Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ініцыятыву Вуса ўлада можа спыніць толькі сілавым, а не бюракратычным спосабам»


Паўлюк Быкоўскі
Паўлюк Быкоўскі

На сяброў ініцыятыўнай групы па зьмене выбарчага заканадаўства чыніцца ціск з боку супрацоўнікаў КДБ і ідэалягічных работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый.

Пра гэта заявіў ініцыятар унясеньня паправак у выбарчае заканадаўства, кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году Дзьмітрый Вус. Чаму ўлады пачалі процідзейнічаць гэтай ініцыятыве сілавымі мэтадамі? Чаму большасьць апазыцыйных партыяў не падтрымала дзейнасьць Дзьмітрыя Вуса?

На гэтыя пытаньні адказвае палітычны аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Паўлюк Быкоўскі.

Цыганкоў: «Чаму ўлада настолькі сур’ёзна, як выглядае, паставілася да ініцыятывы Вуса? Здаецца, можна было яе проста праігнараваць, не прыбягаючы да сілавых мэтадаў?»

Быкоўскі: «Можна казаць, што па фармальных працэдурных пытаньнях на ініцыятыву Вуса ўлада рэагаваць абавязаная. Зараз працэдурна пытаньне зацягнулася з разглядам законапраекту, бо Міністэрства юстыцыі мусіла напісаць свой адказ і даць яго ЦВК, каб той мог даць рух гэтаму пытаньню. Акурат сёньня міністар юстыцыі заявіў, што рэцэнзія будзе гатовая цягам тыдня. Фактычна разгляд гэтай ініцыятывы выходзіць на фінішную прамую.

Адзінае, што можа прывесьці да адмены разгляду гэтай ініцыятывы, — гэта калі сябры ініцыятыўнай групы заявяць, што іх туды ўключылі сілай, ці яны ня ведалі, і гэтак далей. То бок разбурыць ініцыятыву не бюракратычным шляхам, а шляхам разбурэньня ініцыятыўнай групы — гэта цалкам лягічнае для ўлады сілавое разьвязаньне праблемы.

Тым болей што гэтая ініцыятыва ўжо не пасьпявае да гэтых парлямэнцкіх выбараў, яна будзе як пятае кола на тым „сьвяце“, якім называюць выбары. Але сама ЦВК адмовіць у разглядзе гэтай ініцыятывы фармальна ніяк ня можа».

Цыганкоў: «Натуральна, што калі б у групу Вуса ўваходзілі палітычна загартаваныя сябры палітычных партыяў, на іх ня так проста было б націснуць. І гэта ставіць пытаньне — чаму большасьць апазыцыйных партыяў паставіліся даволі халодна да ініцыятывы Вуса — прынамсі, актывісты гэтых партыяў у ягоную групу не ўвайшлі? Можа, яны палічылі, што гэта беспэрспэктыўна, ці гэта проста такое стаўленьне да новага чалавека?»

Быкоўскі: «Магчыма, мае рацыю ваша вэрсія, што тут ёсьць пэўнае насьцярожанае стаўленьне да новага чалавека ў палітыцы — але я ня ведаю дакладна.

Мне падаецца, тут спрацавала тое, што Вус гэта зрабіў самай галоўнай сваёй ідэяй, шмат дзеля яе ахвяраваў. Але для апазыцыйных партыяў зараз былі іншыя пытаньні, якія выглядалі больш актуальнымі. І не даходзілі рукі пацікавіцца, ці трэба яму падтрымка.

Да таго ж, сапраўды, мала хто спадзяваўся на посьпех гэтай ініцыятывы».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG