Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка сустракаецца з Пуціным


Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка
Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка

У Сочы працягваецца сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Расеі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзімера Пуціна.

Яны абмяркоўваюць шырокае кола пытаньняў двухбаковых дачыненьняў. Сярод іх гандлёва-эканамічныя стасункі дзьвюх краін, рэалізацыя буйных сумесных праектаў, у тым ліку будаўніцтва Беларускай АЭС, перадае БелТА.

Кіраўнікі краін абмеркавалі правядзеньне ў другой палове сьнежня Вышэйшага дзяржсавета саюзнай дзяржавы. На 19 сьнежня заплянавана сэсія савета калектыўнай бясьпекі АДКБ на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў, а таксама сустрэча лідэраў Беларусі, Расеі і Казахстана ў фармаце адзінай эканамічнай прасторы.

Паводле РИА Новости, на пачатку сустрэчы Пуцін паабяцаў Лукашэнку распавесьці пра вынікі працы саміту Азіяцка-ціхаакеянскага эканамічнага супрацоўніцтва, які адбыўся ва Ўладзівастоку.

"Асабліва пра тое, што было схавана за кулісамі", - пацікавіўся Лукашэнка.

"Нічога там асабліва сакрэтнага няма, - адзначыў Пуцін. - Тое, што там абмяркоўвалася і як абмяркоўвалася, вы самі сабе ўяўляеце, нічога такога асаблівага на гэтым форуме не было".

Пуцін выказаў спадзяваньне, што Лукашэнка «з задавальненьнем правядзе ў Сочы некалькі дзён», паведамляе Інтэрфакс.

«У нас будзе магчымасьць абмеркаваць двухбаковыя сувязі, але і пагаварыць па інтэграцыйных праектах», — адзначыў прэзыдэнт Расеі.

Ён сказаў, што ў гэтых інтэграцыйных праектах «фіксуецца станоўчае разьвіцьцё, ва ўсіх трох краінах назіраецца добрая дынаміка, гандлёва-эканамічныя сувязі, інвэстыцыйнае супрацоўніцтва расьце».

Кіраўнік Беларусі паведаміў, што мае намер праінфармаваць Пуціна аб сытуацыі на агульнай зьнешняй мяжы, якая «не такая вясёлкавая, на жаль, з пункту гледжаньня міграцыі». Ён патлумачыў, што гаворка ідзе аб міграцыі праз Беларусь на Захад.

«Усплёск вельмі моцны, мы павінны будзем зразумець, чаму і адкуль гэта», — дадаў Лукашэнка.

Паводле кіраўніка Беларусі, у эканоміцы сытуацыя нармальная, у інтэграцыі вельмі станоўчыя працэсы ідуць, павялічваецца тавараабарот.

«У нас 50 дзяржаў у чарзе падпісаць з намі гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з АЭП. Гэта пра многае гаворыць Мы пра гэта пагаворым. І пра тое, што робіцца ў АДКБ і ў рамках саюзнай дзяржавы», — адзначыў кіраўнік Беларусі. - Ёсьць пытаньні, якія трэба абмеркаваць, яны маюць патрэбу ў вырашэньні, я думаю, у бліжэйшы час нават у рамках вышэйшага дзяржсавета мы зможам сабрацца і прыняць шэраг рашэньняў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG