Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Аліневіч: Спрабую крэатывіць


Ігар Аліневіч
Ігар Аліневіч

24 верасьня асуджанаму на восем гадоў пазбаўленьня волі палітвязьню Ігару Аліневічу спаўняецца 29.

Паводле словаў блізкіх Аліневіча, у гэты дзень, як і кожны дзень дагэтуль, яны будуць чакаць званка з Наваполацкай калёніі. Голасу Ігара яны ня чулі ўжо некалькі месяцаў. Яшчэ даўжэй ня бачылі яго самога. Да таго ж, кажуць, ліставаньне зь Ігарам вельмі абмежаванае. Цэнзура не прапускае ані Ігаравых лістоў на волю, ані лістоў да яго — бо ў калёніі ён прызнаны злосным парушальнікам.

Аднак з тых нешматлікіх лістоў, якія ўсё ж трапляюць на волю, можна меркаваць, зь якімі думкамі сустракае палітвязень чарговы год свайго жыцьця. За кратамі Ігар не марнуе часу, займаецца самаадукацыяй і, як ён піша, спрабуе «крэатывіць».

Вытрымкі зь ліста, які Ігар Аліневіч даслаў аднаму са сваіх сяброў:

«Што сказаць, становішча маё стабільнае. Першыя паўгода спасьцігаў жыцьцё ў лягеры. Заняткаў тут замала, магчымасьцяў таксама. Маркотна. Жыцьцё працякае тут у асноўным ва ўнутраных зносінах паміж людзьмі, усяго хапае. Часам здаецца, што знаходзісься пры двары манарха: хітраспляценьні прыдворных не даюць засумаваць. Ведаеш, гэта добрая школа самакантролю. Большасьці людзей на волі яна б не зашкодзіла, культура зносін тут значна вышэйшая і словы вельмі і вельмі матэрыяльныя. Вучысься спачатку думаць, потым казаць, вучысься разумець з паўслова і тонкія намёкі, бо з-за цеснаты людзей па-іншаму нельга. Вучысься бачыць нутро чалавека, драбнюткія ўчынкі. Нешта падобнае было на караблі, але тут яшчэ ў некалькі разоў інтэнсіўней. На жаль, праўда часьцей прыкрая ў пляне асобаў, але гэта жыцьцё. Гэта можа здацца дзіўным, але злачыннасьць як зьява з маральлю слаба зьвязаная, магчыма, зусім не зьвязаная. Чамусьці сур’ёзны крымінал, зразумела, у сярэднім, аказваецца больш прыстойным за крымінальную драбязу. Пасьля зоны змагу ў аддзеле кадраў працаваць, сканаваць, што за фрукт :). Стасункі больш-менш роўныя, хоць, сам разумееш, усім не дагодзіш, асабліва калі існуе штучная палярнасьць.

Я табе магу сказаць дакладна, што мой цяперашні шлях добра ўмацоўвае мяне: і самадысцыпліну, і характар, і этыку, і веды. Калі сабраць разам шмат разнаплянавых людзей, то можна шмат чаму навучыцца, дакладней, пазнаць. Але самае галоўнае, выразна разьбіраесься ў тым, чаго хочаш. Каб зразумець самае каштоўнае, трэба ўсё страціць — гэта ідэальны падыход...

N. дасылае мне "Папулярную мэханіку". Зразумеў, што больш за ўсё мяне цягне да пытаньняў энэргетыкі. У мяне цэлая падборка артыкулаў пра сучасныя энэргатэхналёгіі. Ад розных ветракоў марскога базаваньня да альтэрнатывы акумулятарам пры арганізацыі электрасеткі. У Амэрыцы ветракі ўначы (калі спажываньне нізкае) працуюць на пнэўмакампрэсары, якія заганяюць паветра пад ціскам у закінутыя шахты. Днём кляпан адкрываецца і гоніць турбіну. Нешта падобнае з падводнымі паветранымі шахтамі. Цікавыя праекты, пабудаваныя на рознасьці тэмпэратур на паверхні і ў глыбіні. Яшчэ цікавяць дыскахвалевыя рухавікі і гібрыдныя тэхналёгіі. Меў кантакты з чалавекам, які рабіў вадародныя акумулятары (!). Іншая тэма – гэта сельская гаспадарка. Пазнаю па максымуме, стараюся сачыць за сытуацыяй з калгасамі і фэрмэрствам.

Выпісваю «Компьютерную газету», сачу за IT-сфэрай. Нават ня ведаю, больш зь якіх меркаваньняў: практычных ці акадэмічных. Памятаеш, мы яшчэ пэйджарам дзівіліся? Мінула 10 гадоў, і нават наша краіна ў пляне соцыюму зьмянілася кардынальна. Пляншэты ды «клаўдзі» аўтаматызаваныя, сацыяльныя вэб-тэхналёгіі мяняюць аблічча плянэты. Паводле Кандрацьева, мы жывем у пятай (пасьля аграрнага грамадзтва) тэхналягічнай эпосе. Зараз надыходзіць яе другая палова. Насычэньне інтэрнэту адбылося, цяпер чарга за мабільнасьцю, узаемапранікненьнем, імгненнай зваротнай сувязьзю. У
2035-м пачнецца шостая эпоха, я яе называю «кібэрнэтычнай». Перадумовы навідавоку. Усялякія ідэйкі творчыя круцяцца ў галаве. Трохі накрэатывіў. Прыдумаў, як сумясьціць пляншэт і ноўтбук з мадыфікацыяй для інжынэраў і праграмэраў. Зацані. Ніяк не пакідаюць ідэі 3D-прынтэраў, якія самапрадукуюць сябе, асабліва калі лазэр замяніць на плязму. Тэарэтычна гэта дазволіла б ствараць ідэальныя зборныя вузлы. Але гэта, вядома, фантазіі на тэму «можа, калі-небудзь». А вось эка-аўтаномія і IT займаюць мяне па-сапраўднаму».

Ігар Аліневіч асуджаны 27 траўня 2011 году па справе анархістаў разам зь Мікалаем Дзядком і Аляксандрам Францкевічам. Атрымаў найбольшы тэрмін — 8 гадоў пазбаўленьня волі. Аліневіча абвінавацілі ў арганізацыі антымілітарысцкага шэсьця каля Генэральнага штабу 19 верасьня 2009 году, нападзе на казіно «Шангры Ла» 5 сьнежня 2009 году, падпале дзьвярэй філіялу Беларусбанку 31 траўня 2010 году, нападзе на расейскую амбасаду 30 жніўня 2010 году, нападзе на турму на Акрэсьціна 6 верасьня 2010 году. Адбывае пакараньне ў Наваполацкай калёніі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG