Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горкі: Дажынкам замінае архітэктурная спадчына


Будынак спраектаваны італьянскім дойлідам Кампіёні
Будынак спраектаваны італьянскім дойлідам Кампіёні

У райцэнтры Магілеўскай вобласьці Горкі, дзе сёлета пройдуць Дажынкі зьбіраюцца зьнесьці стары будынак, які паводле беларускіх дасьледнікаў архітэктуры, спраектаваў італьянскі дойлід Кампіёні. Будынак ня мае статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці, ён аварыйны, рамонт ня мэтазгодны — так лічаць у райвыканкаме.

Будынак на рагу цяперашніх вуліц Ціміразева й Мічурына, узьвялі ў сярэдзіне 19-га стагодзьдзя як склепавы флігель. Першы паверх — мураваны. Другі драўляны. Такім дом захаваўся і да нашых дзён. У райвыканкаме на пытаньне чым выклікана неабходнасьць зносу будынка заявілі:

«Дом на вуліцы Ціміразева не ўваходзіць у сьпіс аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, аднак, мы кіруемся ня толькі гэтым меркаваньнем у пытаньні зносу, але й станам канструкцыяў будынка. Людзі атрымліваюць ужо кватэры. Там захоўваюцца побач дамы, якія ўваходзяць у комплекс Беларускай сельгасакадэміі».

Вільготнага паветра не вытрымлівае тынкоўка
Вільготнага паветра не вытрымлівае тынкоўка


Калі звонку будынак выглядае дзябёлым, то ў сярэдзіне заняпад. Тынкоўка асыпаецца, паветра вільготнае. Пах цьвілі. Тым ня менш жыхары дому ня згодныя з пастановай аб яго зносе. Да 5 ліпеня людзям загадана пакінуць кватэры.

Найстарэйшы жыхар Яўгені Раманавіч нарадзіўся ў гэтым доме у 1933 годзе. Зьяжджаць з абжытай кватэры ня хоча. Стары распавядае, стоячы на на прыступках з выгравіраванай на іх датай 1894 год.

«Толькі падчас вайны нас тут не было. Прыехалі пасьля вайны нават мэбля захавалася. Цяпер дом аварыйны і такая сьпешка з высяленьнем — незразумела. Мала таго, што дом зносяць, але й хлеўчукі зносяць. А там жа і рэчы й паграбы. Я дужа й дужа не задаволены».

Пазнака зь мінуўшчыны
Пазнака зь мінуўшчыны


Да гутаркі далучаецца маладая жыхарка дому. Некалькі год таму яна з мужам набывала тут кватэру:

«Два гады таму ўжо нам гаварылі, што ён аварыйны. Што больш за дзьвесьце гадоў яму. Падмурка амаль няма ў ім — асеў цалкам. Вэнтыляцыі ў кватэрах няма. Паветра дужа цяжкое. Калі дому рамонт зрабіць, добры рамонт, то магчыма й можна было жыць».

Пакуль сям’я суразмоўніцы выяжджаць не зьбіраецца. Чаму?

«У нас двухпакаёвая кватэра. А нам даюць аднапакаёвую. Вось цяпер у нас адно дзіця. Мы маладая сям’я. У лістападзе будзе другое. І мы ня ведаем як нам жыць. Агульны мэтраж кватэраў супадае, але ж тут у двух пакоях можна неяк жыць з двума дзецьмі, а там, дзе сямнаццаць квадратаў, мы ў чацьвярых не памесьцімся. Нам абяцалі на сходзе двухпакаёвую, а калі прыйшлі за ключамі сказалі, што нам аднапакаёвая».

З дому ўжо выяжджаюць людзі. Адна зь сямей наладоўвае легкавік хатулямі з рэчамі і невялікай мэбляй. На пытаньне, ці не шкада зьяжджаць, гаспадар адказаў:

«Я б з адсюль век не пайшоў. Тут у мяне ўсё побач. І потым тут у мяне два пакоі, а там адзін атрымліваецца».

Карэспандэнт: «Але ж аварыйны дом. Сыпецца ўвесь».

«Хто сыпецца. Ты ж паспрабуй яго яшчэ паламаць. Паглядзі, якія ў яго сьцены. На падаконьніку спаць можна. Ледзьве ня мэтар будзе шырыня. Паспрабуй яго разламі».

Да гутаркі далучаецца яшчэ адзін жыхар дому:

«Гэты дом дужа стары. Гэта музэйная рэдкасьць. Ахоўвалі яго, ахоўвалі, а цяпер ён стаў не патрэбны. Што тут пасьля будзе. Дрэвы сьпілуем. Узаром. Пасеюць траву. Лавачкі паставяць. І на лавачках адпачынак для студэнтаў».

Некалькі жылых дамоў на вуліцы Ціміразева і Мічурына маюць ахоўныя шыльды. Выгляд іх таксама далёкі ад дагледжанага.



З гэтым пагаджаецца горацкі гісторык Аляксандар Каданчык.

«Шмат дзесяцігодзьдзяў да гэтага падыходзілі так: „Ну ёсьць і ёсьць“. А тое, што яны паціху разбураліся ні ў каго не выклікала асаблівага клопату. А цяпер гэта ўсё робіцца ўсё робіцца зьнянацку і не спыняючыся перад любымі ахвярамі. Гэта безумоўна ў людзей выклікае трывогу й занепакоенасьць. Вось тры пабудовы па левым баку вуліцы Ціміразева ствараюць маленькі арэал правінцыйнага гарадка. У гэтым жа і ёсьць свая разынка».

Адзіны навабуд на вуліцы Ціміразева — праваслаўная царква. Яна акурат насупраць дома, якому пагражае знос. Непадалёк ад яго яшчэ адзін будынак, якому чыноўнікі наканавалі незайздросны лёс. Дом, у якім жыў клясік беларускай літаратуры Максім Гарэцкі — яшчэ стаіць. Амаль усе жыхар выехали.

Дом Гарэцкага – безь людзей асірацеў. Чакае зносу
Дом Гарэцкага – безь людзей асірацеў. Чакае зносу


За домам Гарэцкага дабудоўваюць для Дажынак на беразе возера вялізны амфітэатар. Дарога да яго пралягае побач з старымі дамамі, якія зьбіраюцца зносіць. Яны на шляху Дажынак.

Вуліцу Ціміразева рыхтуюць да Дажынак
Вуліцу Ціміразева рыхтуюць да Дажынак
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG