Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выстаўленыя абвінавачаньні ў справе «плюшавага» дэсанту

абноўлена

Іх шукае КДБ - налепкі ў Менску
Іх шукае КДБ - налепкі ў Менску

КДБ таксама прапануе арганізатарам «плюшавага дэсанту» прыехаць у Менск для дачы паказаньняў у якасьці падазраваных. Абнаўляецца.

Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на Цэнтар інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ, Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі ўзбуджаная і расьсьледуецца крымінальная справа па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 371 КК па факце незаконнага перасячэньня 4 ліпеня дзяржаўнай мяжы Беларусі падданымі Швэцыі на лёгкаматорным самалёце.

Па падазрэньні ў пасобніцтве злачынству былі затрыманыя грамадзяне Беларусі Сурапін і Башарымаў, якім прад’яўленае абвінавачаньне па ч. 6 арт. 16 (пасобніцтва ў зьдзяйсьненьні злачынства) і ч. 3 арт. 371 (незаконнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь) Крымінальнага кодэксу.

«У інтарэсах аб’ектыўнага расьсьледавання крымінальнай справы і высьвятленьня ўсіх акалічнасьцяў парушэньня паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь і Літоўскай Рэспублікі Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі прапануецца падданым Швэцыі, якія прынялі ўдзел у арганізацыі і ажыцьцяўленьні незаконнага перамяшчэньня празь дзяржаўную мяжу, прыбыць у Менск для ўдзелу ў сьледчых дзеяньнях у якасьці падазраваных, у тым ліку для правядзеньня вочных ставак. Па выніках будуць прынятыя адпаведныя працэсуальныя рашэньні ў дачыненьні да беларускіх грамадзянаў, якія праходзяць па крымінальнай справе», — гаворыцца ў паведамленьні КДБ.

Пілёт самалёта з плюшавымі мядзьведзікамі, супрацоўнік кампаніі Studio Total Томас Мазэці заявіў у інтэрвію парталу «Хартыя 97» наступнае:

«Studio Total можа камэнтаваць абвінавачаньні толькі пасьля таго, як азнаёміцца зь імі. Але публікацыя фатаграфіяў у інтэрнэце ня можа быць незаконнай. Больш за тое, факт перасячэньня мяжы і скіданьня мядзьведзікаў пацьвердзіў сам Лукашэнка, гэта значыць на фотаздымках, якія ўсяго толькі разьмясьціў у інтэрнэце Антон Сурапін, няма нічога надуманага. Што тычыцца Сяргея Башарымава, то тады трэба арыштоўваць і прад'яўляць абвінавачваньні ўсім: тым, хто здаў нам напракат аўтамабіль, прадаў квіткі на самалёт ... У гэтым няма ніякай лёгікі, ніякага сэнсу. Проста спроба прадэманстраваць сваю ўладу. Нерацыянальныя дзеяньні з боку Лукашэнкі, які, мяркуючы па ўсім, знаходзіцца ў поўным адчаі і неадэкватна ўспрымае тое, што адбываецца. Studio Total не атрымлівала ніякіх пісьмовых запрашэньняў ад КДБ, так што камэнтаваць складана. Але хай шлюць — Studio Total зь цікавасьцю пачытае і абдумае».

Паводле «Хартыі-97», спадар Мазэці таксама паведаміў, што ў апошні час на электронны адрас Studio Total прыходзіць вялікая колькасьць ананімных лістоў з пагрозамі.

Аднаматорны самалёт са швэдзкім экіпажам з плюшавымі мішкамі на борце перасёк паветраную мяжу Беларусі раніцай 4 ліпеня. Ён правёў у паветранай прасторы краіны каля паўтарох гадзінаў, скінуўшы над Івянцом і ўскраінай Менску больш за 800 цацак з надпісамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.

З самага пачатку ваенныя і памежнікі катэгарычна абвяргалі факт незаконнага перасячэньня мяжы.

Гісторыя з «плюшавым дэсантам» атрымала шырокі грамадзкі рэзананс і дала падставу сумнявацца ў боегатоўнасьці ня толькі беларускіх, але і саюзных сродкаў СПА. Была створаная камісія прэзыдэнта, якая занялася праверкай ўсіх злучэньняў і воінскіх часьцей Ваенна-паветраных сілаў і Войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі.

31 ліпеня Аляксандр Лукашэнка вызваліў ад пасадаў старшыню Дзяржаўнага памежнага камітэту Ігара Рачкоўскага і камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і Войскамі супрацьпаветранай абароны Узброеных сіл генэрал-маёра Дзьмітрыя Пахмелкіна. Падставай для звальненьня стала «неналежнае выкананьне службовых абавязкаў па забесьпячэньню нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь», паведаміла прэс-служба прэзыдэнта.

Аб няпоўнай службовай адпаведнасьці папярэджаны міністар абароны Юры Жадобін і начальнік Генштаба Узброеных сілаў — першы намесьнік міністра абароны генэрал-маёр Пётр Ціханоўскі. Абвешчана вымова дзяржсакратару Савета бясьпекі Леаніда Мальцава і старшыні КДБ Вадзіму Зайцаву.

Па справе аб «плюшавай бамбардзіроўцы» былі затрыманыя 20-гадовы студэнт Інстытуту журналістыкі БДУ Антон Сурапін, які першым выклаў на сваім сайце фатаграфіі скінутых швэдамі цацачных мядзьведзяў, і Сяргей Башарымаў, які займаецца здачай кватэраў на кароткі тэрмін, і ў якога швэды — ўдзельнікі акцыі маглі або плянавалі здымаць жыльлё.

Ёсьць таксама зьвесткі, што па справе затрымліваліся дзьве дзяўчыны. Гэта сяброўка Башарымава Ірына Лагойка, якая суткі правяла ў СІЗА КДБ. Зь яе ўзята падпіска аб невыдаваньні таямніцы сьледзтва. А таксама 16-гадовая Кацярына Скурат, якая нібыта першай сфатаграфавала плюшавых мішак і прыслала фотаздымкі Сурапіну. Дзяўчыну дапыталі ў прысутнасьці бацькоў і адпусьцілі.

19 ліпеня заснавальнік піяр-кампаніі Studio Total Пэр Кромвэл зрабіў заяву для беларускіх уладаў. Ён заявіў аб недатычнасьці кагосьці зь беларускіх грамадзянаў да "плюшавага дэсанту" і выказаў гатоўнасьць прыехаць, у выпадку неабходнасьці, у Беларусь для дачы паказаньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG