Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вандалы зламалі крыж на Аршанскім полі


Каля мэмарыяльнага крыжа. 7 верасьня 2012 году
Каля мэмарыяльнага крыжа. 7 верасьня 2012 году

Дубовы крыж вышынёй больш за тры мэтры быў пастаўлены ў 1995 годзе ў памяць пра загінулых ваяроў – удзельнікаў гістарычнай бітвы 8 верасьня 1514 году.

Крыж з надпісам «Героям Аршанскай перамогі» стаяў на пагорку – над вялікай палянай на беразе рэчкі Крапівенкі. Унізе быў усталяваны памятны камень. Ён не пацярпеў.

Пра тое, што мэмарыяльны крыж зламаны, паведаміў аршанскі гісторык Юры Копцік:

Юры Копцік
Юры Копцік
«На поле Аршанскай бітвы часта прыяжджаюць аматары беларускай гісторыі. І вось гэтым разам крыжа на звычайным месцы яны ня ўбачылі. Кажуць, што ён зламаны, ляжыць унізе. Сам упасьці ён ніяк ня мог: быў добра ўмацаваны і вытрымаў не адну навальніцу. Значыць, гэта зроблена знарок, кім – невядома. Але калі гэтыя людзі думаюць, што галоўнае – гэта той крыж, ці помнік унізе, то яны глыбока памыляюцца. А крыж мы адновім. І, можа, зробім што-небудзь яшчэ, каб нашчадкам таксама засталася памяць пра нашу гісторыю!»

На полі, дзе адбывалася гістарычная Аршанская бітва, з 1991 году праходзіў фэст беларускай бардаўскай песьні і паэзіі. Апошнія гады імпрэза зьмяніла фармат і месца правядзеньня, бо міліцыя не давала ўдзельнікам зьбірацца на гэтым месцы. Летась і сёлета само поле ўзаралі, каб да крыжа і помніка нельга было пад'ехаць на машыне.

Аднак да крыжа ў пачатку верасьня ўсё адно прыходзяць людзі. Так было і сёлета: некалькі дзён запар да крыжа прыходзілі аматары беларускай гісторыі, зьбіраліся на супольную малітву, запальвалі сьвечкі, ускладалі кветкі, узьнімалі бел-чырвона-белыя сьцягі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG