Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ля пікету «дэмакрата» — міліцыянты, ідэолягі, начальнік ДАІ


Збор подпісаў у Слоніме
Збор подпісаў у Слоніме

Ініцыятыўныя групы патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты працягваюць зьбіраць подпісы, прадстаўнікі апазыцыі сутыкаюцца зь перашкодамі.

У Слуцку апазыцыйны актывіст Анатоль Юрэвіч заявіў пра спыненьне збору подпісаў.

Ініцыятыўная група актывіста грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Анатоля Юрэвіча сабрала 326 подпісаў, пры тым што для рэгістрацыі патрэбная тысяча. Пасьля гэтага ён спыніў збор подпісаў і фактычна ён сышоў з дыстанцыі.

Анатоль Юрэвіч назваў галоўнай прычынай свайго рашэньня настроі грамадзян:

«Паводле нашых разьлікаў, большасьць выбарцаў — прыкладна 60% — галасаваць на гэтых выбарах не зьбіраюцца. Большасьць ня пойдзе! Гэта заяўляюць пераважна адукаваныя людзі. Я гэта дакладна дасьледаваў, бо асабіста хадзіў па кватэрах і сабраў 120 подпісаў. А чалавек 600 — адмовіліся і пры гэтым заявілі: мы ня пойдзем на выбары, хоць і аддадзім зараз табе свае подпісы! А як будзе насамрэч, я ня ведаю. Магчыма, да 23 верасьня ў каго-небудзь зьменіцца думка, ці ўлады, як гаворыцца, загоняць на выбары...»

Слуцкая акруговая выбарчая камісія № 67 зарэгістравала чатыры ініцыятыўныя групы вылучэнцаў у кандыдаты на дэпутата. Акрамя Анатоля Юрэвіча яшчэ двое прадпрымальнікаў — Аляксандар Салоп і Аляксандар Шыловіч. Зьбірае таксама подпісы і дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Інэса Кляшчук.

У Віцебску пікетаў па зборы подпісаў за вылучэньне кандыдатаў пакуль не відаць, а вось у рэгіёне першы ўжо зьявіўся — на цэнтральнай плошчы ў райцэнтры Гарадок. Старшыня раённай суполкі партыі БНФ Леанід Аўтухоў асабіста выйшаў зьбіраць подпісы за сваё вылучэньне. І тут жа да яго ўзьніклі прэтэнзіі ў міліцыі і раённых чыноўнікаў.

Спрэчкі выклікаў бел-чырвона-белы сьцяг побач з намётам, на якім быў вывешаны лёзунг «Беларусь — гэта не карыта для чыноўнікаў. Беларусь — гэта краіна для народу», — кажа спадар Аўтухоў:

«Адразу прыехалі са Сьледчага камітэту, супрацоўнікі ў цывільным. Прачыталі, і ўсё — паехалі. Потам зьявіліся супрацоўнікі Гарадоцкага РАУС, у тым ліку ўчастковы. Запатрабавалі зьняць сьцяг. Я сказаў, што гэта сьцяг Партыі БНФ, паказаў ім пасьведчаньні сябра партыі БНФ і ўдзельніка ініцыятыўнай групы. Тады яна сказалі прайсьці ў машыну даць тлумачэньні. Я адмовіўся. Сказаў, што калі парушаю — каб складалі пратакол і падавалі ў акруговую камісію. А я ж нічога не парушаю, усё прыстойна, у мяне тут і сьметніца стаіць, і музыка на баяне грае»...

«Ад пікету да могілак — 52 мэтры, а да пракуратуры — 62»

Каб нічога не парушыць, давялося пільна адмераць адлегласьці да аб’ектаў, каля якіх пікетаваць забаронена. У тым ліку да вайсковых могілак, бо райвыканкам вырашыў, што ў кагосьці можа зьявіцца жаданьне зьбіраць подпісы менавіта там, працягвае спадар Аўтухоў:

«Пікет мы ставілі на плошчы Леніна, гэта — цэнтральная плошча Гарадка. Папярэдне я рыхтаваўся: рулеткай памералі, што 52 мэтры ад вайсковых могілак. Былі спрэчкі зь міліцыяй, што няма 50 мэтраў ад пракуратуры. Але я давёў, што ад пракуратуры 62 мэтры. Бо глядзець трэба ад уваходу, а не ад плота з тыльнага боку!»

Ля пікету Леаніда Аўтухова — чатыры міліцыянты, трое супрацоўнікаў ідэалягічнага аддзелу выканкаму і асабіста начальнік ДАІ

Леанід Аўтухоў хоча балятавацца ў Віцебскай-Сельскай акрузе № 21, і тут зь пікетаваньнем ёсьць пэўныя складанасьці. Па-першае, акруга — гэта тры раёны: Віцебскі, Гарадоцкі і Шумілінскі. Кожны выканкам вызначыў па-свойму, дзе пікетаваць нельга. Па-другое, пасьля леташняга ўдзелу ў віцебскім Народным сходзе Леаніда Аўтухова пазбавілі правоў кіроўцы, абвінаваціўшы ў парушэньні правілаў дарожнага руху. Таму ён мусіць шукаць транспарт, каб перавезьці ў іншае месца ўсе атрыбуты для пікету, кажа актывіст:

«Мяне ж пазбавілі сродку перасоўваньня, а гэта ж 200 кілямэтраў... І не хачу падстаўляць сяброў. І людзі баяцца. Вось баяніст — гэта мая музычная падтрымка — ужо сказаў мне: «Я думаў, у цябе ўсё добра. А раз не — я больш не пайду. Чаго гэта міліцыя да цябе чэпіцца?»

Пікет Леаніда Аўтухова да самага заканчэньня вартавалі чацьвёра міліцыянтаў, трое супрацоўніц ідэалягічнага аддзелу выканкаму і асабіста начальнік раённай службы ДАІ.

Леанід Аўтухоў зьбірае подпісы ў Гарадку
Леанід Аўтухоў зьбірае подпісы ў Гарадку



Адным — забаронена, іншым — можна

На Гомельшчыне 42 ініцыятыўныя групы зьбіраюць подпісы дзеля вылучэньня кандыдатамі ў дэпутаты парлямэнту. У Рагачове ў мінулыя выходныя ля ўнівэрсаму «Ўсходні» выставілі першы пікет у падтрымку актывіста кампаніі «Гавары праўду» Дзяніса Дашкевіча. Не абышлося без інцыдэнту.

Працягвае карэспандэнт «Свабоды».

Як паведаміў «Свабодзе» Дзяніс Дашкевіч, праз гадзіну пасьля пачатку пікету падышлі некалькі нецьвярозых мужчын і пачалі брыдка лаяцца. Адзін зь іх даводзіў, што яго трэба вылучаць у дэпутаты. Людзі, якія стаялі вакол ці праходзілі побач, пачалі сьмяяцца:

Дзяніс Дашкевіч
Дзяніс Дашкевіч
«Прадстаўнік маёй групы папярэдзіў мужчын: калі ласка, адыдзіце, не рабіце правакацыю. Мужчына адышоў, а празь пяць хвілін чамусьці зноў вярнуўся — і „песьня“ пачалася нанова. Мы вымушаны былі выклікаць міліцыю».

У пастарунак запрасілі для дачы тлумачэньня і зьбіральнікаў подпісаў:

«Нас таксама выклікамі ў міліцэйскі пастарунак, дзе мы як сьведкі таксама давалі тлумачэньні. І сёньня, наколькі вядома, над хуліганамі павінен быць суд».

Запалоханыя выбарцы ў Жлобіне...

У суседнім Жлобіне зьбіральнікі подпісаў за кіраўніка раённай арганізацыі партыі левых «Справядлівы сьвет» Валера Рыбчанку зьвяртаюць увагу, што выбарцы запалоханыя, асабліва тыя, хто працуе на мэталюргічным заводзе альбо на іншых дзяржаўных прадпрыемствах і ў арганізацыях.

Апавядае Валянціна Лебедзева, зьбіральніца подпісаў за спадара Рыбчанку:

«Людзі баяцца. У мяне тут партрэт Рыбчанкі стаіць, я прапаную падпісацца. У адказ: «О не, мы ж баімся, што нас пасадзяць. Мы ж на працы. Хочаш, каб нас звольнілі? Гэта ж апазыцыя».

«Белая Русь» ладзіць свае пікеты нават у забароненых месцах

Тым часам за прадстаўніка ўлады, старшыню мясцовага райвыканкаму Леаніда Апанасюка, зьбіральнікі подпісаў зь «Белай Русі» ладзяць пікеты нават у забароненых выканкамам месцах — побач з прыпынкамі грамадзкага транспарту. Пра гэта распавёў сябра ініцыятыўнай групы Рыбчанкі, былы дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Марат Афанасьеў:

«Калі паглядзець па прамой, дзе гэтыя хлопцы стаялі са столікам, то там да прыпынку атрымліваецца мэтраў 25, максымум — 30. Тут такі масавы пераход, і на гэтым патоку яны сталі. А калі б, дапусьцім, мы стаялі там зь пікетам, то імгненна была б міліцыя і нас бы імгненна забралі. А для іх — яны плявалі на нейкія там распараджэньні».

Сьветлагорск: «Добрыя месцы для пікетаў забаранілі»

Пра тоне, што мясцовыя ўлады залішне рэглямэнтуюць месцы разьмяшчэньня пікетаў, кажа й прэтэндэнт на кандыдата ў дэпутаты са Сьветлагорску, сябра «Справядлівага сьвету» Сяргей Дайнека:

«Вядома, добрыя месцы яны забаранілі. Гэта там, дзе знаходзяцца ўстановы аховы здароўя. Тыя ж паліклінікі, куды людзі ходзяць з пашпартамі. Бліжэй за сто мэтраў да іх нельга. Апрача таго, побач прыпынкі грамадзкага транспарту — таксама нельга, усё абмежавана. І ля прахадных прадпрыемстваў нельга, бо побач прыпынкі — бліжэй за 50 мэтраў нельга. І дзьвесьце мэтраў ад суду, міліцыі, выканкаму. Нязручна атрымліваецца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG