Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія сілавікі былі задзейнічаны ў апэрацыі «Castor- Transport»


Як паведамляе нямецкае выданьне Die Zeit, беларускія сілавікі канваявалі транспартыроўку ядзерных адкідаў ў мястэчка Горлебэн ў лістападзе 2010. Гэта пацьвердзілі ў Міністэрстве ўнутраных спраў Ніжняй Саксоніі. Паводле прадстаўнікоў ведамства, ініцыятыва адносна далучэньня беларусаў да апэрацыі належала паліцыянтам іншай фэдэральнай зямлі — Саксонія. На той час там праходзілі стажыроўку беларускія міліцыянты, і іх саксонскія калегі прапанавалі ім разам суправаджаць цягнік, які возіць на захаваньне ў кантэйнэрах маркі Castor адкіды з францускіх АЭС.

Паколькі штогод у Францыі ды Нямеччыне ў гэтай сувязі праводзяцца шматтысячныя дэманстрацыі, пратэсты пад лёзунгам «Спынім Castor-перавозкі», падобныя пратэстныя акцыі ствараюць сур’ёзныя праблемы для нямецкай паліцыі. У суправаджэньні такіх цягнікоў задзейнічаюцца прыкладна 20 тысяч паліцыянтаў. Так было і ў 2010 годзе. Тады паліцыя была вымушана ўжываць супраць дэманстрантаў вадамёты, газ і дубінкі, распілоўваць ланцугі, якімі прыкавалі сябе да чыгуначных рэек грынпісаўцы, разьбіраць з дапамогай цяжкай тэхнікі розныя барыкады… У выніку былі затрыманыя больш за 1300 пратэстоўцаў.

Некалькі дзён таму беларускае МУС, аднак, абвергла інфармацыю нямецкіх СМІ пра тое, што ў межах супрацоўніцтва зь Нямеччынай праводзіліся практычныя заняткі па «акружэньні дэманстрантаў» і «ліквідацыі масавых беспарадкаў».

У паведамленьні беларускага міністэрства зазначалася, што падобныя заявы «не адпавядаюць сапраўднасьці», як і «распаўсюджаныя сьцьвярджэньні пра тое, што беларускія праваахоўнікі забясьпечваліся нямецкім бокам нейкімі спэцсродкамі, у прыватнасьці шлемамі, шчытамі і дубінкамі». Паводле беларускага МУС, «паліцыя Нямеччыны аказвала садзеяньне ў аснашчэньні некаторых міліцэйскіх аддзелаў кампутарамі і аргтэхнікай. У прыватнасьці, былі абсталяваныя клясы ў Міжнародным навучальным цэнтры падрыхтоўкі, павышэньня кваліфікацыі, перападрыхтоўкі кадраў у сфэры міграцыі і супрацьдзеяньня гандлю людзьмі (Менск, Акадэмія МУС)».

Тым часам некаторыя апазыцыйныя партыі Бундэстагу (партыя зялёных і левая партыя) накіравалі чарговыя запыты ў фэдэральны ўрад з патрабаваньнямі працягнуць расьсьледаваньне супрацы паміж паліцэйскімі сіламі Нямеччыны і Беларусі.

Так, у прыватнасьці, нямецкія зялёныя настойваюць на тлумачэньні такіх момантаў:

• Ці праводзілася навучаньне для прадстаўнікоў спэцпадразьдзяленьня «Алмаз»?

• Ці было ўцягнутае ў навучаньне беларускіх сілавікоў спэцпадразьдзяленьне GSG 9 (нямецкі спэцназ, мэта якога —спыненьне антытэрарыстычных дзеяньняў на тэрыторыі краіны)?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG