Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына назвала сябе салдатам Радзімы


Лідзія Ярмошына
Лідзія Ярмошына

Беларусь запрасіла міжнародных назіральнікаў, у тым ліку і зь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ, наведаць выбары ў Палату прадстаўнікоў пятага скліканьня і чакае іх прыезду.

Пра гэта сёньня заявіла старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына. Аднак ня ўсе ў Беларусі лічаць неабходным бачыць тут назіральнікаў БДІПЧ.

Лідзія Ярмошына сказала журналістам, што пытаньне, запрашаць ці не ў Беларусь назіральнікаў Бюро, вырашалася на найвышэйшым роўні. А Цэнтравыбаркам да гэтага непасрэднага дачыненьня ня мае:

«Мы, як кажуць, салдаты Радзімы. Калі Радзіма, то бок палітычнае кіраўніцтва, лічыць, што прыезд групы міжнародных назіральнікаў карысны для краіны, то ў такіх выпадках Цэнтральная камісія не разважае. Яна выконвае дадзенае запрашэньне, паколькі гэта ў стратэгіі агульных міжнародных дачыненьняў нашай краіны».

На сустрэчы з чальцамі ацэначнай місіі АБСЭ, якая прыяжджала ў Менск, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька ня раіў накіроўваць паўнавартасную місію:

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька
«Ня гэта сёньня прыярытэт для БДІПЧ. Усе мы ходзім па крузе. Улада ведае, што місія БДІПЧ, хутчэй за ўсё, дасьць нэгатыўную ацэнку, а назіральнікі ад СНД — пазытыўную. Адзін і той жа круг. Мы лічым, што паколькі пераменаў няма, то місія БДІПЧ павінна зрабіць акцэнт на неабходнасьці зьмяненьня выбарчага заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі, каб у Беларусі прайшло нешта падобнае да сапраўдных выбараў. І тады — прыяжджаць. Вось гэта галоўны прыярытэт.

Калі б назіральнікі не прыехалі, то, відаць, эфэкт ад гэтага быў бы большы, чым ад іх чарговага прыезду і чарговай нэгатыўнай ацэнкі. Трэба мяняць тое, што не дае вынікаў».

Супрацьлеглай думкі наконт прыезду назіральнікаў БДІПЧ прытрымліваецца нацыянальны каардынатар грамадзкай кампаніі «За справядлівыя выбары» Віктар Карняенка:

Віктар Карняенка
Віктар Карняенка
«Чым болей будзе сьведак таго, як адбываюцца выбары ў Беларусі, тым лепш. Людзі прыяжджаюць сюды, бачаць сытуацыю на свае вочы і нават мяняюць погляды. Напрыклад, я памятаю тыя зьмены, якія адбыліся зь цягам часу са спадарыняй Утай Цапф (старшыня рабочай групы па Беларусі ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ). Спачатку ў яе былі толькі сумневы ў тым, што тут выбары свабодныя. Пасьля таго як яна паўдзельнічала ў назіраньні і пабачыла, што і як тут адбываецца, яна зьмяніла свой погляд. І, як мне падаецца, вельмі і вельмі істотна.

Таму я лічу, што прыяжджаць трэба. Тое, што запрасілі міжнародных назіральнікаў, добра. І лічу, што калі яны прыедуць, то гэта будзе добра».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG