Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эквадор: некалькі беларускіх паралеляў


Рафаэль Карэа і Аляксандар Лукашэнка, Эквадор, 28.06.2012
Рафаэль Карэа і Аляксандар Лукашэнка, Эквадор, 28.06.2012

Наданьне палітычнага прытулку заснавальніку WikiLeaks Джуліяну Асанжу Эквадорам зьвярнула ўвагу сусьветнай грамадзкасьці на гэтую наогул малавядомую лацінаамэрыканскую краіну. А пэрспэктыва адабраньня палітычнага прытулку ў былога беларускага міліцыянта Аляксандра Баранкова гэтай самай краінай учыніла яе асабліва цікавай для беларусаў.

Аказваецца, у палітычным жыцьці Эквадору і Беларусі апошняга часу можна знайсьці некаторыя выразныя паралелі.

Цяперашні прэзыдэнт Эквадору Рафаэль Карэа прыйшоў да ўлады ў выніку выбараў у лістападзе 2006 году, у якіх абяцаў сацыяльную рэвалюцыю на карысьць найбяднейшых пластоў насельніцтва. Карэа ня меў у гэтых выбарах ніякай партыйнай падтрымкі і лічыўся аўтсайдэрам.

Пасьля ўступленьня на прэзыдэнцкую пасаду Карэа правёў пасьпяховую палітычную кампанію, мабілізуючы свой электарат вакол ідэі новай канстытуцыі. Ён абяцаў, што канстытуцыя дасьць больш паўнамоцтваў бедным грамадзянам і абмяжуе ролю палітычных партый, якія бачыў галоўнымі віноўнікамі эканамічна-сацыяльных праблемаў краіны.

Нягледзячы на супраціў кіраванага апазыцыяй парлямэнту, Карэа зацьвердзіў новую канстытуцыю праз рэфэрэндум у верасьні 2008 году.

Паводле новай канстытуцыі Карэа быў пераабраны ў выбарах у красавіку 2009 году, якія выйграў зь вялікім адрывам ад сваіх супернікаў.

У верасьні 2010 году ў Эквадоры адбыліся беспарадкі. Акцыя пратэсту эквадорскіх вайскоўцаў і паліцыянтаў, пазбаўленых шэрагу надбавак і льготаў, перайшла ў спробу гвалтоўнага адхіленьня прэзыдэнта Карэа ад улады. У Карэа, які спрабаваў зьвярнуцца да дэманстрантаў на адной з акцый пратэсту, кінулі некалькі гранатаў са сьлезацечным газам. Шпіталь, куды ён зьвярнуўся па мэдычную дапамогу, пратэстоўцы атачылі шчыльным колам. Урад абвясьціў аб увядзеньні надзвычайнага становішча. Пасля 12-гадзіннага зьняволення ў шпіталі Карэа быў вызвалены ўрадавымі войскамі і вярнуўся ў прэзыдэнцкі палац, дзе з балькона выступіў перад сваімі прыхільнікамі, назваўшы тое, што адбывалася, спробай дзяржаўнага перавароту.

У наступным рэфэрэндуме, у траўні 2011 году, выбаршчыкі зацьвердзілі далейшыя рэформы, прапанаваныя прэзыдэнтам, якія ўключалі пашырэньне ягоных паўнамоцтваў адносна назначэньня судзьдзяў і кантролю над СМІ. Рэфэрэндум таксама забараніў карыды, якія да таго часу праводзіліся ў Эквадоры.

Рафаэля Карэа сусьветныя СМІ залічваюць да «тройцы» папулісцкіх лідэраў Лацінскай Амэрыкі, да якой належаць яшчэ прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс і прэзыдэнт Балівіі Хуан Эва Маралес.

Прыйшоўшы да ўлады, Карэа, які атрымаў дактарат з эканомікі ва Ўнівэрсытэце штату Іліной у ЗША, сарваў размовы пра гандлёвую дамову з ЗША ды адмовіўся прадоўжыць амэрыканцам наём паветранай базай на ўзьбярэжжы Эквадору, якую тыя выкарыстоўвалі для высочваньня гандляроў наркотыкамі ў рэгіёне.

Свабода выказваньня ў Эквадоры гарантаваная канстытуцыяй, але эквадорскія журналісты штораз часьцей узьнімаюць голас у пратэсьце супраць умяшаньня дзяржавы ў дзейнасьць недзяржаўных СМІ.

У краіне дзейнічае закон, які прадбачвае турэмнае зьняволеньне да 3 гадоў за зьнявагу афіцыйных асобаў. Сёлета ў лютым Найвышэйшы суд Эквадору прысудзіў журналіста і трох уласьнікаў найбольшай газэты ў краіне, El Universo, да трох гадоў турмы ды абавязаў іх выплаціць штраф памерам 42 мільёны даляраў за зьнявагу прэзыдэнта Рафаэля Карэа. Праўда, праз тыдзень пасьля прысуду Карэа памілаваў асуджаных.

Дадатковая інфармацыя пра Эквадор: краіна, плошчаю 272 тысячы квадратных кілямэтраў, ляжыць над Ціхім акіянам абапал экватару (ад якога выводзіць сваю назву); насельніцтва — 14,6 мільёна чалавек; галоўная мова — гішпанская, але ў некаторых рэгіёнах афіцыйны статус маюць яшчэ тузін карэнных моваў; грашовая адзінка — амэрыканскі даляр, уведзены ў 2000 годзе; галоўныя прадукты экспарту — нафта, бананы, кава, какава, кветкі, крэвэткі, рыба; ВУП на душу насельніцтва — 3850 даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG