Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховіча правакуюць перад амністыяй?


Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч
Асуджаны ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч можа не атрымаць належнага яму спатканьня з дачкой і жонкай, якое плянавалася ў канцы ліпеня, — піша БелаПАН. Пра гэта, як апавёў праваабаронца Алег Воўчак, палітзьняволены расказаў у лісьце Вользе Мікалайчык — рэжысэрцы фільму «Вандроўка па бясконцай вайне», прысьвечанага Аўтуховічу.

«Я разьлічваў, што з Польшчы прыедзе мая дачка, і разам з жонкай яны прыедуць да мяне на спатканьне ў канцы ліпеня. Аднак не заўсёды атрымліваецца, як плянуеш. Я яшчэ дакладна ня ведаю, але мне ўжо сказалі, што спатканьня з жонкай у ліпені ня будзе — толькі праз паўгода пасьля апошняга спатканьня. А да гэтага казалі, што няма ніякіх перашкодаў...», — напісаў Аўтуховіч у лісьце.

Як адзначыў Воўчак, падчас апошняга спатканьня з маці ў яе адмовіліся прыняць прадуктовую перадачу для Мікалая Аўтуховіча:
Дурні, калі думаюць так на мяне націснуць. Я ніколі не адракуся ад сваіх жыцьцёвых поглядаў і прынцыпаў.

«Я лічу, што хтосьці наверсе стварае выпрабаваньні, хоча да чагосьці падштурхнуць. Дурні, калі думаюць так на мяне націснуць. Я ніколі не адракуся ад сваіх жыцьцёвых поглядаў і прынцыпаў», — напісаў Аўтуховіч.

Мікалай Аўтуховіч — ветэран баявых дзеяньняў у Аўганістане, які мае ўрадавыя ўзнагароды. У яго праблемы са здароўем, таму ён павінен трапіць пад амністыю.

Воўчак: «Можа быць, таму вакол яго ствараюць нэрвовасьць, каб справакаваць на нейкія дзеяньні».

У траўні 2010 году Аўтуховіч быў асуджаны да пяці гадоў і двух месяцаў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі строгага рэжыму за перавозку і захоўваньне пяці патронаў да паляўнічай стрэльбы. 17 студзеня ў івацэвіцкай калёніі № 5 адбыўся суд над прадпрымальнікам у сувязі з парушэньнем ім рэжыму ўтрыманьня. Цяпер Аўтуховіч знаходзіцца ў турме № 1 Горадні ў камэры на два чалавекі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG