Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зьмена» заклікала байкатаваць выбары


«Зьменаўцы» заклікалі галасаваць ва ўнітаз
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:32 0:00

«Зьменаўцы» заклікалі галасаваць ва ўнітаз

Актывісты кампаніі «Зьмена» — моладзевага крыла руху «Гавары праўду» — правялі пікет з заклікам байкатаваць выбары ў Палату прадстаўнікоў.

Каля менскага ўнівэрсаму «Фрунзенскі» яны раздавалі мінакам улёткі і тлумачылі, чаму ня трэба ісьці на выбарчыя ўчасткі.

Пікет пад плякатам-расьцяжкай «Галасуй не галасуй» і з плюшавым мядзьведзікам актывісты «Зьмены» выставілі на тэрыторыі Фрунзенскай выбарчай акругі № 110, па якой балятуецца Арцём Лява — кандыдат у дэпутаты ад партыі БНФ. Арцём Лява асабіста раздаваў улёткі з заклікам не хадзіць на выбарчыя ўчасткі і гэтак тлумачыў мінакам, чаму ён здымае з галасаваньня сваю кандыдатуру:

«Шмат сказана пра фальшаваньне і падтасоўку галасоў, а таму пра выбары можна казаць, што гэта ня выбары ў клясычным выглядзе, а прызначэньне ці перапрызначэньне дэпутатамі праўладных кандыдатаў».

Каля рэклямнага шчыта з улёткамі кандыдатаў у дэпутаты арганізатары пікету паставілі ўнітаз з надпісам «Галасуй датэрмінова, пусьці свой голас кату пад хвост». Побач — умоўныя выбарчыя бюлетэні: гэткім чынам іх прапаноўвалася выкарыстаць па іншым прызначэньні. Мінакі слухалі, бралі ўлёткі і па-рознаму рэагавалі на перадвыбарчую антыагітацыю:

Спадарыня: «Я пайду на галасаваньне абавязкова і зраблю тое, што лічу патрэбным — усё! А ня пойдзеш — гэта горш, чым пойдзеш».

Карэспандэнтка: «Ці верыце вы ў выніковасьць вашага галасаваньня, што ваш дэпутат будзе абараняць вашы правы?»

Спадарыня: «Вы ведаеце, а вось у гэта ня веру! Бо я мела такія праблемы, дзе я абсалютна мела рацыю, а мяне зрабілі нягодным чалавекам».

Карэспандэнтка: «Маладыя палітыкі заклікаюць не хадзіць на выбары…»

Спадарыня: «Правільна, правільна! Я таксама не пайду! Адно тое, што ўжо ёсьць датэрміновае галасаваньне, а гэта — адправяць студэнтаў, вайскоўцаў датэрмінова — пра што можна казаць?! Пра якія выбары?! Я ўжо шмат гадоў не хаджу на гэтыя выбары. Я ўвогуле супраць такой улады!»

Спадарыня: «Я пайду галасаваць за БНФ, бо яны ўсё ж падаюць нейкую надзею. Вядома, калі яны ня здымуць свае кандыдатуры з-за таго, што палітзьняволеных не вызваляюць».

Карэспандэнтка: «Што вы думаеце пра гэтыя патрабаваньні?»

Спадарыня: «Правільна, вядома. За што іх мучаюць гэтулькі год? Статкевіча, зараз вось Бяляцкага? За што? Адказу няма».

Карэспандэнтка: «Ці верыце вы ў тое, што падчас цяперашніх выбараў можна нешта зьмяніць?»

Спадарыня: «Я веру ў тое, што даляр і цэны павысяцца да канца году — вось і ўся вера».

Празь некалькі хвілін ад пачатку пікету зьявіліся двое традыцыйных «відэаапэратараў» са спэцслужбаў, якія фільмавалі ўсіх і ўсё, што адбывалася. Таксама неўзабаве прыбыла чыноўніца з акруговай выбарчай камісіі, якая спрабавала забараніць агітаваць за байкот. Але агулам акцыя за байкот прайшла без інцыдэнтаў. Гаворыць адзін з арганізатараў пікету, давераная асоба Арцёма Лявы, лідэр «Зьмены» Павал Вінаградаў:

«Пікет праходзіць весела: вось тут у нас унітаз стаіць, і мы кажам, што людзі могуць галасаваць і дома, апусьціўшы бюлетэнь ва ўнітаз. Бо гэта будзе мець той жа эфэкт, калі б яны апусьцілі яго ў выбарчую скрыню. Я задаволены: нехта падыходзіць, дзякуе і кажа, што маладзец, а вось бабулі кажуць, што ў іх усё добра. Што раней голад быў, і то яны маўчалі. Ну, каб пры мне голад быў, то я не маўчаў бы — гэта дакладна».

Як паведамілі актывісты ініцыятыўнай групы Арцёма Лявы, ад першага дня датэрміновых выбараў і да апошняга дня галасаваньня, яны будуць кантраляваць колькасьць выбарцаў на ўсіх выбарчых участках у акрузе.






Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG