Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэатар абсурду


Выбарчая кампанія, высілкамі ўладаў, усё болей пачынае нагадваць тэатар абсурду.

Калі прадстаўнікоў Партыі БНФ ды іншых дэмакратычных арганізацыяў масава не ўключылі ў склад участковых выбарчых камісіяў, у гэтым не было нічога новага. Гэтага варта было чакаць, была ясна і выразна бачная матывацыя такіх дзеяньняў – празрыстага падліку галасоў, а значыць, і хоць бы якой інтрыгі, ня будзе.

Калі шмат якім патэнцыйным кандыдатам у дэпутаты ад дэмакратычных партыяў і арганізацыяў адмаўлялі ў рэгістрацыі – у гэтым таксама не было навіны або нечаканасьці. Гэты факт яўна супярэчыў штучным тэорыям, якія блукалі і працягваюць блукаць па абшарах інтэрнэту, – аб тым, што ўладам любым коштам трэба зацягнуць людзей на выбарчыя ўчасткі. Але такія дзеяньні выбарчых камісіяў не былі навіной.

Абмежаваньне магчымасьцяў агітацыі для тых, хто фармальна ня ёсьць суб’ектам выбарчай кампаніі, – таксама даўно выпрабаваны і добра засвоены ўладамі спосаб кантролю над грамадзтвам і абмежаваньня свабодаў.

Але па ходу кампаніі пачалі актыўна ўжывацца новыя падыходы да арганізацыі ўсяго працэсу. Найбольш яскрава яны выявіліся ў тым, што ўлады сталі амаль што адкрыта і непрыхавана, прычым досыць дынамічна – амаль у рэжыме рэальнага часу – карэктаваць правілы агітацыі. Падчас папярэдніх кампаніяў мы бачылі, што такім чынам улады імкнуліся абмежаваць магчымасьці данясеньня пасланьня да людзей – складанасьці і абмежаваньні ўзьнікалі ў дачыненьні да месцаў правядзеньня агітацыі. Цяпер жа гэтая практыка перанесеная на зьмест. Улады пакуль яшчэ не дайшлі да таго, каб цалкам не дапускаць апазыцыю да ўдзелу ў выбарчых кампаніях – хоць і бяз шанцаў на сумленны падлік галасоў. Але яны ўжо адчуваюць незадаволенасьць тым, што дэмакратычныя кандыдаты імкнуцца выкарыстаць нават такі ўдзел зь вядомым вынікам, каб зьвярнуцца праз кантраляваныя дзяржавай масавыя СМІ да людзей.

Што і каму дазволена гаварыць у выступах і на дэбатах – сталася ледзьве не галоўнай тэмай кампаніі.

Натуральна, гэта стварае істотныя перашкоды для дэмакратычных кандыдатаў. Натуральна, гэта абмяжоўвае правы беларусаў атрымліваць інфармацыю, у тым ліку – пра погляды і праграмы зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты і іхніх давераных асобаў. Але гэта непазьбежна падрывае нават тую мінімальную цікаўнасьць да выбараў і давер да любых афіцыйных працэдураў у далёкіх ад палітыкі грамадзянаў. Кандыдаты нібыта ёсьць – а нават намёку на барацьбу за мандаты няма!

Навошта гэта ўладам? Магчыма, яны хочуць, каб у сьвядомасьці людзей у прынцыпе не існавала мэханізму кантролю ды зьмены ўлады. Аднак у гэтым, насамрэч, будзе для іх і вялікая небясьпека – у такой сытуацыі немагчыма будзе казаць, што ўлада ў Беларусі народная і трымаецца на народнай падтрымцы.

Камісіям не давялося б ісьці на такія крокі, калі б дэмакратычных кандыдатаў не было. Байкот, калі б ён адбыўся, толькі паспрыяў бы даверу людзей да выбарчых працэдураў. Бо не было б ніякіх нагодаў для абсурдных дзеяньняў і абмежаваньняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG