Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтар фотак з расталым маргарынам прайграў суд «Магілёўхлебпраму»


Уладзімер Трызуноў
Уладзімер Трызуноў

Ленінскі суд Магілёва не задаволіў пазоў сябра партыі БНФ Уладзімера Трызунова да аб’яднаньня «Магілёўхлебпрам».

Актывіст дамагаўся праз суд, каб яму зьмянілі фармулёўку звальненьня з хлебазаводу № 4, на якім ён працаваў грузчыкам, а таксама каб выплацілі кампэнсацыю ў памеры двух мільёнаў рублёў. Разглядала пазоў судзьдзя Галіна Кужалева.

Уладзімера Трызунова фармальна звольнілі за прагул. Сам жа актывіст заяўляе, што прагуляў працу зь віны кіраўніцтва цэху, якое паведаміла яму, каб ён не выходзіў на зьмену, бо раней у яго была перапрацоўка. Так ён і зрабіў, а калі прыйшоў на працу, то яго азнаёмілі з загадам на звальненьне.

Трызуноў зьвязвае звальненьне з помстай кіраўніцтва хлебазаводу. Ён сфатаграфаваў на камэру мабільнага тэлефона, як на прадпрыемстве захоўваюцца прадукты, зь якіх пякуць слодыч. Фоткі з расталым маргарынам ён разьмясьціў у інтэрнэце.

Фармулёўку звальненьня Трызуноў хацеў зьмяніць на «Звольніўся па ўласным жаданьні».

У судзе прадстаўнікі адміністрацыі прадпрыемства і аб’яднаньня «Магілёўхлебпрам» з прэтэнзіямі пазоўніка не пагадзіліся, назваўшы іх неабгрунтаванымі. Довады адказчыка й сталі падставай для судовага выраку.

Што да расталага маргарыну, то, паводле праваабаронцы Барыса Бухеля, які прысутнічаў на працэсе як прадстаўнік інтарэсаў Трызунова, юрыстка «Магілёўхлебпраму» такі факт прызнала, але заявіла, што ён ня тычыцца разгляданай справы. Старшы майстар цэху, у якім сфатаграфаваў расталы маргарын Трызуноў, заявіла, што пра здарэньне толькі чула, бо была ў адпачынку. Начальнік цэху на пытаньне пра здарэньне з маргарынам ад адказу ўхілілася. Як высьветлілася на судзе, заяўляе Бухель, за расталы маргарын нікога не прыцягнулі да адказнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG