Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трагедыя ў Малінаўцы: выбух быў, аварыя працягваецца


Сёлета ў лютым здарыўся выбух у трохпавярховым 21-кватэрным доме ў вайсковым гарадку Малінаўка ў Лагойскім раёне. Было разбурана 7 кватэр, з-пад абломкаў супрацоўнікі МНС выцягнулі чацьвярых пацярпелых. Афіцыйнай вэрсіяй трагедыі абвясьцілі выбух бытавога газу.

У наступныя месяцы пайшлі чуткі-вэрсіі пра тое, што дом быў афіцэрскім інтэрнатам, справай займаецца вайсковая пракуратура, а значыць, не ў балёне з газам справа… Я вырашыў усё дасьледаваць на месцы.

Аднак вандроўка пачалася, як у вядомай казцы, калі «ехаў туды, немаведама куды». На Меншчыне знайшлося аж тры Малінаўкі! У патрэбную зь іх аўтобус ідзе толькі два разы на тыдзень. Касірка аўтавакзалу, каб не губляць, відаць, пасажыра, прадала мне квіток на Малінаўку ў Менскі раён, пра што я даведаўся толькі ў дарозе. Але ў аўтобусе раптам высьветлілася, што і тутэйшыя малінаўцы ў курсе…

Спадар: «Кажуць, ад газу. Ніхто ня ведае — языкамі боўтаюць. Але не абышлося без крыміналу. А пра газ гавораць міліцыянты — лёгкая вэрсія. Заказ нейкі быў. З бабай пасварыцца — не даходзіць жа да гэтага!»

Мне параілі праехаць крыху далей, у раён пасёлку Бальшавік, дзе, маўляў, месьціцца вайсковая частка супрацьпаветранай абароны 30/151, да якой, аказалася, і адносіцца ўзарваны дом-інтэрнат на Лагойшчыне. Вартаўніца вайсковай кацельнай, адзінокая пэнсіянэрка, спадарыня Ніна Цешкіна ня стрымлівала эмоцый.

Цешкіна: «Ой, мамачкі мае, во людзі як прападаюць!»

Ізноў надарылася ўдача — ля КПП сустрэў зампаліта часткі.

Карэспандэнт: «Газавікі кажуць, што вы вінаватыя…»

Зампаліт: «Газавікі ня могуць нічога казаць, таму што Сьледчы камітэт РБ ня выказаўся…»

Карэспандэнт: «Чаму ж пісалі, што вайсковая пракуратура справай займаецца? Чарговая „вутка“?»

Зампаліт: «Я магу даць тэлефон сьледчых…»

У Сьледчым камітэце пакуль маўчаць — рыхтуюць афіцыйныя заключэньне ды абвінавачаньне. У Лагойску, у нямецка-беларускім сумесным прадпрыемстве «Мінаўта» я адшукаў 29-гадовага Сяргея Ільіна. Нарадзіўся ў сям’і вайскоўцаў, што служылі ў дывізіёне паветраных ракет С-100 у Малінаўцы. 22 гады пражыў у памянёным доме. Гэта ён першым выклікаў міліцыю, пажарных ды хуткую, калі здарылася трагедыя.

Ільін: «Я быў на працы, мне патэлефанаваў бацька каля 2 гадзіны. Папрасіўся ад’ехаць у начальніка дахаты, і паехалі разам са знаёмай жанчынай. Здалёк убачылі вялізныя клубы дыму. Спачатку падумаў, што, напэўна, шкло выбілі, а калі пад’ехаў, ня ўбачыў задняй часткі дома. Як дзьве вежы-блізьняткі, ускраіны стаялі, а цэнтар быў зьнішчаны. На пляцоўках засталіся цэлымі па адной трохпакаёвай кватэры з двух пад’ездаў… Тады хваляваньні наконт родных зьявіліся — бацька тэлефанаваў, а дзе маці?! Дзякуй богу, жывыя-здаровыя. Але была ня вельмі прыемная сытуацыя, калі застацца бяз хаты на марозе ды холадзе. Далі пансіянат, а цяпер наймаю кватэру ў Лагойску — улады яе аплачваюць, а камунальныя самі. Там жа зараз ніхто не жыве — няма ані сьвятла, ані газу…»

Карэспандэнт: «Губэрнатар Батура сказаў, што літаральна цягам двух месяцаў людзі будуць жыць…»
Салодкая казка чарговая, якой нас накармілі — казалі, што ў ліпені заселімся.

Ільін: «Салодкая казка чарговая, якой нас накармілі — казалі, што ў ліпені заселімся. Бацькі калі езьдзілі на сход, у яго спыталі — „А якога году?“ Ён зьдзівіўся — „Вядома, гэтага“. І вось ліпень — толькі выведзена кладка, і дах ня зроблены. Казалі, што дах будзе „скатны“ — зноў жа, будаўнікі сказалі зараз, што будзе ўсё як было…»

Разам зь Сяргеем едзем у Малінаўку. У дарозе суразмоўца праводзіць для мяне геаграфічны лікбез.

Ільін: «Вёска ўнізе, а гарадок — за кілямэтар ад яе. На самой справе гэта жылы дом, і мы ўсе абураліся, што ў СМІ яго называлі інтэрнатам. Там быў трохпад’езны трохпавярховы дом, у якім жылі ваенныя пэнсіянэры і афіцэры, якія прыяжджалі служыць у частку. Зараз там усё, кажуць, аднавілі — праўда, цікава, калі да панэльных дамоў прымацоўваюць цагляную кладку. Калі пад’едзем, зьвярніце ўвагу, якімі скобамі яны прывязвалі пліты — яны проста ўзялі вугалок і на анкерныя балты іх прымацавалі…» (Сьмяецца.)

Карэспандэнт: «Ты расстаўся з думкай, што калі-небудзь ізноў будзеш жыць у Малінаўцы?»

Ільін: «Ну, надзея памірае апошняй. Хацелася б вярнуцца — усё дзяцінства там прайшло, там ціха-спакойна, прызвычаіўся…»

Мы ў самой Малінаўцы — невялікай вёсачцы, дзе не засталося і сотні жыхароў. Спыняюся ля падворку, дзе завіхаецца пэнсіянэрка, спадарыня Раіса Парун, якая немудрагелістае вясковае жыцьцё абмалявала некалькімі кідкімі штрыхамі.

Парун: «Ой, адны пэнсіянэры! Працавала паляводам — пэнсія невялікая, 900 тысяч нават няма. Аўталаўка прыходзіць два разы — у сераду і суботу. Дабірацца цяжка — Менск-Лагойск два разы на тыдзень ходзіць і ў Беларучы. А ў бальніцу пяшочкам ідзем 5 км — бабці старыя…»

Карэспандэнт: «Што-небудзь трымаеце яшчэ?»

Парун: «Не-е! Няма сіл ды магчымасьцяў — дарагія камбікармы. Бульбы таксама ня садзім — нам са старым трэба два мяхі…»

Карэспандэнт: «А вазьмі заплаці тры разы па 30 тысяч за абгонку ды пасадку!»

Парун: «А тут няма ані коней, ані трактароў. Адна кароўка на ўсю вёску…»

Прачуўшы пра прыезд сталічнага карэспандэнта, на лаўках непадалёк сабралася вясковая грамада на чале з 62-гадовым спадаром Віктарам — ён ахоўвае той самы дом. І — агучыў мне афіцыйную вэрсію.

Віктар: «Выбух — усё ад газу. Мне ў райвыканкаме кажуць — жаўнеры, якія адбылі свой тэрмін, засталіся, павыкуплялі кватэры ў Бараўлянах, Менску, Лагойску, а тутэйшыя засталіся. А раніцай, калі ад’яжджалі, уключалі газавыя пліты, каб цёпла было ў кватэрах. А хтосьці пазваніў у газавую службу, яны прыехалі, вэнтыль перакрылі. Хто быў у хаце — закрылі газ, а ў астатніх, калі зноў адкрылі, усё напоўнілася газам, і безь пятнаццаці два — выбух. А каб людзі пазьней знаходзіліся дома — каша зь іх была б!»

Да спадара Віктара далучаецца цётка Зося — разам расказваюць пра наступствы катастрофы.

Спадарства: «Нямшонаў сын палячыўся, вярнуўся ў частку — у яго пазваночнік пашкоджаны быў. А афіцэра, якому нагу адарвала, камандзіруюць у Нямеччыну і будуць рабіць пратэз за кошт Міністэрства абароны. Дзед той пагіб, а на астатняе зь іхнага пад’езду зарылі ў катлаван, глінай замяшалі, ды ўсё. Я вартую часова, Мішка Пятроўскі з Малінаўкі там электрыкам і Мішка Кашэўскі качагарам… Як раней, усе туды хадзілі, як музыку ўключаць. Яны да нас у клюб прыходзілі, у лазьню… А што будзе — у сярэднім пад’езьдзе сьцены на „жасьцянкі“ бяруць літарай „г“ — гэта ўсё чухня! Там над сьценамі, лесьвіцай пліта над галавой на дзьвюх трубах і зазор. Яе трэба браць і ў сьцяну якім пагрузчыкам заганяць — там небясьпечна, мала што яны робяць! Вядома, некаторыя афіцэры згодныя — прыяжджаюць кожны дзень, на фотаапараты, сотавыя фатаграфуюць… Тут адно тарабаняць, тут гэты Батура і па ТБ, і па радыё, што „ім кватэры дадзім“, што ўжо жывуць. На паперы хутчэй напісаць…»

* * *

Разам зь Сяргеем Ільіным спыняемся ля дома-інтэрната, які цяпер аднаўляецца. Зьнешне ён мае ўжо прыстойны выгляд — сьвежапафарбаваныя муры, ля якіх шчыруюць будаўнікі. Мы падыходзім да пад’езду, дзе жыў Сяргей. Мой спадарожнік ізноў ня можа ўстрымацца ад жахлівых успамінаў.

Ільін: «Вунь далей яр зарослы — дзьверы з пляцоўкі туды павыляталі за мэтраў 70. Гэта кажа, што выбух быў вялікай моцы. І бэтонныя пліты ляжаць на дзіцячай пляцоўцы вагой кіляграмаў на 50. І гэта газавы балёнчык? Ня факт, што пачуем пра гэта. Па-мойму, кватэры будуць старой пляніроўкі — засталася блёкавая сыстэма. Некаторыя прытрымліваюцца вэрсіі, што выбухнуў балён, які знаходзіўся ў падвале альбо ў доме. Мы заходзілі з хлопцамі — эпіцэнтар быў у раёне 2 паверху. Але не было падобна да газу — ён выбухае мэтанакіравана, а там адчуваньне, што выбухнуў адзін пакой, а астатняе ўсё абрынулася зьверху пад гэтай вагой. Гавораць так і гэдак. Калі скончыцца дасьледаваньне, мо даведаемся. А мо ў вас на радыё і будзе першая ластаўка праўды пра тое, што адбылося…»

Усе мае суразмоўцы ў часе вандроўкі падкрэсьлівалі, што маюць толькі прыватныя меркаваньні, якія ні ў якім выпадку ня могуць перакрэсьліваць вынікі працы сьледчых. Аднак сумневы ў праўдзівасьці агучанай уладамі вэрсіі здарэньня — не ў аднаго Ільіна. Я пагутарыў з мулярам Раманам Селехам. Ён аказаўся далёкім сваяком 60-гадовага былога афіцэра, які адразу загінуў ад выбуху.

Селех: «За месяц удзесяцёх муляры зрабілі зьнешнія сьцены, перакрыцьці і парапэты. Тэрмін ужо сышоў. Вы зразумейце — маштаб які выбуху, калі панэль разарвала, арматуру. Якая прычына можа быць — бомбачка была, во! Калі б газ быў, быў бы пах! Яны б яшчэ раз выклікалі газаўшчыкоў. Гэта колькі яму накапіцца трэба, каб такой машчы набраць! А бомбы — ваенныя людзі жывуць. І адзін Бог ведае, што тут было. Лукашэнка ж пра выбух ведаў, што ў Менскім мэтро, праз 20 хвілін быў, тым больш з малым сынам. Як людзі кажуць — усё спэцыяльна было…»

Карэспандэнт: «У цябе ўзьнікае паралель з выбухам у мэтро?»
А бомбы — ваенныя людзі жывуць. І адзін Бог ведае, што тут было.

Селех: «Так! Гэтыя хлопцы ўдвох, што забілі, знайшліся праз пару дзён, аказваецца, і 5 лет назад нарабілі. Гэта за любым прыйшлі пад наркотыкамі — ты будзеш вінаваты! І бедныя маці засталіся. А дзяржаве не дакажаш, бо яна чаканутая і з кожным годам горш і горш. А тут ня скажаш жа — бомба: будуць наогул вілы. Гэта добра, што адна выбухнула, а мо іх болей было — у раёне рамы тырчаць, павыбівала. „Балёнчык узарваўся“: ад балёнчыка глыба на 70 мэтраў — гэта нерэальна, можна вопыт правесьці! Панэльны дом у руінах — тут цыстэрна газавая пад зямлёй на адзін дом. Уцечка была б — на адну кватэрку, і вокны павыбівала. А загінуў майго хроснага бацькі стрыечны брат — на каторага спасылаюцца, што ён вінаваты. Лягічна падумаць — я заходжу дахаты і патыхае газам. Дык я пабягу і вокны паадчыняю, а не схаплюся за запалкі і ўключу газ! А газу столькі б не хапіла, каб разарваць…»

У Лагойску завітаў у РУ «Райгаз». Дзяжурны майстар, пачуўшы пытаньне, шарахнуўся ад мяне.

Майстар: «Гэта лепш да кіраўніцтва — што я магу сказаць, калі сьледзтва ідзе? Дырэктар на тэрыторыі — машына стаіць, зараз паглядзім…»

Дырэктар, спадар Шчурэвіч, быў таксама негаваркі — са зразумелых прычын.

Шчурэвіч: «У дадзены момант не магу нічога сказаць ані пра выбух, ані пра ход сьледзтва. Газавае абсталяваньне было ў здавальняючым стане, выхаду газу не было — ён там сьціснуты за 50 мэтраў у ёмістасьцях…»

Тым ня менш на прамое пытаньне Дзьмітрый Міхайлавіч адказаў гэтак жа прама.

Карэспандэнт: «Ці можна на 100% цьвердзіць, што гэта быў выбух газавага балёна?»

Шчурэвіч: «Вядома, не!»

Пра сытуацыю ў Малінаўцы пры канцы вандроўкі мы гутарылі з лагойскім палітыкам, старшынём раённай суполкі Партыі БНФ Дзьмітрыем Шэвелем.

Шэвель: «Людзі не давяраюць афіцыйнай вэрсіі ўладаў, таму што гарадок у нас маленькі — і газаўшчыкі ведаюць, што газу там фактычна не было, калі нехта незаконна не выкарыстоўваў звадкаваны газ у балёне. Але гэтая вэрсія таксама пацьверджаньня не атрымала. Людзі расчараваныя стаўленьнем уладаў — тое, як паставіліся да іх. Не расьсялілі ў нармальнае жытло — вымушаныя наймаць кватэры. Кампэнсацыя грашовая была вельмі малая — выплачаная часткамі. Добра, хоць выдзелілі ў інтэрнаце месцы, але гэта ня тое, да чаго людзі прызвычаіліся. Чакаюць-чакаюць, а ў абяцаныя тэрміны будаўнікі не ўкладаюцца. Спадзяюцца, што да зімы заселяць у кінутыя кватэры, але яшчэ невядома — было абяцана, што павінны людзі ўжо там жыць. Як вы бачылі, да канца будаўніцтва яшчэ далёка — самі сьцены недабудаваныя, а яшчэ ж унутранае аздабленьне. Улады паводзяць сябе традыцыйна хлусьліва — на лядовыя палацы грошай не шкада, а на звычайных людзях эканомяць…»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG