Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябра выбарчай камісіі: Такія выбары — натуральная прафанацыя


Сябры выбарчых камісіяў, вылучаныя апазыцыйнымі партыямі і рухамі, свой удзел у працэдуры выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў называюць «дэкаратыўным».

Сьцьвярджаюць, што іх функцыі былі істотна абмежаваныя, а спробы патрабаваць ад старшыняў камісіяў выкананьня выбарчага заканадаўства ігнараваліся.

Адзіны прадстаўнік у акруговых камісіях Менску ад Партыі БНФ — сябра камісіі па Фрунзенскай акрузе № 101 Мечыслаў Сінякевіч. Ён расказаў, што кіраўніцтва камісіі зрабіла ўсё, каб дыстанцыяваць яго ад любых зьвестак пра ход галасаваньня:

«Праца, магчыма, і не зусім марная, але проста лішні раз я пераканаўся: наша сыстэма пастаўленая так, што нібыта „таемныя“ выбары — гэта самы натуральны падман. Найперш, нідзе нікуды не пускаюць. Калі мне паступіла інфармацыя, што розьніца паміж сьпісавай і рэальнай колькасьцю выбарцаў да непрыстойнасьці вялікая — у 3–5 разоў — я запатрабаваў гэты сьпіс. Тут жа памчалася старшыня ўчастковай камісіі тэлефанаваць кіраўніцы акруговай камісіі Вікторыі Аўраменцы. Потым кліча мяне — маўляў, Аўраменка як старшыня забараніла, бо я „ня маю права“ безь яе дазволу атрымліваць ніякіх сьпісаў. Вось і ўсё, нічога не далі паглядзець. Калі б там усё было справядліва і сумленна, дык чаму б сябру камісіі, тым больш акруговай камісіі, не паказаць сьпісы выбарцаў? Разумееце, цырк нейкі, бо яны мусяць на патрабаваньне любога выбарца дэманстраваць гэтыя сьпісы. А чаму начальніца забараніла? Таму што махінацыі, гэта адназначна. Карацей, усе нашы выбары — суцэльная, груба кажучы, ахінея. Інакш гэта не назавеш».

Сябра акруговай камісіі па Грушаўскай акрузе № 98 сталіцы Сяргей Вязьняк, вылучаны партыяй «Справядлівы сьвет», апавёў: нават злоўленыя за руку падчас парушэньня выбарчага заканадаўства, «арганізатары выбараў» пазьбягаюць адпаведнага пакараньня:

Сяргей Вазьняк
Сяргей Вазьняк
«Я пацьвярджаю, што ў Менску яўкі не было (канкрэтна на 98-й Грушаўскай акрузе). І калі стала зразумела, што 50% няма, улады проста загадалі сябрам участковых камісій пайсьці па кватэрах выбарцаў зь пераноснымі скрынямі. У Кодэксе дакладна напісана: хадзіць на кватэру да выбарца можна тады, калі ён зрабіў адпаведную вусную ці пісьмовую заяўку. Прычым сябры камісіі павінны ўзяць колькасьць бюлетэняў роўна такую, колькі паступіла заявак. Але пайшлі са скрынямі, з дадатковай колькасьцю бюлетэняў, пачалі хадзіць па пад’ездах. Але ў такіх рэчах заўсёды здараюцца няшчасныя выпадкі. Нарваліся на сябра АГП Дзьмітрыя Кавалгіна, якія зьбіраўся байкатаваць выбары, але калі яны яму прапанавалі прагаласаваць, ён дзеля экспэрымэнту пагадзіўся. Яго тут жа ўключылі ў дадатковы сьпіс, а гэта ўжо парушэньне закону, бо ён не зьвяртаўся. Другое парушэньне — на бюлетэні не было подпісаў двух сябраў выбарчай камісіі. То бок гэта проста былі „левыя“ бюлетэні. Ён мне адразу патэлефанаваў, расказаў пра гэты выпадак, мы сустрэліся, і ён напісаў скаргу».

Як кажа Сяргей Вазьняк, ня даць ходу справе намагаецца асабіста старшыня камісіі Тацьцяна Краўчанка, уключаная ў «чорны сьпіс» Эўразьвязу яшчэ за прэзыдэнцкія выбары 2006 году. Паводле ягоных словаў, яна адмовілася правесьці паседжаньне камісіі ў дзень атрыманьня скаргі, прызначыўшы разгляд на 28 верасьня. Тым часам сёньня адбудзецца іншае паседжаньне, на якім дэпутатам будзе абвешчаны палкоўнік міліцыі Аляксеенка — камандзір корпусу аховы грамадзкага парадку, адказнага ў тым ліку за нэўтралізацыю акцыяў апазыцыі. Але, прагаласаваўшы за новага дэпутата, камісія пацьвердзіць, што выбары адбыліся.

Сябра 2-й Берасьцейскай цэнтральнай выбарчай акругі Анатоль Ермак, дэлегаваны ў склад камісіі Партыяй БНФ, распавядае пра свой выбарчы досьвед. Перадусім яго ўразіла арганізацыя датэрміновага галасаваньня:

«У мяне быў працоўны інтэрнат, які амаль поўным складам прагаласаваў датэрмінова. Гэта ім дало неабходную колькасьць працэнтаў, каб не заваліць яўку.
па маіх адчуваньнях, яўка склала б 40–45% выбарцаў, каб не датэрміновае галасаваньне ...
Анатоль Ермак...

Бо ўчора, у асноўны дзень, галасаваньне было вельмі неактыўнае. На ўсіх папярэдніх кампаніях я быў назіральнікам і магу сказаць, што тады народ ішоў, было значна актыўней. Справа ў тым, што сама акруга ня вельмі вялікая, і якраз тое, што на яе тэрыторыі ёсьць інтэрнат, дадае прыкладна 20% усёй акрузе. А ён прагаласаваў датэрмінова практычна 100-працэнтна, учора дайшлі літаральна некалькі чалавек. Як па маіх адчуваньнях, яўка склала б 40–45% выбарцаў, каб не датэрміновае галасаваньне. Натуральна, даказаць, што прымусова гналі з інтэрнату, я не магу. Толькі на ўзроўні ўласных назіраньняў, размаўляючы з тымі ж сябрамі камісіі. Так, падчас датэрміновага галасаваньня яны адзначалі, хто прыйшоў. Адказ быў такі: трэба пракантраляваць працу выхавацеля інтэрнату. Пасьля маёй заўвагі пра „несвабодныя выбары“ зрабілі выгляд, што больш гэтага ня робяць. Але, відаць, за маёй сьпінай нейкія сьпісы складаліся і надалей».

Прадстаўнікі апазыцыйных партыяў і рухаў увайшлі менш чым у 1% выбарчых камісій, а іх доля ў агульнай колькасьці сябраў камісій увогуле не перавысіла 0,1%. Паводле афіцыйных лічбаў, з амаль 69 тысяч сябраў камісій толькі шэсьць дзясяткаў прадстаўлялі апазыцыйныя структуры. Нават падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году прапорцыя была большая — 183 апанэнты ўладаў з агульных 70 тысяч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG