Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антон Астаповіч: «Шанцаў на выратаваньне дома Гарэцкага амаль няма»


Дом Гарэцкага – безь людзей асірацеў. Чакае зносу.
Дом Гарэцкага – безь людзей асірацеў. Чакае зносу.

Таварыства аховы помнікаў гісторыі й культуры працягвае змагацца за захаваньне ў райцэнтры Горкі дома, у якім жыў клясык беларускай літаратуры, грамадзкі дзеяч Максім Гарэцкі.

Навукова-мэтадычная рада па пытаньнях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Беларусі пастанавіла не надаваць будынку статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Гэтае рашэньне Таварыства апратэставала.

Адказ на пратэст старшыня таварыства Антон Астаповіч мае атрымаць на працягу трыццаці дзён. Што стала падставай для аспрэчваньня пастановы навукова-мэтадычнай рады, пытаюся ў спадара Астаповіча:

«Яна спаслалася на тэхнічны стан будынка, а такіх крытэрыяў для вызначэньня гісторыка-культурнай каштоўнасьці ў заканадаўстве не існуе. Яны праігнаравалі, што гэты аб’ект зьвязаны з жыцьцём і дзейнасьцю асобы, якая зрабіла вялікі ўнёсак у культуру й гісторыю Беларусі».

Ці ёсьць спадзеў, што дом Гарэцкага ў Горках застанецца ня зьнесеным?

«Я даю 99 працэнтаў, што зруйнуюць. Я ня столькі буду вінаваціць у гэтым чынавенства, колькі наш грамадзкі сэктар. Грамадзкі сэктар гэтым не займаўся. Усё, што можна зрабіць, я зрабіў. Нават калі гэты дом зруйнуюць, і тады ў апэляцыі будзе вялікі сэнс. Яны гэтым самым чарговы раз зацьвердзяць, што ім пляваць на дзейнае заканадаўства».

У доме па вуліцы Агранамічнай, 3 яшчэ жывуць дзьве сям’і. Чакаюць кватэраў у новым доме. Адна з жыхарак зазначыла:

«Трэба было дом бараніць, калі яго абкладалі цэглай. Калі разбуралі ганак арыгінальны. І выгляд дом тады меў такой старадаўнасьці. Прырабілі замест яго нейкія прыступкі, і атрымалася абы-што. Век быў дом не атынкаваны знутры. Узялі атынкавалі. І ператварылі дом у хлеў. Цяпер гістарычнага выгляду ён ня мае ніякага».

Канкрэтная дата зносу дома пакуль невядомая. Як і раней, у райвыканкаме і ў сельгасакадэміі заяўляюць, што дом аварыйны і пад рамонт не падпадае. Там, дзе цяпер будынак, пракладуць дарогу да возера, на беразе якога ўзводзіцца для «Дажынак» амфітэатар.

«Мы паставім там памятны знак. На ім будзе надпіс, што тут пражываў і гэтак далей, каб людзі ведалі і маглі кветкі ўскласьці. Будзем гэта бараніць, і каб сродкі знайшлі. Калі ня знойдуцца сродкі, мы правядзём і суботнік, і нядзельнік», — паабяцаў сябра горацкай грамадзкай рады па захаваньні гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Аляксандар Чачоткін.

Каб абараніць дом Гарэцкага, горацкія рупліўцы беларускай культуры цягам шасьці месяцаў зьбіралі подпісы мясцовых жыхароў, а таксама менчукоў. Сабралі іх некалькі сот. Дасылалі ў Мінкульт і райвыканкам. Рабілі раённай уладзе прапановы наконт таго, што можна разьмясьціць у будынку.

На тэрыторыі акадэміі стаяць бюсты вядомых супрацоўнікаў, але бюста беларускага пісьменьніка няма — толькі сьціплая шыльда на будынку, які неўзабаве можа зьнікнуць: «У гэтым доме з 1926 да 1928 году жыў пісьменьнік Максім Іванавіч Гарэцкі».

Тым часам абласная ўлада незадаволеная тым, як вядзецца падрыхтоўка Горак да «Дажынак», да якіх засталося два месяцы. Загадана актывізаваць працы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG