Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскі праваабаронца дамагаецца расьсьледаваньня па справе Бяляцкага


Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

Дырэктар Фонду абароны грамадзянаў, сябра Літоўскай Хэльсынскай групы Стасіс Каўшыніс зьвярнуўся да старшыні камітэту Сэйму па замежных справах Эмануэліса Зінгерыса і міністра замежных спраў Аўдронюса Ажубаліса з просьбай пачаць парлямэнцкае расьсьледаваньне ў сувязі зь дзеяньнямі Міністэрства юстыцыі гэтай краіны.

Каўшыніс лічыць, што Мін’юст Літвы ня змог належным чынам абвергнуць прадстаўленую ім раней Беларусі інфармацыю, піша Lietuvos rytas.

Калі высьветлілася, што інфармацыя, якую выдала Літва Беларусі па справе Бяляцкага, стала падставай для арышту праваабаронцы, віцэ-міністар юстыцыі Літвы Томас Вайткявічус даслаў ліст у Мін’юст Беларусі.

«Паведамляем, што інфармацыя, якую мы прадставілі, несапраўдная», — было напісана ў тым лісьце.

Каўшыніс лічыць, што чыноўнікі, якія даслалі ліст, не паклапаціліся пра тое, каб дакумэнт меў юрыдычную моц у беларускім судзе.

Вайткявічус кажа, што ў Літве суд прыняў бы такі дакумэнт пад увагу:

«Ліст пісалі адмыслоўцы працоўнай групы з МЗС і МУС. У гэтай групе ўдзельнічаў і я. Пра фармулёўку размаўлялі даволі доўга. Была мэта — стварыць умовы, каб гэтым дакумэнтам скарысталіся ў судзе. Вырашылі, што дастаткова напісаць так».

«У нашай краіне, калі б суд атрымаў такі ліст, пазыцыя была б зусім іншая. Але тое, што адбываецца з гэтай справай у Беларусі, не падобна да звычайнага стандарту правасудзьдзя», — дадаў прадстаўнік Мін’юсту.

Справа Бяляцкага

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года турмы ў лістападзе летась. Яго прызналі вінаватым у нясплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на ягоныя рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасьць.

Падставай для крымінальнага перасьледу Бяляцкага стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча.

Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG