Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ААН зарэгістравалі скаргу ад імя Бяляцкага


Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў скаргу, пададзеную ад імя Алеся Бяляцкага, віцэ-прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека і лідэра не зарэгістраванага ў Беларусі праваабарончага цэнтру «Вясна».

Скарга пададзеная жонкай Бяляцкага Натальляй Пінчук і гендырэктарам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Антуанам Бэрнарам, паведамляе прэсавая служба Міжнароднай Фэдэрацыі Правоў чалавека.

Бяляцкі зараз адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 2 Бабруйску па абвінавачаньні ва ўтойваньні даходаў у асабліва буйным памеры. Ён асуджаны на чатыры з паловай гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.

Аўтары скаргі лічаць, што крымінальным перасьледам праваабаронцы Рэспубліка Беларусь парушыла правы, гарантаваныя Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, які падпісала краіна. У ліку такіх парушэньняў у скарзе названыя:

— Абмежаваньне права на свабоду асацыяцыяў (у тым ліку адмовы ў рэгістрацыі цэнтру «Вясна» і прымяненьне крымінальнай адказнасьці па абвінавачаньні ў няплаце падаткаў са сродкаў, атрыманых і выдаткаваных для легітымных мэтаў дзейнасьці гэтага цэнтру);

— Парушэньні права на справядлівы судовы разбор (у прыватнасьці, права на разгляд справы незалежным судом, прэзумпцыі невінаватасьці);

— Парушэньне права на свабоду і асабістую недатыкальнасьць пры ўжываньні і прадаўжэньні меры стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту ў ходзе вытворчасьці папярэдняга расьсьледаваньня і разгляду крымінальнай справы па абвінавачваньні Бяляцкага ў судзе.

У скарзе адзначаецца, што разгляд Камітэтам па правах чалавека ААН справы Бяляцкага і прававая ацэнка заяўленых парушэньняў мае вялікае значэньне «для ўсёй праваабарончай супольнасьці Беларусі, бо вынік разгляду справы павінен уплываць на фармаваньне практыкі ў дачыненьні да сябраў беларускіх арганізацый, наўмысна выцесьненых з прававога поля і пастаўленых у тыя ж умовы, што і Бяляцкі і яго арганізацыя».

Афіцыйна прыняўшы да разгляду скаргу ад імя Бяляцкага, Камітэт па правах чалавека ААН, згодна зь дзеючай практыкай, 19 чэрвеня накіраваў яе беларускім уладам. Тыя, у сваю чаргу, павінны на працягу шасьці месяцаў адрэагаваць на скаргу — даць інфармацыю альбо свае пярэчаньні наконт адзначаных у ёй фактаў, піша праваабарончы сайт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG