету і ўсё. Краіне забясьпечаны піяр. Агромністы піяр на ўвесь сьвет. А хакей што? Хакей — абмежаваная колькасьць.
Увогуле, я апошнім часам не гляджу тэлебачаньне. Толькі футбол. І то — праз інтэрнэт. Няма важнейшай справы за футбол. Вось я кажу, матч нацыянальнай зборнай ці эўракубкавы-то ўсё, справаў няма, і нічога больш няма.
Слухайце размову цалкам: