Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​​«Брэжнеў» – узяты. Наперадзе – ​​«Сталін»?


Сёньня, калі на вуснах алімпійскія мэдалі ды рэкорды, кіраўнік беларускага Нацыянальнага алімпійскага камітэту адзначае рэкорд палітычны.

На 15 жніўня 2012 году Аляксандар Лукашэнка, які заступіў на пасаду прэзыдэнта 20 ліпеня 1994 году, знаходзіцца ва ўладзе роўна — дзень у дзень — столькі, колькі кіраваў СССР Леанід Брэжнеў (абраны першым сакратаром ЦК КПСС 14 кастрычніка 1964 — памёр 10 лістапада 1982). Гэта — 6 601 дзень.

Я ня тое каб веру ў нейкую магію лічбаў, але такі «брэжнеўскі» рубеж — нагода параўнаць і часы, і дасягненьні, пры Брэжневе і пры Лукашэнку.

Сяргей Навумчык
Сяргей Навумчык
«Лукашэнка пазбавіў маё пакаленьне пэрспэктываў» — напісаў адзін малады чалавек у Фэйсбуку. Магчыма, будзе нялішне параўнаць такую ацэнку з тым, як успрымала маё пакаленьне Брэжнева.

Канешне, паралелі паміж тым і цяперашнім часам будуць адносныя — бо жыцьцё памянялася за трыццаць гадоў фантастычна. Фраза кшталту «Я цяпер у Лёндане і хвіліну таму даслаў табе ліст, дык паглядзі яго зараз у паштовай скрыні» — у 82-ім была б надзейным пропускам у псыхіятрычную клініку. Сучасныя тэхналёгіі зьмянілі сьвет кардынальна, незалежна ад межаў ды палітычнага ладу.

Зразумела і тое, што і само паняцьце «пакаленьне» нельга ўспрымаць маналітна — у маім пакаленьні, ды проста ў маёй alma mater, былі сябры «Майстроўні» Вячорка, Гермянчук, Дубавец, а былі і тыя, хто ўжо тады заклаў сабе падмурак сёньняшняй кар’еры ў адміністрацыі ды спэцслужбах.

Тыя, хто паставіў на Брэжнева, лічылі яго часовай фігурай
.

Брэжнеў — афіцыйна — быў абраны першым сакратаром на пленуме ЦК, у поўнай адпаведнасьці са статутам КПСС. Насамрэч, ён прыйшоў да ўлады ў выніку клясычнага «палацавага перавароту» — уцягнуўшы ў змову іншых асобаў з бліжэйшага атачэньня Хрушчова і абапіраючыся на спрыяньне кіраўніка КДБ Сямічаснага (які потым прызнаваўся, што загадаў кіраўнікам аховы Хрушчова «ня ўмешвацца» — а калі б тыя паведамілі Мікіце Сяргеевічу пра змову хаця б за адзін дзень, лёс Брэжнева быў бы незайздросны). Ніякай праўды пра гэтыя падзеі, натуральна ж, савецкім людзям не сказалі — яна стала вядомай праз дзесяцігодзьдзі. Тыя, хто паставіў на Брэжнева, лічылі яго часовай фігурай. Большасьць з гэтых людзей неўзабаве былі адсунутыя Брэжневым на другасныя ролі ці адпраўленыя ў адстаўку — але ніхто ня быў забіты ці пасаджаны ў турму.

Лукашэнка быў абраны прэзыдэнтам на выбарах, якія прынята лічыць свабоднымі; некаторыя палітолягі назвалі іх нават «народнай рэвалюцыяй». Сапраўды,нібыта ўсё было свабодна і навідавоку: збор подпісаў, рэгістрацыя, выбарчая кампанія, тэледэбаты, галасаваньне пры наяўнасьці назіральнікаў на кожным участку. Насамрэч, ўся прэзыдэнцкая кар’ера Лукашэнкі, ад самага яе пачатку, замешаная на хлусьні і парушэньнях: хлусьнёй быў сумнавядомы «антыкарупцыйны» даклад, з парушэньнем рэглямэнту ВС былі прынятыя «прэзыдэнцкія» разьдзелы Канстытуцыі, у блянку для збору подпісаў Лукашэнка пазначыў недакладныя зьвесткі аб працы і месцы жыхарства (пры ім будуць адмаўляць у рэгістрацыі і за куды меншыя парушэньні), ўся агітацыйная кампанія будавалася на ілжывай тэзе пра непатрэбнасьць сувэрэнітэту дзяржавы.

Чым далей аналізую я падзеі 1993-1994 года — тым больш пераконваюся, што ў прыходзе Лукашэнкі спэцслужбы адыгралі ня другасную, а ключавую ролю. Але калі Брэжнеў трымаў КДБ пад пільным партыйным кантролем, і толькі ў апошнія гады галоўны чэкіст Андропаў набыў палітычную вагу дастатковую, каб пасьля сьмерці «камуніста нумар два» Суслава заняць ягонае месца — дык пры Лукашэнку афіцэры спэцслужбаў занялі асноўныя ключавыя пасады ў адміністрацыі ў першыя ж гады ягонага кіраваньня.
Некаторыя паплечнікі Лукашэнкі у 1994 годзе разглядалі яго як часовы варыянт, як своеасаблівы "таран"

Як потым прызнаваліся некаторыя паплечнікі Лукашэнкі, у 1994 годзе яны разглядалі яго як часовы варыянт, як своеасаблівы «таран», якім можна было «выбіць» Кебіча ды расчысьціць сабе дарогу. Што да лёсу тых, хто быў разам з Лукашэнкам на выбарах у 1994 годзе, дык можна прыгадаць Ганчара (гвалтоўна зьнік), Лябедзьку (шмат разоў арыштоўваўся і сядзеў у «амэрыканцы»), Фядуту (сядзеў у «амэрыканцы»).

Прыход Брэжнева не зьмяніў абраны яшчэ пры Леніне курс на «пабудову камунізму». З прыходам Лукашэнкі дэкляраваная Кебічам «інтэграцыя з Расеяй» паскорылася (увогуле, у сваіх мэмуарах Кебіч прызнаўся, што хаця на выбарах яны і канкуравалі, але галоўная мэта была адзінай: не дапусьціць да ўлады Пазьняка).

Я ня памятаю, натуральна, прыход Брэжнева — мне было два з паловай гады. Затое добра памятаю, як на журфаку абвясьцілі пра ягоную сьмерць: зачыталі паведамленьне і стараста сказаў «Встать!». Потым лекцыя працягвалася, нібыта нічога і ня здарылася. А мы з Дубаўцом пачалі перакідвацца вершаванымі гумарнымі нататкамі — ня памятаю ўжо, што пісаў Сяргей, а ў мяне было нешта кшталту «По крыше барабанил дождь, ну а у нас скончался вождь» ды «Умер Лёня, ну и что же? Юра нам теперь дороже» (Андропаў яшчэ ня быў абраны генсэкам, але прадбачыць гэта было няцяжка). Барыс Сачанка (ён жа Пятровіч) у нашых забавах з сялянскай разважлівасьць удзелу ня браў; магчыма ён ужо тады адбумаваў будучы «Дзеяслоў» і разумеў, што такія вершыкі ў часопіс не прыдадуцца. Сьмерць выбітнага дзеяча міжнароднага камуністычнага руху мы з сябрамі адзначылі ў нашым інтэрнаце нумар 2 па вуліцы Кастрычніцкай віном «Эрэці» па 1 руб.07 кап. за пляшку — безумоўна, прыгадваючы анэкдоты пра Леаніда Ільіча, якіх адзін мой знаёмы ведаў больш як пяцьсот.

Вось у гэтым была прынцыповая розьніца паміж тым, як успрынялі сьмерць Брэжнева мы і тым, як разьвітваліся са Сталіным нашыя бацькі: паводле маёй маці, уся яе вёска Сідаравічы пад Магілёвам — плакала. Маці, якая свае на той момант 17 гадоў пражыла пры Сталіне — не ўяўляла, як цяпер жыць бяз Сталіна? І што будзе далей? Вайна? Ці — мір?

Нашае пакаленьне на 1982 год таксама сьвядомае жыцьцё пражыла пры Брэжневе — але мы добра разумелі, што зь ягонай сьмерцю нічога прынцыпова новага не здарыцца — ні горшага, ні лепшага (Андропаў, усё ж, быў горшым, бо чэкісты адчулі сябе гаспадарамі жыцьця).

Сёньняшняе маладое пакаленьне — ва ўсялякім разе, значная ягоная частка — зьвязвае свае спадзяваньні з зыходам Лукашэнкі.

Ня памятаю, каб нехта жадаў Брэжневу снайпэра

Між іншым, хаця ў апошнія гады свайго жыцьця Брэжнеў быў пэрсанажам анэкдотаў і злых кпінаў з прычыны сваёй відавочнай недзеяздольнасьці і прагі да ўзнагародаў — ня памятаю, каб нехта жадаў яму сьмерці, каб казаў, што вось бы які снайпэр узяў яго на мушку. Калі ж праводзіць паралелі з сёньняшнім днём... Не, устрымаюся ад паралеляў.

Могуць сказаць, што па ўзнагародах і тытулах Лукашэнка да Брэжнева не дацягвае. Але вайсковае званьне Леаніда Ільіча было дакладна акрэсьлена — маршал Савецкага Саюзу. Што азначаюць вышытыя золатам пагоны на кіцелі Лукашэнкі — думаю, ня ведае і ён сам.

Ну і калі ўжо працягваць тэму «асабістай сьціпласьці»: Брэжнеў зрабіў сваіх сына і зяця першымі намесьнікамі міністраў і абодвух увёў кандыдатамі ў члены ЦК КПСС. Пасады значныя — але, па тагачасным намэнклятурным раскладзе, афіцыйна яны не ўваходзілі ў першую «сотню» (Я пішу «зрабіў», але насамрэч тое была ініцыятыва падхалімскага атачэньня — Леанід Ільіч проста не супраціўляўся). Лукашэнка сам, сваім указам, прызначыў старэйшага сына членам Рады бясьпекі — своеасаблівага аналяга брэжнеўскага Палітбюро, гэта значыць — членам першай «дзесяткі».

Жонку Брэжнева і маці яго дзяцей, Вікторыю Пятроўну, за часамі генсэкства яе мужа савецкі народ бачыў па тэлебачаньні разы 2-3: у рэпартажах пра візыт ў Парыж і пра галасаваньне на выбарах дэпутатаў Вярхоўнага Савета. Жонку Лукашэнкі і маці двух ягоных сыноў, Галіну Радзівонаўну, у часе ягонага прэзыдэнцтва беларускі народ ня бачыў ніколі. Маці іншага сына Лукашэнкі беларускі народ увогуле ня бачыў. Ну а ў Парыж Лукашэнку даўно не пускаюць. Пра «выбары» даўно ўсё сказана.

Мы слаба ўяўлялі, як жыве цывілізаваны сьвет
.

Нашае пакаленьне пры Брэжневе ня мела таго, што мелі нашыя равесьнікі на Захадзе. Мы слаба ўяўлялі, як жыве цывілізаваны сьвет. Прад канчатковымі іспытамі па ангельскай мове ва ўнівэрсытэце мой слоўнікавы запас быў 146 словаў (у якія , акрамя pen, table, уваходзілі і communism, komsomol ) — гэта за пяць школьных і чатыры ўнівэрсытэцкія гады. А — навошта болей? Я разумеў, што ніколі не траплю далей за ГДР, а чытаць камуністычную газэту Morning star, што прадавалася ў савецкіх кіёсках, не было ахвоты.

Сёньня значная частка моладзі добра ведае адну, а часам і дзьве замежныя мовы. Але ў гэтым — не заслуга Лукашэнкі, хутчэй наадварот — шмат хто вучыць замежную мову дзеля таго, каб з’ехаць.
Шмат хто вучыць замежную мову дзеля таго, каб з’ехаць

Я пішу «пры Брэжневе» — але, насамрэч, тое ж самае было б, калі б у 1964 годзе месца кіраўніка КПСС заняў хто заўгодна — Падгорны, Суслаў, Шэлепін, нехта яшчэ. Камуністычны рэжым не прадугледжваў для нашага пакаленьня іншых варыянтаў. Зрэшты, другога шляху — акрамя як «ленінскі шлях» — у тыя гады рэжым не прадугледжваў і для генсека.

А вось у 1994-ым мог быць абраны зусім іншы варыянт шляху — і можна толькі ўяўляць, дзе сёньня была б Беларусь.

Атрымаўшы ў 1964-ым СССР як звышдзяржаву, Брэжнеў у 1982-ім і пакінуў яе звышдзяржавай — з магутным ядзерным патэнцыялам, безьліччу ракет і танкаў. Але ў гэтай дзяржаве, як і пры Хрушчове, засталася ня вырашанай праблема вырабу жаночых панчохоў, а ў крамах (акрамя сталіцаў) наяўнасьць двух гатункаў каўбасы лічылася раскошай. І падвёў Леанід Ільіч СССР да той мяжы, куды толькі і можна было дайсьці «ленінскім шляхам».
Эканамічная залежнасьць ад Масквы пры Лукашэнку шмакроць павялічылася


Атрымаўшы ў 1994—ым краіну з выключным інтэлектуальным патэнцыялам і ўнікальнай навукаёмістай выворчасьцю — праз 18 гадоў Лукашэнка пасадзіў яе ў рэжым выжываньня, а эміграцыя высокакваліфікаваных адмыслоўцаў набыла пагрозьлівыя памеры. Пры гэтым эканамічная залежнасьць ад Масквы ня зьменшылася, а шмакроць павялічылася.

Пры Брэжневе эканоміка падтрымлівалася распрацоўкай радовішчаў нафты і газу, іх экспартам ды высокімі коштамі на энэрганосьбіты — фактычна, Леанід Ільіч карыстаўся з таго, што даў гасподзь Бог (альбо прырода, каму як падабаецца). Але трэба прызнаць, што менавіта пры Брэжневе пачалася маштабная распрацоўка радовішчаў .
Пры Лукашэнку "Белтрансгаз" ужо аддадзены
.

Лукашэнка эксплюатуе надзвычай выгодныя геапалітычныя транзытныя магчымасьці Беларусі (хаця калі пра іх гаварылі дэпутаты Апазыцыі БНФ у пачатку 90-ых, ён хіхікаў) — у наяўнасьці гэтых магчымасьцяў не ягоная заслуга. І хаця чым далей, тым больш зерня быў вымушаны закупляць СССР на Захадзе на «нафтадаляры», Леанід Ільіч не прадаваў іншаземцам Урэнгой ці Саматлор — пры Лукашэнку «Белтрансгаз» ужо аддадзены.
Беларусь для Расеі - ключавы вайскова-стратэгічны пляцдарм

Брэжневу не было на каго разьлічваць у супрацьстаяньні з Захадам (саюзьнікі па Варшаўскай дамове — так, для бутафорыі). Лукашэнка ведае, што яго заўсёды падтрымае Масква, бо Крэмль зацікаўлены ў Беларусі. Ён зацікаўлены ў ёй, калі б нават на тэрыторыі краіны не было ніводнага заводу, калі б нават не пралягала труба. Калі б і людзей на гэтай тэрыторыі не было. Бо тэрыторыя Беларусі — гэта для Расеі ключавы вайскова-стратэгічны пляцдарм.

Пры Брэжневе Савецкі Саюз уганараваўся назовам «імпэрыя зла». Лукашэнка заслужыў пэрсаніфікаваны тытул — «апошні дыктатар Эўропы».

У наяўнасьці палітычных вязьняў Лукашэнка можа сьмела паспрачацца з Брэжневым. Ва ўсялякім разе, паводле колькасьці арыштаў (за адны толькі суткі ў сьнежні 2010 —га — каля 700 чалавек) ён калі не пераўзышоў, дык зраўняўся. Брэжнеў, праўда, мог «пахваліцца», што адзін з «ягоны» дысыдэнт (Сахараў) атрымаў Нобэлеўскую прэмію — але і тут у Лукашэнкі ёсьць неблагія шанцы зраўняцца з Леанідам Ільічом.

І, нарэшце, пра становішча беларускай мовы і нацыянальнай культуры. Я зусім не зьбіраюся ідэалізаваць у гэтым сэнсе Брэжнева — гэта пры ім у 60-ыя гады былі зьнішчаныя беларускія школы, гэта ён дэкляраваў наяўнасьць «адзінай супольнасьці людзей — савецкага народу», і было зразумела, на якой — адной — мове павінен размаўляць гэты народ. Але: наклады выданьняў Быкава і Караткевіча ў 1970-ыя гады на беларускай мове дасягалі дзесяткаў тысяч асобнікаў. Як зараз выдаюцца жывыя клясыкі — добра вядома: наклад у тысячу лічыцца вельмі добрым, але Барадулін, Бураўкін, Арлоў ды некаторыя іншыя аўтары пра дзяржаўныя выдавецтвы могуць толькі марыць.

Я цяпер хацеў напісаць, што пры Брэжневе людзей не хапалі на вуліцы «невядомыя ў цывільным» за беларускую мову — але ў Беларусі пры Брэжневе на гарадзкіх вуліцах беларуская мова практычна не гучала.

Цяпер яна гучыць у тысячах вуснаў маладога пакаленьня — насуперак высілкам Лукашэнкі. Пакаленьня, якое, у адрозьненьні ад нас, тагачасных дваццацігадовых, выходзіць і на Плошчу. І ў гэтым, калі адкінуць усе айфоны ды іншыя прыкметы прагрэсу, бачыцца мне галоўная розьніца паміж часам брэжнеўскім і днём сёньняшнім.

І гэта дае падставы прагназаваць, што наступнага, «сталінскага» рэкорду (29 гадоў пры ўладзе) цяперашні кіраўнік НАК не дасягне.

Дыскваліфікацыя можа адбыцца ў любы момант.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG