Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Джаныш Бакіеў – рэальны злачынца»


Аркадзь Дубноў
Аркадзь Дубноў
Кіргізстан разьлічвае, што Беларусь прыме меры па затрыманьні і экстрадыцыі Джаныбека Бакіева ў Бішкек, заявіў Часовы Павераны ў Справах Кіргізстану ў Беларусі Дзьмітрый Лі.

24 жніўня пасол Кіргізстану ў Беларусі Асаналіеў быў адкліканы ў Бішкек для правядзеньня кансультацыяў у сувязі з сытуацыяй, якая тычыцца знаходжаньня Джаныбека Бакіева на тэрыторыі Беларусі.

Сытуацыю мы папрасілі пракамэнтаваць расейскага экспэрта ў пытаньнях Цэнтральнай Азіі, аглядальніка газэты «Московские новости» Аркадзя Дубнова.

РС: Чаму Бішкек так рэзка адрэагаваў на знаходжаньне ў Менску Джаныбека (Джаныша) Бакіева, брата былога прэзыдэнта Кіргізстану? Курманбек Бакіеў атрымаў у Менску прытулак неўзабаве пасьля скіданьня, тады Бішкек абураўся, але пасла не адклікаў. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2010 годзе тагачасная кіраўнічка Кіргізстану Роза Атунбаева павіншавала Аляксандра Лукашэнку з перамогай, у ліпені сёлета Кіргізстан у Радзе ААН па правах чалавека ўстрымаўся пры галасаваньні з асуджэньнем палітыкі Беларусі.
Чаму ж зараз інфармацыя пра Жаныша Бакіева ў Менску выклікала такую рэакцыю?

Дубноў: Па-першае, Джаныш Бакіеў - чалавек значна больш змрочны, небясьпечны, гэта чалавек, якога рэальна можна абвінаваціць і ён абвінавачаны ў наўпроставай датычнасьці да крывавых злачынстваў. Усемагутны кіраўнік спэцслужбаў Кіргізстану, ён фактычна маніпуляваў сваім старэйшым братам Курманбекам. Не сакрэт, што ў апошнія гады прэзыдэнцтва Курманбек Бакіеў быў марыянэткай у руках малодшага брата і свайго сына Максіма. Я гэтаму быў асабіста сьведкам.

Таму не выпадае параўноўваць рэакцыю Бішкеку на даваньне прытулку Курманбеку Бакіеву - ўсё ж кіраўніку дзяржавы, прэзыдэнту і зьяўленьнем у Менску Джаныша Бакіева. Курманбеку Бакіеву быў дадзены прытулак рашэньнем на найвышэйшым узроўні, гэта было зроблена публічна, легальна, гэтак жа, як Масква дала прытулак Аскару Акаеву - першаму прэзыдэнту Кіргізстану, якога скінулі кіргіскія рэвалюцыянэры на чале з тым жа Курманбекам Бакіевым ў 2005 годзе.
Бішкек ня будзе псаваць стасункі з Масквой з-за Акаева.

Я нават скажу больш: я амаль упэўнены, што кіргіскае кіраўніцтва ў красавіку 2010 году было зацікаўленае, каб Курманбек Бакіеў змог пакінуць Кіргізстан, гэта ім было выгадна ў той момант.
Што тычыцца Джаныша Бакіева, то гэта рэальны злачынца, злыдзень. І тое, што ён зьявіўся ў Менску патаемна, вельмі абурае Бішкек.

РС: А ў якой ступені такая рэакцыя на зьяўленьне ў Менску Джаныша Бакіева абумоўлена ўнутрыпалітычнай сытуацыяй у Кіргізстане?

Дубноў: Трэба ўяўляць розьніцу паміж сытуацыяй цяперашняй і той, што была два гады таму. Таму ўлада ў Бішкеку была слабай і няўстойлівай, было незразумела, ці ўтрымаецца яна, хто яго падтрымлівае звонку. Наўрад ці Бішкек тады мог прад'яўляць сур'ёзныя прэтэнзіі Менску.

Цяпер іншая справа. Трэці год існуе сыстэма ўлады, больш менш устойлівая. Прэзыдэнт Алмазбек Атамбаеў - чалавек вельмі харызматычны, вельмі ў сябе ўпэўнены, амбіцыйны. Ён дэманструе сваю значнасьць сярод сваіх партнэраў па СНД. І прэтэнзіі яго і Бішкеку ў цэлым да Менску - гэта нармальна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG