Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізатар палёту Пэр Кромвэл: з намі спрабавалі гаварыць дыспэтчары менскага аэрапорту


Арганізатар дзёрзкага палёту адказаў --> http://nn.by/?c=ar&i=76388#!nn на пытаньні «Нашай Нівы». Як піша выданьне, швэды спачатку меркавалі захаваць інкогніта, але недаверлівая рэакцыя шведзкіх і беларускіх СМІ вымусіла іх раскрыцца.

Арганізатар палёту Пэр Кромвэл (Per Cromwell) расказаў, што акцыю плянавалі год, пілёт атрымаў правы лётчыка толькі тры тыдні таму. Што мяжу перасеклі ў «раёне такога выступу на карце», што сам ён дзяжурыў у Івянцы на машыне і вылецеў у Стакгольм першым рэйсам. Што ў выпадку зьбіцьця машыны меркавалася ўкрыцца ў швэдзкім пасольстве. Што з самалётам кантактавалі з аэрапорта Менск-1 па-расейску, і швэды нічога не зразумелі, але ў выніку пабаяліся ляцець над рэзыдэнцыяў Лукашэнкі, як былі задумвалі спачатку.




НН: Ну і як яна, наша сінявокая Беларусь з вышыні птушынага палёту? Уражвае?

Кромвэл: Яны [сябры Пэра, што былі ў самалёце] былі настолькі засяроджаныя на тым, каб даляцець да Менску, што ні ў што не ўглядаліся. Але калі мы два месяцы таму прыяжджалі ў Менск, каб падрыхтавацца да прылёту на мясцовасьці — то так. У вас фантастычна прыгожая краіна.

НН: Дык вы так доўга і старанна рыхтаваліся?

Кромвэл: Год! Амаль год!

НН: А дзе мядзьведзікаў узялі?

Кромвэл: Праз інтэрнэт купілі і пачапілі на іх цыдулкі.

НН: Дарэчы, як называецца гэтая мадэль?

Кромвэл: Самалёта?

НН: Мядзьведзіка.

Кромвэл: Гм... Мядзьведзь, проста мядзьведзь.

НН: Скажыце, а мяжу заўважылі, калі ляцелі? Неяк рэагавалі беларускія і літоўскія сыстэм паветранага кантролю, армія на тое, што вы перасякалі граніцу ў два бакі?

Кромвэл: Ніяк! І гэта нас уразіла. Калі мы плянавалі, то разглядалі як асноўны сцэнар, што нас перахопяць, але ніхто нас не заўважыў. Цікава, што і мяжа Літвы, а гэта значыць і Эўрасаюза, таксама непрыкрытая.

НН: А дзе канкрэтна самалёт перасек граніцу?

Кромвэл: Я ня ведаю, як называецца тая мясцовасьць. Там такі... вялікі выступ на карце, тэрыторыя Літвы паўвостравам уразаецца ў Беларусь. А пасьля там першы гарадок. Не ведаю, як правільна ён вымаўляецца: Івановіч?

НН: Івянец.

Кромвэл: Вось, Івянец. Паводле дамоўленасьці, я дзяжурыў у Івянцы на машыне. Бо гэта найбліжэй да мяжы [па заплянаванай лініі палёту]. Плян быў такі: калі іх засякуць, то яны працягвалі б палёт. А калі прымусяць сядаць, то я павінен быў іх падабраць і кіравацца ў бок Мінска, каб паспрабаваць дабрацца да швэдзкага пасольства.

НН: Пасольства ведала пра вашу задуму?

Кромвэл: Што вы! Вядома, не. Мы ні з кім не гаварылі пра гэта. Мы нават між сабой баяліся камунікаваць унутры Беларусі, бо баяліся, што спэцслужбы перахопяць нашы размовы... Дык вось, Івянец ідэальна пасаваў, каб чакаць. Але ніхто самалёта не заўважыў і не перахапіў. І ён паляцеў на Менск.

НН: Спачатку «Афтанбладэт» — у артыкуле адразу пасьля вашага палёту — напісала, што вы скінулі мядзьведзікаў на рэзыдэнцыю Аляксандра Лукашэнкі. Але на відэа там не рэзыдэнцыя, а поўдзень Мінска.

Кромвэл: Так-так. Напісалі, бо мы плянавалі, што даляцім да цэнтра, да рэзыдэнцыі, і далі такую інфармацыю журналістам. Там у цэнтры наш чалавек дзяжурыў з фотаапаратам.

НН: Швэд ці беларус?

Кромвэл: Швэд. Мы сьвядома нікога зь беларусаў не прыцягвалі да сваёй акцыі, бо разумелі, што за гэта чалавеку можа пагражаць.

Дык вось, на падлёце да Менску пілёт стаў выклікаць аэрапорт, які ў цэнтры горада [аэрапорт Мінск-1 — НН]. І яны пабаяліся ляцець да рэзыдэнцыі.

НН: Што сказаў аэрапорт пілёту?

Кромвэл: У тым і штука, што пілёт не зразумеў, што яму казалі. Аэрапорт кантактаваўся па-расейску, а пілёт расейскай не разумее. Вырашылі не рызыкаваць. Скінулі парашуцікі на жылыя кварталы і паляцелі назад.

НН: Адразу ў Швэцыю?

Кромвэл: Не, па дарозе прызямліліся ў Літве для дазапраўкі.

НН: У тых самых Пачунах (Pociunai)?

Кромвэл: У тых самых Пачунах. І спакойна даляцелі назад, і зноў ніхто іх не перахопліваў. І цяпер яны думаюць, што варта было ляцець і на рэзыдэнцыю, што нічога не было б.

НН: Яны вярнуліся ў Літву, а вы?

Кромвэл: А я сходу — у Менск, у аэрапорт, і першым рэйсам — на Стакгольм.

НН: І вы хочаце сказаць, што вы самі прыдумалі такі плян, што вас не рыхтавалі ніякія спэцслужбы? У нас тут ужо некаторыя ствараюць тэорыі, што вас паслаў Пуцін, каб атрымаць аргумэнт у гандлі з Лукашэнкам.

Кромвэл: (Не сьмяецца.) Ніхто нас не пасылаў. Ніякая дзяржава, ніякі ўрад ня ведалі пра нашу задуму. Наадварот, мы страшэнна баяліся, каб нейкая спэцслужба не перахапіла нашы перамовы і не сарвала наш плян.

Гэта не была проста бравада. Гэта была акцыя падтрымкі апазыцыі ў Беларусі, падтрымкі свабоды слова.

Мы рыхтаваліся, мы прадумвалі. Мы дазналіся, што 3 ліпеня — гэта сьвята, і падумалі: на наступны дзень будзе пахмельле, большыя шанцы. Усё адно наш плян А заключаўся ў тым, што нас перахопяць і будуць садзіць. Але ніводнага зьнішчальніка за час пералёту не заўважылі.

НН: А калі б не садзілі, а зьбілі? Пра гісторыю з паветраным шарам ведаеце? Завяшчаньне напісалі хлопцы?

Кромвэл: (Зьбіты з панталыку.) Не, завяшчаньня не пісалі. Але мандраж быў. Яшчэ й які.

НН: А дзе вы ўзялі самалёт, калі не сакрэт?

Кромвэл: Купілі спэцыяльна паўтара месяца назад. За 20 тысяч эўра прыкладна. А зараз мы яго зноў прадамо, мусіць.

НН: Ужо былі прапановы? Машына ж аказалася надзейная.

Кромвэл: Так (сьмяецца). Можа нам зараз удасца прадаць яе утрыдорага. Але калі будзе цікавасьць у нейкага музэю, то мы і за 1 эўра аддамо. Усё ж гэта цяпер найперш сымбаль барацьбы за свабоду слова. Дый пашкодзілі мы яго.

НН: Пашкодзілі?

Кромвэл: Мы яго перарабілі: у шкле вырабілі фортку, каб можна было адкрываць і скідаць мядзьведзікаў.

НН: У «Нашу Ніву» акурат зьвярнуўся чытач, расказаў, што пайшоў шукаць і знайшоў мядзьведзіка на даху свайго шматпавярховіка. Што б вы хацелі перадаць гэтаму чалавеку?

Кромвэл: Таму чалавеку і ўсім беларусам, хачу перадаць: вы не адны. Ведайце, што беларусаў не забыліся. Хай сабе сусьветныя СМІ больш пішуць пра галівудзкіх зорак, а не пра тых, хто сядзіць у турмах, няхай... Ведайце: на Захадзе людзі памятаюць пра беларусаў.

* * *

Пэр Кромвэл — заснавальнік рэклямнага агенцтва «Тотал», якое робіць сабе імя на вось такіх прынцыповых акцыях. Сказаў, што зараз пойдзе прыме душ і правядзе гэты вечар адзін. Бо трэба адпачыць пасьля ўсяго.

Памежнікі вядуць кругласутачны візуальны кантроль паветранай прасторы Беларусі, у апошнія гады парушэньняў ня выяўлена. Пра гэта заявілі ў Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі.

Візуальны кантроль паветранай прасторы праводзіцца з дапамогай спэцыяльных прыбораў, якія дазваляюць адсочваць усе нізкалётныя паветраныя цэлі, растлумачылі ў Дзяржпамежкамітэце, камэнтуючы інфармацыю аб самалёце пад кіраваньнем грамадзян Швэцыі, які нібыта перасек літоўска-беларускую мяжу.

«Былі выпадкі, калі самалёты несанкцыянавана перасякалі паветраную прастору нашай краіны, але ўсе яны фіксаваліся, і інфармацыя пра іх апэратыўна перадавалася сілам супрацьпаветранай абароны для прыняцьця рашэньня», — адзначылі ў Дзяржпамежкамітэце. Аднак у апошнія гады падобных выпадкаў не было.

У памежным ведамстве падкрэсьлілі, што нават калі б падобнае парушэньне мела месца, то быў бы закрануты гонар дзьвюх сыстэм СПА: беларуска-расейскай і НАТО, бо паветраную прастору над Літвой патрулююць менавіта сілы альянсу.
У той жа час памежнікі не вядуць кантроль на мяжы Беларусі і Расеі. У дзьвюх краін агульная сыстэм СПА.

Раней інфармацыю аб несанкцыянаваным перасячэньні літоўска-беларускай мяжы абверглі і ў Міністэрстве абароны Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG