Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Граніт»: зноў ціск на актывістаў незалежнага прафсаюзу


Сяргей Стахаевіч
Сяргей Стахаевіч

На прадпрыемстве «Граніт» у Мікашэвічах адміністрацыя выкарыстоўвае новыя мэтады ціску на сябраў незалежнага прафсаюзу.

Сяргея Стахаевіча —брата звольненага раней кіраўніка незалежнага прафсаюзу — спрабавалі зьвінаваціць у тым, што ён нецьвярозы, што магло стаць падставай для звальненьня.

Калі Сяргей Стахаевіч, які працуе памочнікам экскаватаршчыка, прыйшоў на працу, яго да выкананьня абавязкаў не дапусьцілі. Сказалі, што ён падобны да нецьвярозага, і прымусілі ехаць на мэдычны агляд. Аднак заключэньне лекараў пацьвердзіла, што Сяргей Стахаевіч абсалютна цьвярозы і не ўжываў ніякіх алькагольных, наркатычных ці таксычных рэчываў.

Аднак нават пасьля гэтага, кажа Сяргей Стахаевіч, праблема не была зьнятая. Начальнік усё роўна адмаўляўся дапускаць яго да працы:

«Табе, кажа, прыйдзецца даць тлумачэньне, чаму ты ў наркатычным і алькагольным ап’яненьні. Мне, кажа, усё роўна сказалі ўзяць зь цябе тлумачальную. Там ужо быў гатовы акт. Складзены майстрам, у складзе камісіі — начальнік цэху, майстар па рамонце і наш брыгадзір. Я чытаю той акт. Было напісана, што я быццам бы знаходжуся ў алькагольным, наркатычным, таксычным ап’яненьні».

Аднак у выніку, кажа Сяргей Стахаевіч, брыгадзір адмовіўся падпісваць той акт, а за ім і майстар. Спадару Стахаевічу дазволілі вярнуцца да працы.

Актывіст незалежнага прафсаюзу кажа, што лічыць гэтае здарэньне сплянаванай правакацыяй:

«Я адразу зразумеў, што ў іх ужо ўсё было гатова, яны былі перакананыя, што мяне звольняць».

Сакратар незалежнага прафсаюзу на «Граніце», юрыст паводле адукацыі Анатоль Літвінка кажа, што такім чынам на прадпрыемстве вынаходзяць новыя формы ціску супраць актывістаў незалежнага прафсаюзу:

«Гэта ўжо новыя спосабы выкарыстоўваць сталі. Дакладней, яны ўжо спрабавалі на адным з нашых сябраў, які звольніўся ўжо. Малінін быў такі. Яго таксама, напэўна, разы тры ці чатыры вазілі на мэдагляд. Ніводнага разу не пацьвердзіла экспэртыза, што быў ён у нецьвярозым стане. Ён сам звольніўся і ў Расею паехаў працаваць. Замучылі яго гэтымі праверкамі пастаяннымі».

Анатоль Літвінка кажа, што ўвесь гэты ціск і правакацыі скіраваныя на зьнішчэньне суполкі незалежнага прафсаюзу на «Граніце». А сытуацыю зь Сяргеем Стахаевічам ён камэнтуе так:

«Ведаючы ўсю гэтую практыку, якая ў нас зараз з судамі — калі б сьведкі, якіх сабрала адміністрацыя, падпісаліся, ён бы ўжо сёньня гуляў...»

Напрыканцы 2011 году некалькі соцень працаўнікоў прадпрыемства па здабычы будаўнічага каменю «Граніт» у Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць) напісалі заявы, што выходзяць з афіцыйнага прафсаюзу. Рабочыя абвясьцілі, што ствараюць на прадпрыемстве суполкі Беларускага незалежнага прафсаюзу. Адразу ж сябры незалежнага прафсаюзу адчулі ціск з боку адміністрацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG