Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камітэт па правах чалавека ААН прыняў да разгляду скаргу Сяргея Каваленкі


Сяргей Каваленка
Сяргей Каваленка

Камітэт па правах чалавека ААН прыняў да разгляду скаргу віцебскага актывіста Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Сяргея Каваленкі на прысуд, вынесены яму ў траўні 2010 году.

Пра гэта БелаПАН паведаміла жонка апазыцыянэра Алена Каваленка. Яна нагадала, што 7 студзеня 2010 году Сяргей узьняў бел-чырвона-белы беларускі сьцяг на навагодняй ёлцы ў Віцебску. Гэты ўчынак быў кваліфікаваны ўладамі як «наўмысныя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і выказваюць відавочную непавагу да грамадзтва». Каваленку асудзілі паводле артыкула 339 Крымінальнага кодэксу (хуліганства) на 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

«Прынятая ААН скарга адносіцца да гэтага прысуду. Ёй прысвоены адпаведны нумар, а значыць, яна будзе разгледжаная», — распавяла Алена Каваленка. Паводле яе слоў, гэтую скаргу муж адправіў за два тыдні да свайго паўторнага арышту. «Ён адправіў яе 5 сьнежня 2011 году, а 19-га ўжо быў арыштаваны паводле абвінавачаньня ва ўхіленьні ад адбыцьця пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі», — распавяла Алена.

Цяпер, паведаміла жонка палітыка, рыхтуецца скарга ў ААН на другі прысуд. «Мы яшчэ не прайшлі ўсе магчымыя нацыянальныя інстанцыі для абскарджваньня па гэтай справе. Цяпер адвакат рыхтуе чарговую скаргу на прысуд Сяргею ў Вярхоўны суд Беларусі», — паведаміла Алена Каваленка.

Левінаў: Звароты ў ААН скончыліся зьяўленьнем спэцдакладчыка па Беларусі

Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў перакананы: нягледзячы на пазыцыю афіцыйнага Менску, які імкнецца «не заўважаць» рэкамэндацыі міжнародных інстанцый, канстатаваць парушэньне правоў чалавека трэба на ўсіх узроўнях:

Павал Левінаў
Павал Левінаў
«Сытуацыя такая: Беларусь заняла крыху незразумелую пазыцыю. Яна лічыць, што рашэньні Камітэту ААН па правох чалавека ня маюць юрыдычнай сілы і фактычна адмаўляецца іх выконваць. Разам з тым, накіраваньне паведамленьняў у ААН далі ў тым ліку паставу да таго, каб у гэтым годзе быў прызначаны спэцдакладчык па Беларусі. То бок, каб не было такіх зваротаў ад Каваленкі ды іншых грамадзянаў, магчыма, падобнага і не здарылася б. А так Камітэт ААН па правох чалавека бачыць — у Беларусі адбываюцца сыстэмныя парушэньні правоў чалавека. Таму сэнс ёсьць прынамсі ў гэтым. Але ёсьць сэнс і ў іншым: рана ці позна Беларусь усё ж стане на дэмакратычны шлях, на шлях выкананьня правоў чалавека, і ў прынцыпе ўжо адразу будзе бачна, у якіх накірунках працаваць, каб не пачынаць з пустога аркуша. І трэба памятаць яшчэ такую прымаўку: лепш нешта зрабіць і шкадаваць, што зрабіў, чым не рабіць нічога, і потым шкадаваць, што ты гэта не спрабаваў нават зрабіць».

Актывіст КХП БНФ Сяргей Каваленка быў асуджаны на год і месяц калёніі за парушэньне правілаў адбыцьця абмежаваньня волі. Пасьля суду са сьнежня 2011 году і да зьмяшчэньня ў Магілёўскую калёнію ў канцы красавіка Сяргей Каваленка тройчы трымаў працяглыя галадоўкі пратэсту. 18 траўня Віцебскі абласны суд не задаволіў касацыйную скаргу Сяргея Каваленкі на прысуд. Зараз Каваленка адбывае пакараньне ў магілёўскай калёніі № 19.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG