Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дазволена адпачываць беларускім чыноўнікам?


У разгар адпачынкаў дэпутаты ды чыноўнікі розных рангаў скіроўваюцца пераважна на дачныя ўчасткі ці ў мясцовыя санаторыі.

Не спрыяюць далёкім падарожжам ня толькі фігураваньне ў «чорных сьпісах» Эўразьвязу ды іншых краін, але і скасаваньне некаторых ільготаў: да прыкладу, дэпутатам ужо некалькі гадоў не кампэнсуецца ані дарога ў санаторыі Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта, ані ўласна адпачынак.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Пётар Южык заканчвае традыцыйны аб’езд выбарчай акругі, пасьля чаго скіруецца на Гарадзеншчыну. Там, на малой радзіме, будзе працаваць на гародзе ды прыводзіць да ладу бацькоўскую хату. Каб адпачываць на шырокую нагу, дэпутацкага статусу недастаткова:

«Які бясплатны адпачынак? Сёньня ўсе плацяць па поўнай праграме. Ніякіх
няправільна думаць, нібыта дэпутаты катаюцца як сыр у масьле ...
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Пётар Южык

ільготаў, ніякіх зьніжак, усё за поўны кошт — калі захочаш. Але пры такой сытуацыі чаго ты захочаш? Нават каб дзіця аздаравіць, дык трэба сёньня 2 мільёны рублёў. Я нармальна аздараўлюся на сьвежым паветры, на радзіме. Так што нічога зайздроснага. Я ж ведаю, кантактую з усімі. Мой віцебскі калега таксама паехаў на лецішча і будзе ўвесь час там. Ня думаю, што для некага ёсьць выключэньні, усё для ўсіх аднолькава. Прынамсі пакуль. Таму няправільна думаць, нібыта дэпутаты катаюцца як сыр у масьле. Я вось зь 9-га сыходжу ў адпачынак і буду ў сваёй роднай вёсцы займацца гародам, аббіваць сайдынгам лазьню, хатку, якая ад маці яшчэ стаяла — нізенькая, з маленькімі вакенцамі. Вось будзе мне занятак. А больш — нікуды».

А вось у «палатах» папярэдніх скліканьняў дзяржава сваіх дэпутатаў улагоджвала больш. Пасьля фактычнага разгону Вярхоўнага Савету новаствораны двухпалатны парлямэнт забясьпечыў сваім засядальнікам даезд да санаторыю і сам адпачынак з 50-працэнтнай зьніжкай. Праўда, як згадвае экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец, у 2000-х сытуацыя зьмянілася:

Сяргей Скрабец
Сяргей Скрабец
«Нам кампэнсавалі 50%. Прычым на дарогу ўжо не было, засталося 50% на сам адпачынак. Асабіста я так езьдзіў у санаторый „Белоруссия“ ў Юрмалу. А зараз ніякіх ільготаў увогуле няма, таму ня думаю, што дэпутаты прыбядняюцца. У бальшыні, мне здаецца, няма грошай, каб зьезьдзіць у тую ж Турэччыну — калі бізнэсу свайго няма. Дый нават у беларускія санаторыі ня ўсе змогуць паехаць адпачыць, папросту няма за што. Шкадаваць іх ня трэба, бо нашы дэпутаты — гэта нанятыя на службу чыноўнікі. Але факт, што яны найбяднейшыя сярод усіх дэпутатаў, што ёсьць у СНД — ня будзем нават гаварыць пра Эўропу. Мы ж сустракаліся на адпаведным узроўні з дэпутатамі з Армэніі, Азэрбайджану, зь іншымі, асабліва калі праходзілі міжпарлямэнцкія асамблеі. Дык калі гэтыя хлопцы прыляталі на паседжаньні адмысловымі чартэрамі, то нашы дэпутаты ў цягніку самагонку салам з цыбуляй заядалі».

Ня больш разнастайны за дэпутацкі і адпачынак ведамасных чыноўнікаў. Чым вышэйшы статус мае функцыянэр, тым меней шанцаў на тое, што яму дазволяць паўнавартасныя вакацыі. Адказны за ўвесь энэргетычны сэктар Беларусі першы віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка неяк прызнаўся, што існуе даручэньне Аляксандра Лукашэнкі, згодна зь якім падначаленым можна ўзяць два тыдні летам і столькі ж зімой. І гэта пры ўмове, што няма нафтавых, малочных ці іншых гандлёвых войнаў — тады на адпачынку можна паставіць крыж.

Намэнклятура, асобныя прадстаўнікі якой у душы настальгуюць па савецкіх часах, звычайна выбіраецца на адпачынак у прыморскія санаторыі былога СССР, якія належаць Кіраўніцтву спраў прэзыдэнта Беларусі. Гэта перадусім перайначаныя на розныя лады здраўніцы зь «Беларусьсю» ў назьве ў расейскіх Сочы і Туапсэ, украінскім Крыме, літоўскіх Друскеніках, латыскай Юрмале. І хоць адпачынак там ня самы танны, але паправіць здароўе з дапамогай сучаснага мэдычнага абсталяваньня, у добрых нумарах зь відам на мора перад новым працоўным сэзонам — можна.

Многія чыноўнікі намагаюцца сумясьціць працоўныя візыты з адпачынкам ці знаёмствам з краінай. Так было ў выпадку з прэм’ер-міністрам Міхаілам Мясьніковічам, які падчас паездкі ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і працаваў, і папраўляў здароўе сонечнымі і воднымі ваннамі. У тых жа краях пабываў і памочнік прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы Віктар Лукашэнка — пасьля сустрэчы з эмірам Катару малады чыноўнік таксама дазволіў сабе крыху расслабіцца.

Не адмаўляецца ад магчымасьці сумясьціць карыснае з прыемным і сам Аляксандар Лукашэнка. Адрозна ад падначаленых, ягоныя выезды за мяжу нелімітаваныя і практычна штораз суправаджаюцца пазапратакольнымі забавамі. Лукашэнку бачылі на гарналыжных курортах Аўстрыі, Армэніі, Казахстану, Расеі, Сэрбіі, Славеніі, на лыжнай прагулцы па рысавых палетках у Японіі. На лыжаролерах Лукашэнка пакатаўся ў Вэнэсуэле. Ёсьць зьвесткі, што падчас візытаў на Кубу кіраўніку Беларусі і ягонаму малому сыну Мікалаю гаспадары таксама рыхтавалі зьмястоўную культурную праграму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG