Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стэфан — эльф. Ён яшчэ вернецца!


Лявон Вольскі
Лявон Вольскі

«Стэфан — эльф. Ён прыляцеў з радзімы гэткага блізкага й роднага нам Жыгімонта Вазы і без праблемаў авалодаў нашай, па праўдзе кажучы, ня блізкай да расейскай мовай», — Лявон Вольскі ў сваім фэйсбуку разьмясьціў эсэ пра Стэфана Эрыксана.

Стэфан — эльф. Ён лётаў па Беларусі — ад краю да краю — прасякаўся прыгажосьцю, нечаму вучыўся, чамусьці вучыў… Дапамагаў, пераймаўся, хваляваўся…

Стэфан — эльф. Ён заўжды ўсьміхаецца. Я думаю, калі ён даведаўся пра вэрдыкт оркаў, ён таксама ўсьміхаўся.

Горкаю ўсьмешкай.

Горкаю, бо ён напраўду любіць наш край. Напраўду. А ня тою — чарка-шкварка-кватэра-машына-катэдж-ты-мне-я-табе-любоўю, як тыя тутэйшыя, што высылалі яго адсюль.

Стэфан — эльф. Я ганаруся сяброўствам зь ім і зь ягоным суайчыньнікам Томасам Норданстадам. Гэта неабыякавыя і вельмі таленавітыя людзі. Тыя, хто зьмяняе сьвет да лепшага.

Стэфан — эльф. Учора я граў канцэрт у літоўскім Зарасаі. Там, дзе мы жылі, не было інтэрнэту, і тут — смс — Стэфана выслалі.

Глупа казаць, што гэта нечакана. Усё цяпер чакана. Амбасадар вялікай краіны гаворыць па-беларуску — гэта ўжо падстава для высылкі, ну, праўда ж? Гэта ўсе разумеюць, але спадзяюцца: можа, здаровы сэнс неяк пераможа?

Дык вось: не пераможа. Пакуль ва ўладзе оркі — здаровага сэнсу ня будзе.

А будуць чорныя сьпісы, пасадкі за лаянку, сфабрыкаваныя справы. І будуць высылаць эльфаў. Бо — якія-такія эльфы ў краіне оркаў?!

Тольце, тролі! Крычыце, саўкі-гобліны! Цісьніце на клявішы оркі-на-пасадзе!

Стэфан — эльф. І… Ён яшчэ вернецца!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG