Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ідзеш на выбары? Сустракай пазаплянавую праверку падатковай


Выдавецка-рэклямнай фірме «Прэфект-інфо», заснавальнікам якой зьяўляецца апазыцыянэр з Глыбокага Яраслаў Берніковіч, наладзілі пазаплянавую праверку. Усё здарылася непасрэдна пасьля таго, як спадар Берніковіч вырашыў браць удзел у парлямэнцкіх выбарах.

Берніковіч кажа, што загад падаткавікам аддалі зь Менску: «Гэта пацьвердзілі самі работнікі падатковай інспэкцыі ў прыватных размовах — маўляў, ёсьць загад зьверху, прычым ініцыятыва сыходзіць зь Менскага КДБ. Супрацоўнікі „дзяржбясьпекі“ прыязжалі ў Глыбокае, праводзілі тут тлумачальныя гутаркі. У выніку мы маем пазаплянавую праверку нашай фінансавай дзейнасьці, хаця плянавая праверка мусіла быць яшчэ толькі ў верасьні».

У дадатак да праблем з падатковай інспэкцыяй ад супрацоўніцтва пачалі адмаўляцца сталыя рэклямадаўцы, працягвае спадар Берніковіч.

Ягоная фірма выпускае рэгіянальную рэклямную газэту «Прэфект-інфо», якая друкуе прыватныя аб’явы і рэклямныя абвесткі. Ад колькасці кліентаў і рэклямадаўцаў наўпрост залежыць фінансавы стан выданьня.

Ціск на фірму, якая без аніякіх праблем з падатковай інспэкцыяй праіснавала ўжо амаль тры гады, Яраслаў Берніковіч наўпрост зьвязвае са сваім намерам балятавацца ў дэпутаты парлямэнту — у гэтым памкненьні яго падтрымліваюць адразу некалькі апазыцыйных структураў: Партыя БНФ, рух «За Свабоду» і кампанія «Гавары праўду».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG