Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці аб'яднаецца апазыцыя пасьля выбараў?


Сяргей Калякін
Сяргей Калякін

Стаўленьне да выбараў у Палату прадстаўнікоў пятага скліканьня -- байкот альбо ўдзел у іх – падзялілі беларускую апазыцыю. І цяпер, калі яны скончыліся, палітолягі заяўляюць, што апазыцыі трэба аб'ядноўвацца.

Апазыцыя на парлямэнцкіх выбарах 2012 года ў горшы бок адрозьнівалася ад кампаніі чатырохгадовай даўніны, калі ў Беларусі таксама абіраліся дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, лічыць палітоляг Вацлаў Арэшка:

Вацлаў Арэшка
Вацлаў Арэшка
"Кампанія 2008 году праходзіла, калі яшчэ так ці інакш існавала пэўнае аб'яднаньне апазыцыі. Былі яшчэ аб'яднаныя дэмакратычныя сілы. Не такія, праўда, аб'яднаныя як раней. Але ж былі агульная стратэгія, лёзунгі, пасланьне.

А на гэты момант апазыцыі як нейкай адзінай сілы няма. Кожны бяжыць сваёй дарожкай, дарожкі часам ідуць зыгзагам. І таму нейкае перафарматаваньне апазыцыі і яе аб'яднаньне адбудзецца пасьля выбараў. Менавіта прайшоўшая выбарчая кампанія стане адным з фактараў, па якім будзе адбывацца новае перафарматаваньне апазыцыйнага поля".

Аднак і цяпер кожны з суб'ектаў выбараў-2012 упэўнены: менавіта ён падчас гэтай кампаніі дзейнічаў правільна. Так, лідэр партыі "Справядлівы сьвет" Сяргей Калякін гаворыць: партыя зрабіла разумна, што ішла на выбарах да канца:

"Я лічу, што стратэгія, якую мы выбралі, сябе апраўдала. Такога масавага доступу да выбарцаў мы ня мелі ўжо даволі даўно, яшчэ і зь улікам што наша партыя не вылучала свайго кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах.

І другое, менавіта ўдзел нашых кандыдатаў, як і зь іншых партыяў, дазволіў ускрыць усе парокі выбараў. Калі б абсалютна ўсе заняліся байкотам, сёньня нам не было б пра што гаварыць. Сядзелі б і разважалі аб сытуацыі, якая магчыма магла быць".

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька
Правільнай лічыць абраную стратэгію і старшыня АГП Анатоль Лябедзька, хоць гэта партыя дзейнічала ў рамках актыўнага байкоту выбараў:

"Час расставіў усё на свае месцы. І мы сёньня гаворым: мы маем посьпех. Мы, відаць, упершыню навязалі ўладам свой сцэнар. Яна вымушаная была рэагаваць. І рэагаваць неадэкватна".

Палітоляг Віктар Чарноў кажа: у апошнія дні самае папулярнае пытаньне да яго пра апазыцыю – што далей?

"Далей трэба праводзіць нейкія кансалідаваныя кампаніі – ствараць кааліцыі па сытуацыі. Напрыклад, за доступ апазыцыйных партыяў да дзяржаўнага тэлебачаньня. Такая кампанія, на мой погляд, магла б аб'яднаць практычна ўсе апазыцыйныя сілы – хто супраць?

Такога кшталту кампаніі маглі б стаць этапамі, крокамі на шляху кансалідацыі апазыцыі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG