Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Парфянкоў стане 14-м палітвязьнем


Васіль Парфянкоў разам з паплечнікамі на ганку суда
Васіль Парфянкоў разам з паплечнікамі на ганку суда

24 ліпеня Менскі гарадзкі суд не задаволіў касацыйную скаргу грамадзкага актывіста Васіля Парфянкова на прысуд аб арышце на 6 месяцаў за невыкананьне умоваў прэвэнтыўнага нагляду, устаноўленага судом.

Судовая калегія Менскага гарсуду разглядала касацыю каля 20-ці хвілін. У Васіля Парфянкова спыталі, ці згодны ён з рашэньнем суду першай інстанцыі. Актывіст адказаў, што ня згодны, і папрасіў адмяніць прысуд. Таксама ён папрасіў зьняць 107-ы артыкул Крымінальнага кодэксу аб прымяненьні прымусовых мераў лячэньня да асобаў, якія пакутуюць на хранічны алькагалізм. Парфянкова падтрымаў адвакат, але пракурор настойваў на тым, каб Парфянкову пакінулі абодва пакараньні. Судзьдзі вырашылі зьняць 107-ы артыкул, але пакінулі ў сіле рашэньне аб арышце на паўгода. Парфянкоў распавёў:

«Цяпер да этапу, пакуль прыйдзе позва. Ня ведаю, як яны будуць выклікаць, ці ў пастарунак, ці прыйдзе ўчастковы забіраць на арышт. Адвакат кажа, што гэта можа быць месяц і два. То бок невядома, калі гэта будзе. Пакуль што на волі».

Васіль Парфянкоў кажа, што рашэньне было чаканым. Ён нават не спадзяваўся, што здымуць 107-ы артыкул.

«Я не разьлічваў ні на якую палёгку зь іхняга боку. І дзякуй Богу, што яны хоць гэты артыкул зьнялі. Бо з гэтым артыкулам, пакуль яго не здымаюць, чалавек не падпадае ні пад умоўна-датэрміновае вызваленьне, ні пад амністыю. Але пад амністыю я і так не трапляю. Бо я пад амністыю трапляў, калі быў вызвалены пасьля Плошчы, калі мне далі чатыры гады. У мінулым годзе мяне вызвалілі паводле лукашэнкаўскага ўказу. Таму я пад амністыю не трапляю. Але яшчэ застаецца шанец, што калі яны не панавешваюць парушэньняў, калі я буду знаходзіцца пад арыштам, то мяне могуць вызваліць умоўна-датэрмінова».

Васіль ня бачыць сэнсу падаваць далей касацыю ў Вярхоўны суд, бо «тэрмін ня скінуць, гэта відавочна». Аднак ён лічыць, што прысуд аб арышце яго на паўгода вынесены незаконна:

«Сам нагляд за мной быў устаноўлены незаконна. За што ён быў нада мной устаноўлены? Бо падчас падзеяў да гадавіны Плошчы 19 сьнежня 2011 году я прыйшоў на Кастрычніцкую плошчу, калі яшчэ не пачалася гэтая акцыя „Запалі зьніч надзеі“. Мяне затрымалі недзе бяз чвэрткі сем. А сама акцыя была прызначаная на сем гадзін. І, як звычайна, прыпісалі гэты артыкул 17.1 і далі мне 13 сутак. Гэта быў трэці пратакол па адміністратыўнай справе пасьля вызваленьня, і яны ўсталявалі гэты прэвэнтыўны нагляд».

Актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі, які прыйшоў у суд падтрымаць Васіля Парфянкова, адзначыў: сёньняшняе рашэньне пацьвярджае, што адбывалася толькі «імітацыя судовага працэсу»:

«Гэта ўсё робіцца, каб запужаць былых палітвязьняў, каб даць зразумець сёньняшнім палітвязьням і наагул усяму актыўнаму грамадзтву, што на любым узроўні яны могуць панесьці тое пакараньне, якое выбера рэпрэсіўны мэханізм улады. Суд зноў паказаў, што няма ніякага права».

Паводле юрыста Паўла Сапелкі, Васіля Парфянкова накіруюць для адбыцьця пакараньня ў адзін зь дзесяці арыштных дамоў, якія па ўмовах утрыманьня практычна нічым не адрозьніваюцца ад турмы. Парфянкоў зноў трапіць у камэру.

Павал Сапелка
Павал Сапелка
«Праваабаронцы даўно ўжо выклалі сваё меркаваньне, што ўсе тыя, хто асуджаны за ўдзел у масавым мерапрыемстве 19 сьнежня 2010 году, асуджаныя незаконна. І ўсе прававыя наступствы гэтага асуджэньня, як і ўсталяваньне прэвэнтыўнага нагляду адносна Парфянкова, таксама незаконныя. Калі Васіль прыступіць да адбыцьця пакараньня, то гэта будзе 14-ты палітвязень».

Вядоўца. 29 траўня Васіль Парфянкоў быў асуджаны паводле артыкула 421 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь судзьдзёй Першамайскага раёну Менску Сяргеем Бандарэнкам. Прэвэнтыўны нагляд тэрмінам на адзін год, у парушэньні якога прызнаны вінаватым былы палітвязень, быў устаноўлены за ім зь 5 студзеня бягучага году. Падставай для гэтага стаў актыўны ўдзел Парфянкова ў грамадзка-палітычным жыцьці пасьля таго, як ён у ліку іншых вязьняў Плошчы-2010 быў вызвалены ў жніўні 2011 году ў адпаведнасьці з указам прэзыдэнта аб памілаваньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG