У прыватнасьці, у сакавіку сёлета у Чэхіі выпусьцілі адмысловы мэдаль у гонар Вацлава Гавэла. А неўзабаве міжнародны аэрапорт Рузыне ў Празе атрымае ягонае імя.
Але адзін з самых арыгінальныў спосабаў ушанаваць памяць апошняга прэзыдэнта Чэхаславаччыны і першага прэзыдэнта посткамуністычнай Чэхіі прыдумалі шатляндцы.
Нядаўна шатляндзкая кампанія пад назвай «Liberation Kilt Company», якая вырабляе гэтак званую шатляндку, то бок, традыцыйную клятчастую тканіну (tartan), зь якой у Шатляндыі шыюць кільты — адмысловыя спаднічкі для мужчынаў — зарэгістравала узор гэтай тканіны пад назвай Havel tartan.
Клятчасты ўзор, які быў зарэгістраваны ў адмысловым шатляндзкім ведамстве пад нумарам 10625, выкананы ў белым, чырвоным і чорным колерах і сымбалізуе краты, за якія чэхаславацкі камуністычны рэжым шматразова саджаў былога дысыдэнта Гавэла.