Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрымалі журналістак Дарашкевіч і Козьлік зь мядзьведзікамі

абноўлена

Намесьнік начальніка ГУУС Ігар Яўсееў перашкаджае працаваць рэпарцёру Юліі Дарашкевіч, архіўнае фота
Намесьнік начальніка ГУУС Ігар Яўсееў перашкаджае працаваць рэпарцёру Юліі Дарашкевіч, архіўнае фота

Юлія Дарашкевіч і Ірына Козьлік былі затрыманыя, калі ў рамках акцыі салідарнасьці з фатографам Антонам Сурапіным здымаліся для віртуальнага «постэру» зь мядзьведзікамі-парашутыстамі.

20:50 Паводле інфармацыі ад юрыста Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца, суд над Юліяй Дарашкевіч і Ірынай Козьлік, якія за фотаздымкі з цацачным мядзьведзікам абвінавачваюцца ў «парушэньні парадку арганізацыі ці правядзеньня масавага мерапрыемства», прызначаны на 9 жніўня. Дакладны час пакуль не вядомы. Судзіць журналістак будуць па месцы тэрытарыяльнага затрыманьня — у Савецкім судзе.

Сябры і паплечнікі, якія чакаюць затрыманых журналістак пад пастарункам, гэтую інфармацыю не пацьвярджаюць.

20:30 Паводле ўдакладненай інфармацыі, Юлія Дарашкевіч і Ірына Козьлік абвінавачваюцца ў «незаконным пікетаваньні». Пратакол складзены паводле сумнавядомага для прадстаўнікоў апазыцыі артыкулу Адміністрацыйнага кодэксу 23.34 — «Парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньнья масавых мерапрыемстваў». Прадстаўнік Савецкага РАУС, дзе зь дзяўчат узялі тлумачальную і правялі асабісты дагляд, пракамэнтаваў сытуацыю ляканічна: «Яны ведалі, на што ішлі».

Хутчэй за ўсё, да суду затрыманым давядзецца правесьці ноч на Акрэсьціна.

20:10 Як паведаміў у «Фэйсбуку» грамадзкі актывіст Міхась Пашкевіч, ля апорнага пункту Савецкага РАУС намесьнік начальніка аддзяленьня адмовіўся прыняць ваду для затрыманых Юліі Дарашкевіч і Ірыны Козьлік. «Няхай адчуюць усе цягаты», — цытуе словы міліцэйскага начальніка спадар Пашкевіч.

19:50 Затрыманыя менскай міліцыяй фотарэпартэр Юлія Дарашкевіч і журналістка «„Комсомольской правды“ в Белоруссии» Ірына Козьлік пішуць тлумачальныя ў пакоі прафіляктыкі Савецкага РАУС на вуліцы Якуба Коласа.

Дзяўчат абвінавачваюць у правядзеньні незаконнага флэшмобу.

19:00 Фотакарэспандэнт Юлія Дарашкевіч і журналістка газэты «„Комсомольская правда“ в Белоруссии» Ірына Козьлік дастаўленыя ў РАУС Савецкага раёну Менску. Гэта журналісткі пацьвердзілі Свабодзе па тэлефоне.

Абедзьве былі затрыманыя ў той момант, калі ў рамках акцыі салідарнасьці з затрыманым фатографам Антонам Сурапіным здымаліся для віртуальнага «постэру» з мядзьведзікамі-парашутыстамі.

Юлія Дарашкевіч: «Толькі што прывезьлі ў Савецкі РАУС. Забралі ў той момант, калі я фатаграфавала Іру Козьлік з „Камсамольскай праўды“ з тым самым мядзьведзікам з парашутам. Што будзе далей — пакуль не вядома. На жаль, больш не магу гаварыць».

У пэрфомансе салідарнасьці з арыштаваным студэнтам Інстытуту журналістыкі БДУ Антонам Сурапіным узялі ўдзел ужо больш за тры дзясяткі журналістаў, якія зьняліся зь мядзьведзікамі на тле цаглянай сьцяны. Лёзунг акцыі адрасаваны прадстаўнікам сілавога блёку, якія, на думку ініцыятараў пэрфомансу, не заўважылі швэдзкі самалёт з цацкамі на борце, але хочуць перакласьці адказнасьць на іншых: «Самі пра..лі — самі і адказвайце».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG