Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марылюіза Бэк: Стандарты былі парушаныя яшчэ да выбараў


Дэпутатка Бундэстагу і сябра ПА АБСЭ Марылюіза Бэк, якой адмовілі ў беларускай візе для назіраньня за сёньняшнімі парлямэнцкімі выбарамі, адсочвае сытуацыю зь Нямеччыны. Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджанай ёй заяве.

Паводле Марылюізы Бэк, ужо і так зразумела, што «сапраўдных выбараў» у Беларусі быць ня можа, бо «дэмакратычныя стандарты былі парушаныя яшчэ на перавыбарным этапе».

«Апазыцыя практычна не дапускалася ў выбарчую камісію. Таму быў немагчымы незалежны падлік галасоў і было відавочна, што будуць абвешчаныя прымальныя для дыктатара вынікі. Кандыдаты ад апазыцыі знаходзіліся пад масіраваным ціскам. Актывісты арыштоўваліся».

Як адзначае Марылюіза Бэк, распачатае ад аўторка датэрміновае галасаваньне адкрыла ўсе магчымыя спосабы для маніпуляцыяў з выбарнымі ўрнамі. Паводле вядомай традыцыі, датэрміновымі выбарцамі станавіліся цэлыя студэнцкія інтэрнаты ды працоўныя калектывы. Гэта каб прадухіліць яўку менш як 50%, пры якой выбары лічацца несапраўднымі.

Нямецкая дэпутатка лічыць цяперашнюю актыўнасьць выбарцаў у Беларусі «нізкай як ніколі. Брутальнае здушэньне апазыцыі ды эканамічны крызіс шкодзяць рэжыму. Акрамя таго, ад 1996 у сувязі з канстытуцыйным пераваротам Лукашэнка пазбавіў парлямэнт усялякай улады. Да выбараў марыянэткавага парлямэнту, які толькі і здольны, што ківаць Лукашэнку, існуе вельмі мала цікавасьці. Адпаведна рэжым вельмі нэрвова рэагуе на заклікі апазыцыі байкатаваць рэжым і ўводзіць у дачыненьні да яго самыя жорсткія санкцыі».

«Грамадзянская супольнасьць у Беларусі, якая пакутуе ад рэжыму, мае патрэбу ў падтрымцы з боку Эўразьвязу, — адзначаецца ў заяве.- Найбольш эфэктыўным інструмэнтам у гэтай сувязі зьяўляецца адмена віз. Бо толькі праз абмен і непасрэдны досьвед дэмакратычных супольнасьцяў Эўропы, мы можам эфэктыўна садзейнічаць разьвіцьцю беларускага грамадзтва».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG