Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Быць ізгоем


Гляджу БТ, інфармацыйную перадачу, у якой усё – ад манераў, вопраткаў да сцэнара, афармленьня і самога тэлевізара – прыдумана калісьці на Захадзе, і дзіву даюся: мужчынка з жанчынкай у кадры на чым сьвет стаіць паліваюць той кляты Захад за дэградацыю і ўсхваляюць «наш асаблівы шлях разьвіцьця».

Калі падумаць, дык абсалютна ўсе ўнівэрсальныя даброты цывілізацыі, якімі карыстаецца ўвесь сьвет, – ад зубной шчоткі да кампутара, ад правілаў паводзінаў да парлямэнту, – усё прыдумана і прадукуецца на Захадзе ці паводле заходніх вынаходзтваў. І абсалютна нічога цывілізацыйна значнага, чым карыстаўся б увесь сьвет, не прыдумана ані ў Беларусі, ані ў Расеі, ані ва Ўкраіне.

Цалкам зразумела, чаму тры краіны зь пяці нашых суседак імкнуцца далучыцца да заходняга сьвету, да яго самапачуваньня, дабрабыту, свабоды і іншых каштоўнасьцяў. Сотні тысяч беларусаў, расейцаў ды ўкраінцаў робяць свой цывілізацыйны выбар індывідуальна – перабіраюцца на Захад, бо шкада траціць жыцьцё на змаганьне з абсурдам, а там яго на ўзроўні асобы амаль перамаглі. Адваротнага міграцыйнага руху проста няма і быць ня можа.

Для латыша, літоўца або паляка бачыць прызнаньне сваёй краіны ў цывілізаваным сьвеце – тое самае, што мець надзею. Вядома, ёсьць мноства праблем трансфармацыі, шмат яшчэ нязручнасьцяў і неўладкаванасьці, але вэктар руху абраны слушны – мы разам з цывілізацыяй, а таму таксама будзем жыць як тыя немцы або швэды – нармальна, па-людзку, паводле законаў.

А вось з чаго нараджаецца адваротны імпульс – загадка. Які-небудзь Пуцін ці Януковіч мелі зусім прыстойныя стартавыя пазыцыі, былі прынятыя цывілізаваным сьветам. Здавалася б, толькі разьвівай, умацоўвай дачыненьні, рухайся да лепшага. Адкуль бярэцца жаданьне быць ізгоем? Не разьвівацца, ня рухацца, не кантактаваць, рабіць усё ненармальна? Сварыцца з цывілізаваным сьветам?

Неяк завёў я размову пра гэта са свам старэйшым ураінскім калегам-журналістам. Пра Януковіча загаварылі. Мыхайло задумаўся і кажа: «Ня ведаю. Сам не магу зразумець». Добра, кажу, будзем думаць далей. Ён на гэта: «Ня варта... (і пасьля паўзы) Трыста гадоў павінна прайсьці»...

Для цывілізацыі ня так і шмат. А вы што пра гэта думаеце?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG