Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З 12 парушэньняў палітвязьня Дзядка 10 — за незашпіленыя гузікі


У Мікалая Дзядка за год зьняволеньня — 12 парушэньняў. Арцёму Пракапенку начальнік калёніі зноў прапаноўваў напісаць прашэньне аб памілаваньні. Аляксандар Францкевіч на амністыю не спадзяецца. Ад Ігара Аліневіча няма ні лістоў, ні тэлефанаваньняў.

Ад Ігара Аліневіча, які адбывае 8-гадовае пакараньне ў Наваполацкай калёніі, больш за месяц няма лістоў. Яму ні разу не дазволілі патэлефанаваць родным. Бацька Ігара напісаў ліст на імя начальніка калёніі, што ў адпаведнасьці з крымінальна-выканаўчым кодэксам тэлефанаваньні павінны дазваляцца. Распавядае маці Ігара спадарыня Валянціна:

«Замест Ігара нам начальнік калёніі даслаў адпіску, што «тэлефонныя размовы дазваляюцца згодна з правіламі ўнутранага распарадку папраўчай установы». Атрымліваецца, што правілы ўнутранага распарадку важнейшыя за крымінальна-выканаўчы кодэкс. І далей: «З Аліневічам Ігарам праведзена гутарка пра неабходнасьць падтрымкі сваяцкіх сувязяў».

Мікалай Дзядок месяц таму трапіў на паўгода ў адзіночку — памяшканьне камэрнага тыпу. Сваякі Мікалая атрымалі адказы на свае скаргі. Распавядае жонка палітвязьня Валерыя Хоціна:

«Першая тычылася яго пераводу ў Шклоўскую калёнію. Мы запытвалі, на якіх
за адзін год — Мікола Дзядок зьдзейсьніў 12 парушэньняў. 10 зь іх зьвязаныя з адзеньнем ...

падставах яго перавялі. Напісалі, што ён дрэнна ўплываў на іншых зьняволеных, і яго вымушаныя былі перавесьці ў іншую калёнію. А ў другой скарзе мы прасілі, каб нам патлумачылі агульную колькасьць парушэньняў Міколы і за што. Літаральна ўчора прыйшоў адказ, што за ўвесь час зьняволеньня — за адзін год — ён зьдзейсьніў 12 парушэньняў. 10 зь іх зьвязаныя з адзеньнем: няправільная форма адзеньня, гузік не зашпілены, біркі няма і гэтак далей. А астатнія два — яго чамусьці прымушалі прыбіраць камэру ШЫЗА, ён адмаўляўся, і пасьля адмовы яго ў гэтае ж ШЫЗА і зьмяшчалі».

Маці Арцёма Пракапенкі спадарыня Віялета кажа, што пасьля спатканьня, якое было на пачатку чэрвеня, лістоў ад сына няма. У суботу ён тэлефанаваў дадому:

«Казаў, што пасьля ранейшых двух парушэньняў за тыдзень ён атрымаў яшчэ два. Не распавядаў, за што, але настрой у яго ня вельмі добры. Казаў, што выклікалі да начальніка калёніі, прапаноўвалі пісаць прашэньне аб памілаваньні. Але ён адмовіўся. Казаў таксама, што прэсінг на яго ўвесь час аказваецца. Я, шчыра кажучы, хвалююся, каб яго таксама ў ШЫЗА ня кінулі. Заўтра чакаю тэлефанаваньня, а лістоў няма».

Спадарыня Тацяна, маці Аляксандра Францкевіча, які адбывае пакараньне ў Івацэвіцкай калёніі, вельмі хвалявалася, пачуўшы пра бунт у «Воўчых норах»:

«Я ніколі ня думала, што такое можа здарыцца ў гэтай калёніі, бо яна ж узорная. Апошні ягоны ліст датаваны 18 чэрвеня, і ён пра гэта нічога не пісаў. Зыходзячы зь ліста, я зразумела, што зь ім і з Эдуардам Лобавым усё нармальна.

Раней ён на амністыю спадзяваўся. Цяпер ужо не спадзяецца. Ужо зразумеў, што амністыя іх не закране. Але трымаецца. Мяне стараецца падтрымліваць словамі».



Ігар Аліневіч, Мікалай Дзядок і Аляксандар Францкевіч праходзілі па так званай справе анархістаў. Атрымалі адпаведна 8, 4,5 і 3 гады зьняволеньня. Арцём Пракапенка асуджаны разам зь Яўгенам Васьковічам і Паўлам Сырамалотавым на 7 гадоў зьняволеньня кожны за спробу падпалу дзьвярэй бабруйскага аддзелу КДБ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG