Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёлета ня стане 128 школ, пераважна беларускамоўных


Як сьведчыць статыстыка Мінадукацыі Беларусі, у новым навучальным годзе істотна скароціцца колькасьць беларускамоўных школ.

Паводле Міністэрства адукацыі сёлета будуць закрытыя 128 малакамплектных школ у сельскай мясцовасьці, якія ў большасьці зьяўляюцца беларускамоўнымі. Колькі застанецца беларускіх школ, у ведамстве пакуль сказаць ня могуць, гэта стане вядома толькі пасьля 1 верасьня.

У Міністэрстве адукацыі таксама пакуль ня маюць лічбаў, колькі вучняў у гэтым годзе будзе вучыцца на беларускай мове. Прэсавая сакратарка Юлія Ваніна лічыць, што школы і аддзелы адукацыі ня мусяць займацца інфармаваньнем пра магчымасьць аддаць дзяцей у беларускамоўныя клясы. Выбар мовы навучаньня павінен ісьці зь сям'і, кажа Юлія Ваніна:

«Можна, канечне, прымусіць, размаўляць па-расейску ці па-беларуску. Але пакуль у сям'і ня будуць размаўляць па-беларуску, нічога ж ня будзе. Пакуль дзіцё дома не пачуе якую-небудзь мову, ня будзе ён на ёй размаўляць. У мяне трое дзетак, яны ведаюць і рускую мову, і беларускую. Ім усё роўна ўвогуле, на якой размаўляць».

Сёлета ў Менску беларускамоўных вучняў гатовы прыняць пяць гімназій і тры сярэднія школы. Апрача гэтага клясы на роднай мове гатовы адкрыць сем сталічных школ. Беларускамоўныя клясы з адным вучнем працуюць у некалькіх рэгіянальных гарадах.

Да Таварыства беларускай мовы сёлета па дапамогу ў адкрыцьці беларускамоўных клясаў ніхто з бацькоў не зьвяртаўся. Пра гэта "Свабодзе" распавяла першая намесьніца старшыні Алена Анісім. Яна расказвае, што рашэньне вучыцца па-беларуску сёньня зьвязана са шматлікімі цяжкасьцямі. Напрыклад, бацькі будуць вымушаны вазіць сваіх дзяцей у іншы канец горада. Пераадолець гэтыя цяжкасьці рэальна, калі зацікаўленыя мамы і таты аб'ядноўваюцца ў супольнасьці:

«Калі бацькі гуртуюцца, калі яны разумеюць, што яны не адны, тады прасьцей і ўладам даказаць, што праблема існуе. Як правіла, улады лічаць, што калі гэта 1-2 чалавекі, — гэта не праблема. Няхай прыстасоўваюцца да ўсіх астатніх. Калі зьбіраецца дзясятак людзей, а то і больш, тады яны мусяць вырашаць гэтую праблему».

Два гады таму прафэсар Алесь Астроўскі з Гародні дамогся, каб яго дзеці вучыліся па-беларуску. Для трэцякласьніцы Сьветы і другакласьніка Янкі ў 32-й гарадзенскай школе выкладаюць па асобнай праграме. У беларускамоўнай адукацыі прафэсар бачыць толькі перавагі і раіць бацькам трымацца ягонага прыкладу:

«Калі ў звычайных класах па 20-30 чалавек, то тут 1-2 вучні. Яны менш, чым за ўрок, праходзяць матэрыял. Калі неасноўныя, дадатковыя прадметы — фізкультура, выяўленчае мастацтва, сьпевы, танцы — выкладаюцца разам з класам, а галоўныя прадметы — пісьмо, чытаньне, прырода і сьвет, матэматыка — вывучаюць асобна. Атрымліваюцца, яны жывуць паўнавартасным жыцьцём школьніка. Няма ніякіх комплексаў і праблем. Беларуская мова стварае стратэгічную перавагу, якая дазваляе дзецям атрымліваць значна лепшую адукацыю».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG